Гарадзенцы выказваюцца наконт прапановы выкладаць рэлігію ў школе

Інстытут тэалёгіі БДУ прапанаваў увесьці ў школах урокі рэлігійнай культуры. Ці згодныя вы, каб вашых дзяцей у школе вучылі рэлігіі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадарыня: "Мне здаецца, што выбраць рэлігію — праваслаўе, ці каталіцызм, ці яшчэ нейкую — чалавек можа ва ўзросьце 30—40 гадоў, калі ён у жыцьці ўжо сфармуецца. А навязваць гэта дзецям — няма сэнсу, яны падрастуць і самі зробяць гэты выбар".

Спадар: "Няважна, якога веравызнаньня чалавек, але ён найперш чалавек. А калі ўжо са школы прытрымлівацца, да прыкладу, толькі хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, то як сябе адчуюць юдэі ці мусульмане, якія сядзяць побач? Гэта будзе скіравана на разлад. Вось так я думаю".



Спадарыня: "Канечне, я за тое, каб вывучалі, рэлігія дрэннаму ня вучыць. Вазьміце, да прыкладу, запаведзі: ня ўкрадзі, не выпівай, любі бліжняга…"

Хлопец: "Атрымаецца, што ў школе будуць існаваць рознагалосьсі: рэлігія вучыць таму, што ўсё стварыў Бог, а школьныя падручнікі — што ўсё створана ў выніку эвалюцыі, разьвіцьця…"

Ягоны сябра: "Я яшчэ нядаўна быў вучнем і не хацеў бы мець яшчэ адзін дадатковы прадмет, таму што папросту ня вытрымаў бы гэтага. Мы і так з-за скарачэньня тэрміну навучаньня год за два адолелі праграму".

Спадарыня: "Магчыма, гэта пашырыла б філязофскі кругагляд чалавека. Няхай вывучаюць…"

Спадарыня:
"Абавязкова, бо рэлігія ніколі не вучыла дрэннаму. Зараз мы страцілі шмат, бо ня вучым закона Божага са школы. А там ня вучаць забіваць і красьці, як гэта сёньня адбываецца ў нашым жыцьці".

Хлопец: "На маю думку, трэба вывучаць, бо рэлігія зьмяняе погляды чалавека на жыцьцё. Я думаю, калі ўвядуць навучаньне рэлігіі, то зьменшыцца колькасьць правапарушэньняў".

Ягоны сябра:
"Усё залежыць ад якасьці выкладаньня той самай рэлігіі, літаратуры, гісторыі. У нас не выкладалі рэлігіі ў школе, але мы хадзілі ў касьцёл на Дзевятоўцы шмат гадоў. І гэтыя заняткі зьмянілі наш погляд на многія рэчы ў жыцьці. Рэлігію трэба ўводзіць, але толькі са згоды бацькоў, бо ёсьць жа розныя людзі, у тым ліку і атэісты".