У Польшчы прайшоў другі тур выбараў прэзыдэнта, у якім, паводле зьвестак экзыт-полаў, зь невялікім адрывам перамог сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі.
Паводле розных сацапытаньняў, Браніслаў Камароўскі набірае ад 51 да 53 працэнтаў галасоў, кіраўнік апазыцыйнай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качынскі — 46-48 працэнтаў галасоў.
Пасьля абвяшчэньня вынікаў экзыт-полаў Бранілаў Камароўскі падзякаваў сваім прыхільнікам, свайму асноўнаму суперніку Я. Качынскаму і заявіў, што на гэтых выбарах перамагла польская дэмакратыя, якая здолела сьцьвердзіць сябе ў складаных умовах пасьля смаленскай трагедыі, у якой загінуў папярэдні прэзыдэнт Лех Качынскі, і ў драматычных варунках вялікай паводкі ў краіне. Адначасна ён заклікаў сваіх прыхільнікаў пакуль што не адкаркоўваць шампанскага і дачакацца афіцыйных вынікаў выбараў, бо зьвесткі сацапытаньняў "блізкія да нічыёй". “Найважнейшай ёсьць Польшча”, – заявіў Камароўскі.
Тым ня меней ягоны супернік Яраслаў Качынскі ў першых словах свайго выступу павіншаваў Камароўскага зь перамогай і заклікаў сваіх паплечнікаў, якіх аказалася нямала, рыхтавацца да хуткіх мясцовых і парлямэнцкіх выбараў.
Яўка на выбарах склала крыху больш за 50 працэнтаў.