“Калі Сідорскі вылучыцца, яго чакае лёс Чыгіра і Марыніча”

Уладзімер Мацкевіч

Газэта «Народная воля» ў сёньняшнім нумары апублікавала ліст выбаршчыка Уладзімера Смаргуна, які прапануе вылучыць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. У беларускіх палітычных колах распаўсюджваюцца чуткі, што Сідорскага да такога кроку падштурхоўвае расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін. Ці выглядае рэалістычным варыянт вылучэньня кіраўніка ўраду ў прэзыдэнты? Што можа стацца з Сідорскім, калі ён сапраўды аб’явіць пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Наколькі адэкватныя гэтыя размовы пра магчымае вылучэньне Сяргея Сідорскага кандыдатам у прэзыдэнты? Можа, яны ўзьнікаюць ад нейкай безвыходнасьці — маўляў, калі апазыцыя ня можа выйграць гэтыя выбары, дык няхай выйграе Сідорскі. Ці можа гэтыя размовы ладзяцца ворагамі Сідорскага, якія хочуць яго патапіць? Ёсьць пра што ўвогуле размаўляць, такі варыянт можа мець нейкую рэалістычнасьць?

Мацкевіч: Ніякай. Гэта такая зьява, якую можна адлюстраваць наступным анэкдотам. Двое едуць у менскім тралейбусе, і адзін пытаецца ў кандуктара — «Ці даеду я да вакзалу?» «Не» — адказвае кандуктар. «А я?» — пытаецца другі.

Калі даўно зразумела, што ніякіх выбараў пры аўтарытарным рэжыме быць ня можа, то людзі ня хочуць да канца ў гэта паверыць, і пачынаюць разважаць — можа, ня гэты, а гэты можа выйграць? Ну глупства! Калі няма выбараў, то ніхто іх выйграць ня можа. Калі
Калі Лукашэнка прызначыць Сідорскага наступным прэзыдэнтам, то так, такое можа быць. Але ня ў гэты раз.
Лукашэнка прызначыць Сідорскага наступным прэзыдэнтам, то так, такое можа быць. Але ня ў гэты раз.

Другая крыніца такіх размоваў вынікае з таго, што ўраду трэба працаваць зь піярам, каб людзі неяк усур’ёз ставіліся да гэтых выбараў, верылі ў іхнюю сапраўднасьць.

Цыганкоў: А як наконт чутак, што вылучэньне Сідорскага можа падтрымаць Масква? Маўляў, ёй трэба іншы кандыдат, але ў апазыцыі яна ня можа такога знайсьці..

Мацкевіч: У Маскве могуць быць розныя размовы паміж сабой, як і ў чытачоў «Народнай волі». І калі кожную такую размову ўспрымаць як канкрэтную інфармацыю, то гэта будзе тое самае мысьленьне людзей з тралейбусу з таго анэкдоту.

Цыганкоў: Калі, дарэчы, канкрэтны чалавек Сяргей Сідорскі, не гледзячы на ўсе лягічныя развагі, вырашыць вылучыцца ў прэзыдэнты — які яго чакае лёс?

Мацкевіч: Калі б Сідорскі на сваю ініцыятыву ўзяў і вылучыўся, то яго чакае лёс Чыгіра і Марыніча. (Нагадаем, гэтыя палітыкі пасьля абвяшчэньня пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі апынуліся за кратамі. —В.Ц.)

Трэба зыходзіць з рэаліяў аўтарытарнага рэжыму. У аўтарытарным рэжыме недапушчальныя самастойнасьць ніводнага чалавека, уключаючы і другога чалавека ў дзяржаве.