Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CNN працягнуў антырасейскую рыторыку, распачатую падчас расейска-беларускага газавага канфлікту.
Маскве неабходны час, каб прызвычаіцца да думкі, што Беларусь — гэта сувэрэнная і незалежная дзяржава. У іншым выпадку Расея рызыкуе страціць найбліжэйшага саюзьніка і гэта будзе, як заявіў Лукашэнка, неаднаўляльная страта.
Бадай, большая частка гутаркі Аляксандра Лукашэнкі з карэспандэнтам CNN тычылася адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. Лукашэнка заявіў, што калі Беларусь без Расеі прынамсі пражыве, то страта такога фарпосту на Захадзе для Масквы будзе неаднаўляльнай. Беларускі кіраўнік перакананы: спробы падпарадкаваць сабе народ Беларусі прывядуць да вельмі дрэнных наступстваў перадусім у самой Расейскай Фэдэрацыі:
Калі вы думаеце, што заўтра гэтыя так званыя расейскія субсыдыі сыдуць і мы тут жа рухнем — ды нічога падобнага!.
Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў: нягледзячы нават на апошнія прыкрыя падзеі, зьвязаныя з газавымі канфліктам, ён спрабуе падзяляць адносіны паміж народамі Расеі і Беларусі, і асабістыя ўзаемаадносіны кіраўнікоў двух краін. Паводле ягоных слоў, гэта вялікая розьніца. Як выказаўся Лукашэнка, Беларусь абсалютна ня супраць жыць у саюзе і сяброўстве з расейскім народам. Аднак калі нехта «пачынае нейкім чынам беларусаў нахіляць, накідваць на шыю пятлю і тужэй яе зацягваць, то, калі мы пазыцыянуем сябе як нацыя, як народ, такога дапусьціць ня можам»: «Усё астатняе — другаснае», — падсумаваў Лукашэнка і дадаў, што на адной Расеі сьвет клінам не сышоўся:
«Вы павінны мець на ўвазе: у нас ёсьць вельмі шмат надзейных сяброў. Апроч Расеі, Эўрапейскага Зьвязу, у нас цудоўныя адносіны з Вэнэсуэлай, Іранам, паўночнаафрыканскімі дзяржавамі, краінамі Блізкага Ўсходу, у тым ліку Ізраілем. Нягледзячы на тое, што мы з вамі ў гэткіх „халаднаватых“ адносінах, гэта не перашкаджае амэрыканцам інвэставаць у нашу эканоміку. У тым ліку і Эўропе, Расеі і г.д. І ў нас ёсьць яшчэ адзін вельмі сур’ёзны партнэр і вельмі вялікі сябра — Кітайская Народная Рэспубліка. Мы зь імі выбудоўваем адносіны 20 гадоў! У нас вельмі добрыя адносіны».
Вядомы расейскі публіцыст Віктар Ерафееў кажа, што фактычна да лягічнага канца прыйшлі шматгадовыя разважаньні пра мэтазгоднасьць так званай саюзнай дзяржавы. Пакуль у Маскве і ў Менску на вяршыні ўлады яскрава выяўленыя антаганісты, усялякія інтэграцыйныя праекты чакае лёс бурбалкі:
Тое, што гэты саюз ня мае ніякай будучыні, ужо відавочна.
Былы прэзыдэнцкі паплечнік Аляксандар Пласкавіцкі прычыну антырасейскіх настрояў кіраўніка Беларусі бачыць у няспраўджаных марах Лукашэнкі — калісьці той быў апантаны ідэяй скарыць Крэмль, але цяпер мусіць задавольвацца выпрошваньнем танных энэргарэсурсаў:
«Тое, што мы інтэгруемся з Расеяй, — гэта, безумоўна, наша пэрспэктыва. Ня ведаю, колькі гадоў дзеля гэтага спатрэбіцца, але магчыма, што нават не 20, а дзесьці ад 5 да 15. Няма да каго больш прыхіліцца! Вырашыць свае пытаньні мы самі ня здатныя, як высьвятляецца. Рэсурсаў у нас няма, працаваць, як немцы, мы ня хочам. А так працаваць, як мы працуем, дык трэба дзесьці шукаць сродкі. А для гэтага адзін выхад — далучыцца да такой вялікай дзяржавы, дзе шмат рэсурсаў, іх можна прадаваць і за кошт гэтага жыць… Але тое, што гэта ня будзе добраахвотнае ўступленьне, гэта таксама ад пачатку было зразумела. Наш прэзыдэнт не дзеля таго аб’ядноўваўся з Расеяй, каб падпарадкавацца Ельцыну, а дзеля таго, каб Ельцына падпарадкаваць сабе».