Глядзеў я матч Чылі-Гішпанія, глядзеў, ажно пад канец гульні спаць захацелася — боўталі гэты мяч туды-сюды, захоўваючы зручны для абедзьвюх зборных лік.
А душа прагнула футбольнага відовішча. Сеў за кампутар і цяпер прапаную вам мінірэйтынг невялікіх відэаролікаў, зьвязаных з футболам, якія я знайшоў у начным сеціве. Пра крытэры адбору не пытайце: проста тое, што спадабалася.
1 месца. Адмыслова для зборнай Партугаліі і ўсіх астатніх аматараў вольнага мастацтва сымуляцыі. Калі вы і далей будзеце так сябе паводзіць на футбольным полі, то я пераключуся на рэгбі. Бо часам і сапраўды верне ад гэтых артыстаў-мэтрасэксуалаў.
2 месца. Чамусьці я ня бачыў гэтага відэа раней. Такія старыя добрыя твары — Бэкхэм, Ранальда, Рывальда, Рабэрта Карлас, Рауль. Не хапае іх на гэтым мундыялі. Зрэшты, Бэкхэм ёсьць, але проста ў якасьці маральнай падтрымкі на лаўцы запасных зборнай Англіі. Ну і Касыльяс па-ранейшаму на браме стаіць у гішпанцаў. Ролік хаця і рэклямны, але ж павесяліў.
3 месца. Падзяліў яго паміж двума кліпамі: уласна афіцыйная песьня чэмпіянату сьвету ў Паўднёвай Афрыцы (K’NAAN, «Wavin’ flag») ды адзінае футбольнае відэа беларускай вытворчасьці, якое я знайшоў (BEZ BILETA, «Africa» football mix).