Паднімем куфлі, вып'ем і ўспамянем Байнэт!

- Бывай, Байнэт! R.I.P.
- А ці быў ён?


(Міні-дыялёг на форуме, прысьвечаным уступленьню ў сілу ўказу № 60)

Калі мець на ўвазе супольнасьць, якая б усьведамляла сваю суб'ектнасьць і ўласныя інтарэсы, адчувала неабходнасьць пэўных правоў і свабодаў, а галоўнае - гатовая была іх адстойваць, карацей, была б грамадзянскай супольнасьцю, у гэтым сэнсе Байнэту яшчэ не існуе. Кажучы больш аптымістычна, ён толькі нараджаецца. Марудна і нясьмела.

Такім чынам, указ № 60 ёсьць ня столькі рэактыўнай, колькі прэвэнтыўнай мерай. Сярэднестатыстычны беларускі карыстальнік інтэрнэту ня ў стане ацаніць яе шкоднасьць напоўніцу, бо не выкарыстоўвае тыя магчымасьці сеціва, на абмежаваньне якіх скіраваны ўказ. Здаецца відавочным, што ён спатрэбіўся дзеля таго, каб ня даць інтэрнэт-прасторы стаць тым, чым яна магла б стаць падчас прэзыдэнцкіх выбараў і меркаваных пратэстных дзеяньняў, зьвязаных зь імі - мазгавым і каардынацыйным грамадзянскім цэнтрам.

У лютым я выказваў спадзевы на тое, што ўказ № 60, як ні парадаксальна, можа спрацаваць у якасьці «родадапаможнага» сродку: «Інтэрнаўты цяпер зразумеюць, што яны тут ня проста так - б'юць бібікі ды семкі на лаўцы грызуць - а пагроза рэжыму, магутная сацыяльная сіла. А значыць, павінны адпавядаць». Або, прынамсі, як напісаў удзельнік форумаў tut.by biofag: «Забаронены плод - салодкі, таму, усьведамляючы, што "Вялікі Брат сочыць за табой", мімаволі будзе ўзьнікаць жаданьне насаліць "упаўнаважаным дзяржорганам"».

Мажліва, усё гэта яшчэ наперадзе. Аднак сёньня рэакцыя блогасфэры на ўступленьне ў сілу ўказу № 60 не адпавядае сур'ёзнасьці падзеі. Гэта прыкра, хаця і зразумела - па-першае, сьпякота разьмякчае мазгі і надае думкам ленасьць, па-другое, таму, хто прыходзіць у сеціва як у месца адпачынку і забаваў, а гэта насамрэч бальшыня карыстальнікаў, указ нічым не пагражае.

«Каму няма чаго баяцца, той і ня будзе супраць», - піша lml10. Што трэба чытаць наступным чынам: няма чаго баяцца таму, хто не ўяўляе пагрозы для ўладаў, то бок ляяльным ці абыякавым да палітыкі карыстальнікам. У іншым выпадку - самі вінаватыя.

«І што будзе? Да вас прыйдуць людзі ў пагонах? Адвядуць у невядомым кірунку?! Тады тысячы людзей давядзецца адводзіць. Прабачце, але мне здаецца, што вы залішне запалоханыя», - выказвае сумневы ў неабходнасьці біць трывогу lml10.

«Адводзіць ня будуць, але гэта як апошняя зачэпка, каб трымаць на гапліку. Давайце заўтра забаронім пукаць і ўвядзём за гэта крымінальную адказнасьць - пукаць людзі не перастануць, але "прышыць" справу іншадумцам - будзе што папяросу скурыць», - адказвае ivanovich1987.

На тую ж тэму гутарылі ў журнале utro_vecher. Гаспадар блогу выказаўся ў тым сэнсе, што ўсё, верагодна, застанецца на сваіх месцах, правёўшы аналёгію з забаронай расьпіваньня піва на вуліцы: «З таго часу, як забаранілі піць піва на вуліцы, булдосаў на гэтай самай вуліцы не паменела».

Яму пярэчыць roman_off:

«Затое пабольшала магчымасьцяў пры патрэбе ўзяць булдосаў за дупу. Тое ж самае з указам № 60: строгі, але неабавязковы для штодзённага ўжываньня. Ужываецца ў выпадку патрэбы каго прыціснуць ці на каго наехаць».

Гаспадар блогу не разумее, навошта гэткія цырымоніі - нібыта дзяржава ня можа бязь іх «узяць за дупу» таго, хто ёй ня мілы.

roman_off: «Неабходнасьць у бачнасьці закону. Гэта як у цырку ўсе павінны верыць фокусьніку ў ягоныя фокусы, хаця ўсе добра ведаюць, што ён падманвае. Але ж ніхто ня ўстане і ня скажа: "Хопіць нас падманваць! Ды пайшоў ты на хрэн з сваімі фокусамі!". Бо такіх адразу выводзяць пад белыя ручанькі і болей у цырк не пускаюць».

utro_vecher: «А дзеля чаго тая бачнасьць? Народ і так праглыне, бяз бачнасьці».

roman_off: «Калі дзяржава ня будзе выконваць бачнасьці, яго хутка запішуць у паўночныя карэі і будуць раз у сто гадоў выпускаць толькі на чэмпіянат сьвету. І нават там усялякія бразыльцы будуць яго калашмаціць».

utro_vecher: «Тэарэтычна згодны, маеш рацыю. Практычна маем справу з тым, што ў нас неяк і бачнасьць выконваецца як не сваімі рукамі часьцяком. Прычым, што важна - на афіцыйным менавіта ўзроўні, таму што неафіцыйна тая бачнасьць не выконваецца паўсюдна, ад Фларіды да Зімбабвэ».

roman_off: «Ну дык таму нас толькі на хакейныя чэмпіянаты і пускаюць. А ўвогуле, барацьба за дзейснасьць і прымянімасьць закону для ўсіх галубчыкаў, уключаючы тых самых, якія прадстаўляюць дзяржаву, ёсьць справай сьвятой і няхуткай. У іншых прыемных паўночных краінах яна дасягнула няблагіх посьпехаў. У нашых жа Палестынах пакульшто моцныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны паміж галубчыкамі і дзяржавай, з усімі вынікаючымі маніпуляцыямі і пубэртацыямі».



(«Са сьвятам, таварышы!», - віншуе ўдзельнікаў суполкі minsk_by robohop_net. «Не забудзьцеся паставіць сканы пашпарту на юзэрпік для ідэнтыфікацыі. Паднімем куфлі, вып'ем і успамянем Байнэт!»)