Ніякіх відэапаўтораў ня трэба. Проста пастаўце па адным арбітры за кожнымі варотамі — і такіх памылак, як у матчы Нямеччына — Англія, стане значна меней. А калі кожны спрэчны момант пераглядаць на маніторы — у што ператворыцца футбол? Хвіліну гуляем, а пасьля сёрбаем вадзічку ды глядзім паўтор?
Экспэрымэнт з двума дадатковымі арбітрамі быў пасьпяхова зроблены ў Лізе Эўропы. Здаецца, што нават дурны зразумеў лягічнасьць і абгрунтаванасьць такога кроку — арбітар за варотамі сочыць за гульнёй на штрафной пляцоўцы. Даю сто адсоткаў, што калі б за брамай зборнай Нямеччыны стаяў памочнік галоўнага рэфэры, то гол Лэмпарда быў бы справядліва залічаны. І ангельцы былі б пазбаўленыя казырнага валета ў апраўданьнях наконт вылету зборнай з мундыялю. Па-першае, калі б ангельцы былі мацнейшыя за немцаў, то гэтая судзейская памылка павінна была б толькі раззлаваць іх, а здарылася зусім наадварот. З гэтым згаджаецца, напрыклад, брытанская газэта "Independent", якая ў панядзелак выйшла зь перадавіцай: "Яны забілі выдатны мяч, які ня быў залічаны, але Англіі не выпадае скардзіцца, бо Нямеччына яе проста перайграла".
Свой адзіны Кубак сьвету ангельцы выйгралі 44 гады таму дзякуючы абсалютна такой жа памылцы судзьдзяў. І гулялі ў фінале яны тады зь… немцамі. У дадатковы час, калі лік быў 2:2, мяч пасьля ўдару ангельца Хёрста трапіў у перакладзіну і адскочыў у лінію. Галоўны арбітар пракансультаваўся з бакавым і залічыў гол, якога не было. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што ангельцы забілі яшчэ раз і перамаглі ў тым фінале 4:2.
Арбітры не былі вінаватыя 44 гады таму, арбітры не вінаватыя і цяпер. Яны ня ўбачылі — гэта звычайны чалавечы фактар. Найлепшым выйсьцем тут будзе дадатковы судзьдзя за кожнымі варотамі. Эўрапейскі футбольны саюз пакуль што выглядае больш прагрэсіўным у параўнаньні зь ФІФА — пяць палявых арбітраў пасьпяхова адпрацавалі ў Лізе Эўропы і цалкам верагодна, што гэтую практыку скарыстаюць у Лізе чэмпіёнаў ды на чэмпіянаце Эўропы 2012 году. Спадар Плятыні, цісну руку.