Лукашэнка абвясьціў транзытны ўльтыматум

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка чарговым разам прыгразіў перакрыць транзыт нафты і газу празь Беларусь, калі «Газпром» не разьлічыцца цалкам з даўгамі. На пагашэньне запазычанасьці ён даў суткі.

Падчас нарады на тэму супрацоўніцтва з Кітаем Аляксандар Лукашэнка закрануў сытуацыю на «расейскім кірунку».

«Яшчэ раз папярэджваю ўрад: неаплата „Газпромам“ у поўным аб’ёме паслуг у бліжэйшыя суткі павінна прывесьці да прыпыненьня ўсялякіх паслуг для Расейскай Фэдэрацыі па транспарце вуглевадароднай сыравіны. І нафты, і газу. У вас ёсьць магчымасьць — дамаўляйцеся. Але тэрмін вам — двое сутак. Я ўчора сказаў гэта прэм’еру і віцэ-прэм’еру».

У зьвязку з заявай Аляксандра Лукашэнкі прэс-служба холдынгу вярнулася на працоўнае месца са сходу акцыянэраў. Яе прадстаўніца Тацяна Галубовіч сказала:

«У нас ёсьць камэнтар Купрыянава, ён адным радком літаральна. Ён сказаў, што паводле ўмоваў дзейнага кантракту „Газпром“ Беларусі нічога ня вінны».

Падчас газавай вайны афіцыйны Менск пакуль не дамогся ні захаваньня нізкай цаны на пастаўкі расейскага газу, ні падвышэньня кошту транзыту. Пасьля разьлікаў атрымалася, што «Белтрансгаз» не даплаціў «Газпрому» 5 мільёнаў даляраў, як таго патрабаваў расейскі бок, а «Газпром» не даплаціў Беларусі 32 мільёны даляраў, якіх патрабаваў афіцыйны Менск. Тым ня менш з расейскага боку сёньня ішлі камэнтары, што газавы канфлікт урэгуляваны. Ці будзе цяпер «Газпром» спаганяць 5 мільёнаў? У прэс-службе холдынгу сказалі:

«Паводле стану на ўчора мы адчувалі, што такія пытаньні — пытаньні працоўнага парадку. Зразумела, што бакі павінны былі садзіцца за стол перамоваў. І прадметна размаўляць пра памер транзытнай стаўкі. І тады гэтыя б пытаньні неяк у наступным рэгуляваліся б. Што будзе пасьля заявы Лукашэнкі — гэта іншае пытаньне».

Таксама ў «Газпроме» паведамілі, што там няма прадстаўнікоў зь Беларусі, якія вялі б перамовы.

Паводле «Газпрому», падвышэньне стаўкі транзыту да 1 даляра 88 цэнтаў увязанае з падвышэньнем аптовай надбаўкі «Белтрансгазу», у якім 50% належыць «Газпрому», для атрыманьня прыбытку на ўнутраным рынку Беларусі. Такая надбаўка не была ўведзеная і дапаўненьне да кантракту не было падпісанае. Таму «Газпром» заяўляе, што плаціць за транзыт паводле старой, ніжэйшай цаны — 1 даляр 45 цэнтаў.

А чаму беларускі бок не падвышае аптовыя надбаўкі? Эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

«Калі пачалі перапрацоўку вэнэсуэльскай нафты на мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, то была такая дырэктыва зьверху, каб ніводзін даляр прыбытку не дастаўся расейскім акцыянэрам. Гэта ў першую чаргу нежаданьне дзяліцца прыбыткамі „Белтрансгазу“ зь іншым уласьнікам гэтай кампаніі. Гэта першапрычына».

Спачатку Аляксандар Лукашэнка загадаў перакрыць транзыт газу падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым 22 чэрвеня. Пастаўкі ў Літву зьменшыліся прыкладна на 20%. Потым пагражаў перакрыць транзыт Уладзімер Сямашка, але да дзеяньняў не дайшло. І цяпер зноў Лукашэнка даў Расеі двое сутак для развагаў. Як успрымаюць транзытныя ўльтыматумы ў Маскве? Палітоляг Андрэй Суздальцаў сказаў, што гэта самагубныя рэчы:
Гэтыя ўльтыматумы прызначаныя, вядома, для ўнутранага беларускага карыстальніка.


«Сьмяюцца. Гэтыя ўльтыматумы прызначаныя, вядома, для ўнутранага беларускага карыстальніка. Калі перакрываць расейскі газаправод „Ямал-Эўропа“, ён прамы, як страла. Яго перакрываюць, а Расея працягвае гнаць газ — то тады ён проста ўзарвецца. Гэта нейкі энэргетычны тэрарызм. Калі ён перакрые і нафту, то ён парушае ўсе нашы пратаколы. Перакрыюць, але ж некалі давядзецца адкрываць. Але Лукашэнка ўжо ніколі не атрымае бязмытную нафту».

Газэта «Советская Белоруссия», гаворачы пра газавыя супярэчнасьці з Масквой, піша, што «гэта было не выпадковае ўзгараньне, а намераны падпал». Эканаміст Леанід Злотнікаў прагназуе, што газавая вайна будзе выбухаць зноў і зноў.

«Наперадзе вайна за кантрольны пакет „Белтрансгазу“. Яшчэ не адна вайна наперадзе».