Людзі, якія трыццаць гадоў таму прыходзілі ў Беларускую Майстроўню, былі настолькі розныя паводле характараў і мадэляў паводзінаў, што міжволі ўтваралі сабою праекцыю грамадзтва. Нечым гэта нагадвала папулярную тады ўтопію пра перасяленьне ўсіх сьвядомых беларусаў на няжытлую выспу. Вось сабраліся беларускамоўныя і пакінулі неспрыяльнае для іх атачэньне -- “а нам і саміх сябе дастаткова”...
Хтосьці браў на сябе адказнасьць важака, хтосьці станавіўся ўлюбёнцам публікі, а хтосьці вёў рэй у кулюарах. Словам, на ўсе ключавыя ролі ў самаарганізацыі гэтай грамады знаходзіліся адпаведныя пэрсанажы. Цалкам магчыма, што гэтая аўтаномія змагла б пасьпяхова існаваць і на той самай няжытлай высьпе. Настолькі хутка ў чалавечым пляне яна стала самадастатковай.
Віялета Кавалёва, тады яе прозьвішча было Ефіменка, зрабілася ня толькі адным з твараў гэтай грамады, але й тым, хто добра вычуваў, што трэба для самадастатковасьці. Віялета пераняла ў Ларысы Сімаковіч кіраваньне майстроўскімі сьпеўкамі. Віялета дамаўлялася пра выступы Майстроўні ў розных установах. Віялета прадстаўляла Майстроўню за межамі гэтага руху. Віялета найболей пісала пра Майстроўню і майстроўцаў у прэсе... Словам, была тым, хто забясьпечваў жыцьцядзейнасьць гэтай аўтаноміі, беручы на сябе кожную работу. Прычым рабіла гэта так, быццам кагосьці падмяняе – часова, на выпадак, на раз ці два. Да прыкладу, так было зь пераходам ролі хармайстра да Віялеты ад Ларысы.
КІРАЎНІЦА СЬПЕВАЎ
Віялета: “Ды гэта быў не пераход. Папросту Ларыса вельмі творчы чалавек, у яе мора ўсялякіх праектаў і натуральна, што яна не магла займацца Майстроўняй так вось шчыльна і вельмі доўга. Гэта ж такая руцінная праца, кожны год прыходзяць новыя людзі і трэба вучыць тыя самыя калядкі. Потым тую самую Вясну, потым Купальле. І зноў, і зноў. Ну, і Ларыса папрасіла мяне раз, другі, што, а можаш вось ты... Ты спачатку развучы зь імі, а я потым прыйду і ўжо зраблю з гэтага. Я сказала, добра”.
Дубавец: Але ж кіраваць сьпевамі будзе ня кожны. Патрэбныя пэўныя здольнасьці і пэўны досьвед, чаго ў іншых майстроўцаў не было.
Віялета: “Дарэчы, я потым ужо ўзгадала, што, аказваецца, я першым сваім вакальным калектывам кіравала, яшчэ калі вучылася ў сёмым клясе школы. Як ні дзіўна, я пра гэта забылася, а потым узгадала літаральна нядаўна.
Я вучылася ў музычнай школе і пэўны час дзесьці ў сярэдніх клясах быў нават такі час, што бацька з папругай стаяў, калі я займалася, бо не хацела страшэнна. Ну, але потым неяк уцягнулася і, натуральна, што не шкадую. Я слаба вельмі йграю, але ад бацькоў у мяне добры слых, і я больш люблю не іграць, а падбіраць песьні. І вось у сёмым клясе нам трэба было выступіць на конкурсе нейкай мастацкай самадзейнасьці. І я ня памятаю, ці гэта я прапанавала, ці настаўніца сказала: зьбяры дзяўчынак, няхай яны штосьці сьпяваюць, а ты будзеш іграць. Так мы і зрабілі. Дзяўчынкі сьпявалі. Адзін год “Арлекіна” Пугачовай, а другі год “Бураціна”, песьню зь фільма. Такі ў нас быў вакальны ансамбаль, так мы два гады запар нейкія там месцы нават займалі.
Потым гэта ўсё забылася. Голасу ў мяне ніколі не было, дарэчы. Да Майстроўні. Голас быў вельмі ціхі. Калі ў школьным хоры кіраўнік правяраў, як хто ведае партыі, дык ён казаў заўсёды ўсім маўчаць, толькі тады ён мог пачуць, што я сьпяваю. І казаў: ну, затое чысьценька. І вось так ціхенька і чысьценька я сьпявала і ня ведала, як можна інакш. Як можна інакш, гэта паказала Ларыса. Я сама зьдзівілася, як, аказваецца, можа гучаць голас. Ларыса ўмела гэта рабіць.
Ведаеш, я ж ніколі сябе не ўспрымала як кіраўнік сьпеваў у Майстроўні. Я адчувала, што я проста дапамагаю. А потым сталася так, што дапамагаць ужо й не было каму. Ларыса так -- радзей-радзей-радзей... Ну, я не скажу, што яна назусім сышла з Майстроўні. Проста яна досыць далёка ўжо адышла ад такой руціннай працы. І я ўсё чакала, ну калі ж хто-небудзь прыйдзе яшчэ. Хто-небудзь з нармальнай адукацыяй, з нармальнымі ведамі. Ну, на жаль, ніхто не прыйшоў. Ну і засталася вось я”.
Дубавец: Засталася і тады, і пасьля, калі з майстроўцаў утвараліся новыя сьпеўныя суполкі, і яшчэ пасьля, калі пераехала жыць у Канаду і там сабрала свой гурт “Яваровы людзі”.
Віялета: “Пасьля Майстроўні ўжо выбіраць не было як. Усё жыцьцё было так ці інакш з гэтым зьвязанае. Тут ёсьць Згуртаваньне беларусаў Канады. Ну і ёсьць фальклёрны гурт, які называецца “Яваровы людзі”. І якім зноў жа на бязрыб’і даводзіцца мне кіраваць”.
Дубавец: “Бязрыб’е” – праблема, моцна адчувальная ня столькі нават у эміграцыі, колькі на Бацькаўшчыне.
Беларускай культуры фатальна бракуе мэнэджэраў.
Віялета: “Наконт таго, ці Майстроўня была цудам... Я супраць такіх словаў, як “цуд”. Наогул ня вельмі люблю высокія словы і залішні патас. Што гэта такое было? Ня ведаю, як тут клясыфікацыю зрабіць, пад што гэта падвесьці. Я думаю, што проста ў патрэбны час у патрэбным месцы аказаліся патрэбныя людзі, вакол якіх потым усё гэта і нарасло. Так бывае ў гісторыі, я думаю, што мы ня першыя і не апошнія.
Я памятаю, мы былі на раскопах у Міры. І да кагосьці там прыехала сяброўка з Расеі. Відаць, археоляг таксама. І вось яна паслухала нашы песьні, паслухала, пра што мы гаворым увечары каля вогнішча і сказала:"
"Якія вы шчасьлівыя, у вас ёсьць за што змагацца!"
УЦЁКІ АД ГОЛАДУ
Дубавец: Гэта праўда, што ў 1964 годзе бацькі Віялеты ўцяклі ў Беларусь з галоднага Паволжа. Яшчэ адзін непрадказальны зьбег абставінаў, хоць у яго і ёсьць нібыта рацыянальнае тлумачэньне.
Віялета: “У мяне руская сям’я, бацька зрусіфікаваны ўкраінец. Але апроч украінскіх песень, якія дома часта сьпяваліся, больш нічога ўкраінскага не было. Маці нарадзілася ў Паўночным Казахстане, прыехала ў Беларусь, можна сказаць, чыста выпадкова, таму што тут жыла яе родная сястра, якая выйшла замуж з Ашхабада сюды ў Беларусь. А мая маці, калі пажаніліся з бацькам, яны пераехалі ў Асташкаў, гэта на Волзе. Там я нарадзілася і сюды прыехала ў Беларусь толькі таму, што там быў голад.
Іншай радзімы, апроч Беларусі, я ня ведаю.
Хаця потым, калі пачалася Майстроўня, яны мяне не падтрымлівалі абсалютна, і адносіны з бацькамі сапсаваліся, можна сказаць, назаўсёды. Яны былі з тых мінчан, каму беларуская мова непатрэбная, якія ня ведаюць, навошта гэта. Навошта я гэтым займаюся. Яны не стамляліся мне нагадваць, што ты ж руская, навошта табе гэтая калгасная мова. Што гэта ўсё на тры парадкі ніжэй, чым вялікая руская культура. З гэтым яны жылі, і з гэтым яны, на жаль, пайшлі. Калісьці спачатку я спрабавала іх пераконваць у чымсьці, потым папросту спынілася і...”
ПРЫХОД У МАЙСТРОЎНЮ
Дубавец: Сваё зацікаўленьне беларушчынай Віялета тлумачыць таксама цалкам рацыянальна.
Віялета: “Гэта ўсё пачалося з аднаго простага пытаньня. Яшчэ, напэўна, перад Майстроўняй. У мяне проста спыталіся: ну, вось такі статус зараз у Беларусі беларускай мовы, і такі – рускай... і ты лічыш, што гэта справядліва? Я ўпершыню задумалася і сказала: не, несправядліва. У гэтых катэгорыях я пра беларускую мову ня думала раней зусім. І гэта вырашыла ўсё. Ну, а потым, натуральна, людзі. Якія ў нас былі людзі ў Майстроўні! Гэта было адразу зразумела, што гэта лепшыя людзі нацыі. Зь першага разу, калі прыходзіш... Я памятаю, Вінцук падышоў, за руку павітаўся, хоць ён мяне першы раз бачыў. Арына. Я адразу разумела, хто яны. Што гэта яны кіраўнікі.
Я памятаю дзень, калі я прыйшла ў Майстроўню, 15 кастрычніка 1981 году, як бы гэта было ўчора. І калі я туды прыйшла, выбару больш не было, я зразумела, што я вось тут мушу быць, і ўсё. Усё астатняе неяк зьнікла само сабой, ня тое, што я разрывала сувязі з тымі людзьмі, з кім я была знаёмая да Майстроўні. Папросту гэта ўсё стала нецікава зусім”.
Дубавец: Сяброўскае кола Віялеты ўтварылася ў Майстроўні і ў наступныя гады не зьмянялася. Іншыя згадваюць, што менавіта дзякуючы Віялеце далучыліся і да Майстроўні і да беларушчыны.
Віялета: “У мяне з Майстроўні засталіся дзьве найбліжэйшыя сяброўкі – Ларыса Малашэня і Югася Волкава. Як бы на ўсё жыцьцё. Ларыса хросная маці Камілкі, Югася хросная Дамінікі. Я хросная Югасьчыных дзяцей. Але калі зь Югасяй я сустрэлася ўжо ў Майстроўні, дык з Ларыскай мы былі знаёмыя зь першага курсу журфаку, зь першай бульбы. І так неяк няўхільна збліжаліся паціху. І я трапіла ў Майстроўню першая. І вось гэты момант я забылася, Ларыска яго памятае. Яна кажа, што я ёй не адразу расказала, што я ёй расказвала неяк дазавана, спакваля, і я нават сама цяпер думаю, чаму?
Безумоўна, таму, што неяк адразу адчувалася,
Майстроўня – гэта рэч абсалютна антысавецкая.
Вечарына паэзіі М.Багдановіча на журфаку, 1982 год. Сяргей Трусевіч, Віялета, Ларыса Малашэня, Тацяна Сапач, Ігар Гермянчук, аўтар.
У пэўным сэнсе для мяне Майстроўня ніколі й не сканчалася, таму што ўсе сябры былі з Майстроўні, і мы працягвалі зьбірацца толькі ўжо не на Майстроўскія сьвяты”.
ЯК ПЕРАСТАЛА ІСНАВАЦЬ МАЙСТРОЎНЯ
Дубавец: Майстроўня не сканчалася ў сябрах. Але як грамада, як рух, як нефармальная арганізацыя, яна скончыла сваё існаваньне ў 1984 годзе. Віялета згадвае дэталі гэтага завяршальнага часу не без шкадаваньня. Бо для яе і для многіх завяршалася частка ўласнага жыцьця. І не было ніякай магчымасьці паўплываць на гэты працэс.
Віялета: “Адной з апошніх акцыяў быў пікет, калі зносілі будынак першага беларускага тэатру. Пасьля гэтага нам забаранілі рабіць Купальле ў Палацы прафсаюзаў. І ўсё. Мне здаецца, увосень пасьля гэтага ўжо ніхто не вярнуўся. Я памятаю, што не было ніякага такога заключнага сходу, на якім усе прыйшлі б і сказалі – усё, мы распускаем Майстроўню. Як бы само сабой. Яна існавала столькі, колькі ёй трэба было існаваць і потым перайшла ў іншыя формы.
Я ўчора пераглядала тут здымкі і знайшла такую цудоўную рэч. Называецца “Почетная грамота”. “Мінскі гарадзкі аддзел народнай асьветы ўзнагароджвае калектыў рэспубліканскага Палаца прафсаюзаў Беларуская Майстроўня за прапаганду беларускага народнага мастацтва сярод школьнікаў горада Мінска. Загадчык аддзела Чобатава, 10 студзеня 1984 года”.
Потым у мяне яшчэ ёсьць Статут наш. Калі мы былі ў Палацы культуры Белсаўпрофа, ад нас патрабавалі, каб мы ўсе мелі статут. Але на статуце, тут год стаіць 1984, ужо напісана “Клуб аматараў фальклёру”. Я думаю, што гэта быў час, калі нам ужо забаранілі ўжываць слова Майстроўня афіцыйна ў Палацы прафсаюзаў.
Пасьля таго, як Майстроўня скончылася, на жаль, гэта быў такі крыху роспачны час для мяне, адразу пачало ўзьнікаць шмат розных іншых груповак, арганізацыяў. Людзі пачалі ўжо далей разыходзіцца па інтарэсах. Гэта было непазьбежна, бо надта ж розныя людзі былі ў Майстроўні, і калі колькасьць пераваліла сотню, то тады відавочна: што каму было больш цікава, так усе й падзяліліся. Я нейкі час спрабавала патусавацца каля маладых літаратараў, нават, памятаю, езьдзіла на нейкую сустрэчу ў Іслач, то каля Таварыства беларускай мовы. Я нават была дэлегатам першага ўстаноўчага зьезду БНФ у Вільні. Але хутка неяк зразумела, што не хачу я займацца палітыкай. Так што на гэтым усё і скончылася. А сьпяваць я хацела заўсёды”.
Дубавец: Такая магчымасьць амаль на дзесяць гадоў адкрылася Віялеце ў сьпеўным гурце “Дзяньніца”, які, дарэчы, таксама ўтварыўся ў выніку распаду Майстроўні на мноства розных грамадаў. Напэўна ж Майстроўня перадвызначыла і перамены ў асабістым жыцьці Віялеты.
Віялета: “Мы ж і з мужам размаўлялі адразу па-беларуску, яшчэ як не ажаніліся, а толькі пазнаёміліся. Хоць ён ніколі ня быў у Майстроўні, а ў гэты час сядзеў па бібліятэках і рыхтаваў дысэртацыю. Ён інжынэр-мэталург па спэцыяльнасьці. Але пазнаёмілі нас сябры. Рытка Міклашэвіч расказвала пра гэта. Але я яшчэ не была замужам і была такая праблема – не было за каго выходзіць замуж, таму што ўсіх беларусаў ужо разабралі. Усе, хто быў у Майстроўні, ужо перажаніліся, наколькі маглі. На ўсіх не хапіла ж параў. А так, калі сустракаешся з кімсьці новым і, ведаеш, калі пачынаюць задаваць пытаньне адразу: дзевушка, а пачэму вы разгаварываеце па-беларуску, ну ўсё... Прайшоў той час, калі штосьці хацелася тлумачыць. Альбо ты разумееш, альбо ты не разумееш. І на гэтым усе знаёмствы сканчаліся адразу. А тут чалавек, які размаўляў па-беларуску зь сям’і. У Славы бацька быў у Народным фронце. Ён скончыў беларускі філфак, быў знаёмы шмат з кім зь беларускіх пісьменьнікаў. То бок, для Славы не было ніякіх праблемаў.
А дзеці... калі мы жылі ў Менску, мы жылі з маёй мамай, і мама, натуральна, гаварыла па-руску, яны тады дзьве мовы ведалі і ня блыталі. Ну, а зараз яны таксама ведаюць дзьве, але іншыя. Ангельскую яны ведаюць нашмат лепш, чым беларускую. Але тое, што мы ў сям’і гаворым па-беларуску, гэта настолькі натуральна, што калі я тут зь якімі-небудзь рускамоўнымі знаёмымі размаўляю па тэлефоне, а потым, не пасьпеўшы пераключыцца, да іх зьвяртаюся, яны адразу крычаць: мама, не размаўляй з намі па-расейску! Для іх гэта настолькі чужая мова зараз. Я думаю, што маім бацькам гэта б не спадабалася”.
“КЛЕМЕНС”
Віялета: “Моманты, якія часьцей за ўсё згадваюцца... Мне досыць часта ўзгадваецца спэктакаль “Клеменс”, калі прыяжджаў Віцебскі тэатар. І там была вось гэтая песьня “І гэты час, і гэты лад неназаўсёды”. А такіх песьняў было яшчэ мала тады, мала было чаго сьпяваць, апроч фальклёру. І калі мы гэтую песьню пачулі, дык проста абалдзелі. Бо гэта была літаральна песьня для Майстроўні. І я яе запомніла і потым на наступнай жа рэпэтыцыі села, паказала, сыграла. Усім яна спадабалася, і мы яе тут жа вывучылі, тут жа вырашылі, што ўсе мусім пайсьці на гэты спэктакаль. І мы ўсе прыйшлі з кветкамі, і калі спэктакаль скончыўся, з двух бакоў на сцэну пацёк ручаёк з кветкамі. А потым доўга не хацелі разыходзіцца і стаялі ў сквэрыку каля Дома афіцэраў і сьпявалі гэтую песьню. І міма ішоў Мазынскі. А я тады ня ведала, што гэта Мазынскі. Але я ўбачыла ягоныя вочы... І я магу ўявіць: толькі скончыўся спэктакаль, а тут стаіць грамада маладых людзей і сьпяваюць гэтую песьню, прычым так сьпяваюць, што сна, што яна дайшла па прызначэньні. Ён спыніўся і пытаецца: а хто вы? А мы вельмі любілі такія пытаньні і адразу казалі: а мы ніхто, мы беларускія студэнты. І ён глядзеў на нас... Гэтыя вочы забыць немагчыма. Гэта калі чалавек адчувае, што ён жыў недарма. Калі ён нешта зрабіў, і яно дало вось такі вынік. Ён кажа: а я Мазынскі, галоўны рэжысэр тэатру. А давайце я вас запрашу на наступны спэктакаль. Мы кажам: давайце. Ён дастае пропуск і кажа: на колькі чалавек выпісваць? Я падумала, і кажу: на пяцьдзесят. І ён выпісаў на пяцьдзесят чалавек.
Трэцяга ліпеня дзень нараджэньня Юлі Лысковай. Юлечка, я цябе віншую з днём нараджэньня, я цябе вельмі люблю, заўсёды памятаю, і ты якраз адна з тых людзей, каго мне тут моцна не хапае. Я спадзяюся, што ты мне напішаш і мы з табой будзем часьцей бачыцца, сустракацца хаця б на хвалях этэру.
Я, натуральна, не магла ўзяць з сабой усе кніжкі, якія былі. У мяне тут можа дваццатая частка тых, што былі. Я іх памятаю як сяброў. Але людзі на першым пляне. Усе сябры засталіся там. Мы сюды пераехалі, калі мне было амаль сорак. У такім узросьце ўжо, відаць, сябры не заводзяцца. Ёсьць вельмі добрыя знаёмыя тут, але сябры ўсе там”.