“250 даляраў за газ — гэта ня ўдар. Гэта — магіла”

Расейскі «Газпром» вызначыў папярэдні кошт прыроднага газу для Беларусі на 2011 год. Сход акцыянэраў газавай манаполіі ўхваліў, што ад наступнага году цана можа дасягнуць 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта на 100 даляраў больш, чым «Белтрансгаз» плаціў да нядаўняга часу, пакуль не разгарэлася беларуска-расейская газавая вайна. Ува што выльецца для беларускіх спажыўцоў выхад на эўрапейскія кошты энэрганосьбітаў?

Беларускія прадпрыемствы ад пачатку 2010 году плацяць у бюджэт за спажываньне расейскага газу больш за 200 даляраў. У выпадку абяцанага «Газпромам» рэзкага цэнавага скачка аўтаматычна падвысяцца выдаткі, што неадкладна прывядзе да росту сабекошту прадукцыі. А вось на заробкі грошай будзе заставацца ўсё меней. Выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара менскага «Мотавела» Казімір Мароз кажа, што эканоміць трэба пачынаць ужо зараз:

«Такая пэрспэктыва была бачная адразу, мы прадбачылі такую сытуацыю. Таму ў нас зараз задача — прынамсі людзей захаваць. У нас ужо і колькасьць работнікаў крыху зьменшылася — то бок, ня так, каб потым ня ведаць, куды іх падзець — увогуле адпускаць ці што іншае прыдумляць?».

І хоць папярэдне названая лічба ў 250 даляраў — яшчэ не канчатковая, аднак экспэрты ня маюць сумневу: газавага дэмпінгу для Беларусі ўжо ня будзе. Гаворыць незалежны эканаміст Леў Марголін:

«Вельмі моцна адчуе ўся эканоміка, бо прырост на самой справе амаль што 100 даляраў. І калі гэта перамножыць на 22 мільярды кубамэтраў газу, якія мы звычайна спажываем, то наступствы будуць вельмі адчувальныя. Яно і зараз ужо адчувальна, бо трэба было не цяпер думаць, а яшчэ ўчора рабіць радыкальныя рынкавыя рэформы. А мы ўсё яшчэ намагаемся выйсьці з тупіку касмэтычнымі захадамі. Але ў наступным годзе гэта ўжо не спрацуе».
Мы ўсё яшчэ намагаемся выйсьці з тупіку касмэтычнымі захадамі. Але ў наступным годзе гэта ўжо не спрацуе.


Колішні кіраўнік заводу «Амкадор» Васіль Шлындзікаў лічыць, што найбольш у выпадку радыкальнага падвышэньня кошту на энэрганосьбіты пацярпяць прамысловыя гіганты, якія спажываюць асноўны аб’ём імпартаванага газу. На яго думку, у такіх умовах нашмат таньней адмовіцца ад заведама стратных прадпрыемстваў, чым штучна іх падтрымліваць:

«Думаю, што рана ці позна нешта падобнае павінна здарыцца. Гэта ўжо цяпер праблема, а будзе праблема яшчэ большая. Натуральна, трэба чакаць паніжэньня ўзроўню жыцьця ў Беларусі, бо гэта аўтаматычна адаб’ецца на ўсім. Больш банкрутаў будзе, больш жабракоў…»

Яшчэ больш радыкальныя прагнозы робіць крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак. На яго перакананьне, беларуская эканоміка ніяк не прыстасаваная да такога істотнага росту коштаў на энэргарэсурсы, бо адпачатку не была разьлічаная на ашчаднае спажываньне сыравіны:

«Ня ведаю, ці насамрэч мы будзем плаціць 250 даляраў, але яшчэ раней быў графік складзены: у 2011-м мы павінны выйсьці на каэфіцыент „адзінка“. То бок ад наступнага году павінны быць роўнадаходныя цэны. І калі 250 даляраў будзе для Эўропы, то і для нас таксама такая ж лічба. Ніякай розьніцы».

Карэспандэнт: «Гэта на 100 даляраў больш, чым сума, якую беларускі бок плаціў да апошняга часу. Для эканомікі Беларусі адчувальны ўдар?»

«Гэта будзе ня проста ўдар, гэта будзе магіла. Тут і думаць няма чаго. Гэта нерэальна. Наша эканоміка абсалютна нежыцьцяздольная бяз танных энэргарэсурсаў. Усе ж ведаюць, якая сытуацыя ў рэальным сэктары на МАЗе, на іншых буйных заводах. Усе ж яны амаль цалкам разваленыя! Таму я не ўяўляю, што гэта будзе. Праблемы старыя — ніхто нічога ня робіць. Бо калі 15 гадоў нічога не рабілі, а цяпер хочам, каб эканоміка магла эфэктыўна працаваць на 250 далярах за тысячу кубамэтраў, то гэта ўтопія».

Эканаміст Леў Марголін канстатуе, што на газавым камунізьме Беларусі можна паставіць крыж. Няздольнасьць Масквы і Менску дамовіцца наконт стратэгічных пытаньняў зрабілі фактычна немагчымым газавы ды нафтавы дэмпінг для Беларусі. Аднак шокавая тэрапія, на думку экспэрта, можа мець і станоўчыя наступствы — магчыма, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі задумаецца наконт тэрміновай мадэрнізацыі прамысловасьці:

У нас за час незалежнасьці, за 20 гадоў, не пабудавана ніводнага новага вялікага прадпрыемства.
«У нас за час незалежнасьці, за 20 гадоў, не пабудавана ніводнага новага вялікага прадпрыемства. Усё, што мы сёньня маем, засталося ад Савецкага Саюзу. А СССР быў знакаміты сваёй неэканамічнай вытворчасьцю. І цяпер мы пажынаем усе гэтыя плады. Тут нават невядома, што рабіць: можна гэтыя прадпрыемствы рэфармаваць ці насамрэч прасьцей пабудаваць на іх месцы нешта новае? Але, так ці інакш, газавы камунізм для Беларусі заканчваецца. Ад наступнага году, калі Лукашэнку ня ўдасца зрабіць нечага выбітнага, то мы будзем працаваць па агульнаэўрапейскіх коштах. Яны ўсё ж будуць для нас крыху таньнейшыя, таму што ня трэба будзе плаціць мыта і транспартныя выдаткі ўсё ж меншыя. Аднак гэта ўсё ж будуць эўрапейскія цэны».

Летась Беларусь плаціла «Газпрому» ў сярэднім 150 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Сёлета ў І квартале кантрактны кошт склаў 169 даляраў, у ІІ — 185 даляраў, а ў сярэднім за год ён наблізіцца да 190 даляраў. Гэта істотна меней, чым для астатніх пакупнікоў расейскага газу, аднак Беларусь у аднабаковым парадку патрабавала захаваньня леташніх тарыфаў, што ўрэшце і прывяло да скандальнага супрацьстаяньня на газавым фронце. Цяпер афіцыйны Менск, спрабуючы разжаліць Крэмль, выпрошвае фінансавыя паслабленьні на «пераходны пэрыяд», каб выйсьці з эканамічнага крызісу. Аднак Масква сьлязам саюзьнікаў ня верыць: «Газпром» заяўляе пра выхад на роўнадаходныя кошты, ад якіх беларускае кіраўніцтва ўжо зараз кідае ў жах. Выглядае, што цяперашнія рэаліі сапраўды не разьлічаныя на кошты, якія плаціць «Газпрому» большая частка эўрапейскіх спажыўцоў.