Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстана Курманбек Бакіеў сабраў трэцюю за час свайго знаходжаньня ў Беларусі прэсавую канфэрэнцыю. Журналістаў сабралі ў менскім гатэлі «Вікторыя».
ПРА КУЛЬТ ЯГО АСОБЫ
"Не было ніякіх маіх партрэтаў у гарах. Так, былі партрэты ў адміністрацыях. Я сам не любіў такіх рэчаў. Бачыў аднойчы свой партрэт у абласным цэнтры і прасіў прыбраць. Ніякага культу асобы не было".
ПРА СВОЙ УДЗЕЛ У ЖЫЦЬЦІ БЕЛАРУСІ
"Я палітыкай больш займацца ня буду. Не хачу. Я хачу быць зьвязаным з вытворчасьцю. Я хачу прыгледзецца пакуль што".
ХТО АПЛАЧВАЕ ВАШЫЯ РАХУНКІ?
"За маё пражываньне тут мы плацім цалкам самі. Я сказаў Лукашэнку, што абузай ня буду — ні аднаго рубля ня ўзяў зь беларускага бюджэту".
"У тым ліку аплаціў рахунак за гэтую прэсавую канфэрэнцыю — 1 мільён 409 тысяч рублёў. З 1989 году працую кіраўніком, працаваў прэм’ерам гораду і вобласьці — ёсьць зьберажэньні".
На пытаньне пра 200 мільёнаў даляраў, якія ён нібыта вывез, адказаў: "Як я зьяжджаў: ніякія даляры ў галаву не прыходзяць, калі абстрэльваюць тваю машыну".
ПРА МАГЧЫМАСЬЦЬ ВАЙСКОВАГА І ГУМАНІТАРНАГА ЎДЗЕЛУ ТРЭЦІХ СІЛ
«АДКБ ня мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаў, а можа задзейнічаць свае сілы толькі калі вонкавая пагроза. Таму кіраўнікі краін АДКБ і вырашылі не мяшацца. Хаця, можа, і варта было б увесьці сілы АДКБ. Тады лягчэй было б гэты канфлікт лякалізаваць.
ПРА РЭФЭРЭНДУМ
«Я не магу і не зьбіраюся рэагаваць на рэфэрэндум. Мне гэта ўсё роўна. Я не прымаю ўдзелу ў гэтым, не галасую нават. Апошняе слова за народам Кіргізстану. Гэта яго права, і я на яго ўплываць не зьбіраюся.
Чуткі пра перавароты — гэта яны самі нагнятаюць напружанасьць. Хаця незадаволеннасьць часовым урадам ёсьць».
ПРА МАГЧЫМАСЬЦІ НАРМАЛІЗАЦЫІ СЫТУАЦЫІ Ў КРАІНЕ
«Я разьлічваю на тое, каб мясцовыя органы ўлады — у кожным сяле, у кожным раёне ёсьць паважаныя дэпутаты, аксакалы — каб яны з кіргіскага і ўзбэцкага бакоў былі каталізатарамі нацыянальнай згоды».
Пра руку Масквы ў красавіцкіх падзеях: «Ня маючы дакладнага расьсьледаваньня, казаць пра гэта несур’ёна».
«Я ПРАВІЛЬНА ЗРАБІЎ, ШТО ПРЫЕХАЎ У БЕЛАРУСЬ»
«Я правільна зрабіў, што прыняў запрашэнне А. Лукашэнкі і прыехаў у Беларусь. Інакш абвінавацілі б у падзеях на поўдні мяне».
Пра свой удзел у жыцьці краіны — «Я не імкнуся ўплываць ні на палітыку, ні на рэфэрэндум — ні на што».
ПРА СВАЯКОЎ
На пытаньне пра брата Жаныша і іншых сваякоў адказаў: "Адзін знаходзіцца ў Кіргізстане, а астатнія за межамі краіны. Дзе — ня буду казаць. З сынам Максімам нядаўна размаўляў па тэлефоне, пасьля таго як ён прыбыў у Англію. Цяпер ён там просіць палітычнага прытулку і зьбіраецца дзейнічаць згодна з законам.
ПРА НЕПАРАДКІ
На пытаньне, ці наркабароны арганізавалі непарадкі на поўдні краіны, адказаў: «Пакуль няма дакладнага расьсьледаваньня, можна так казаць, а таксама пра тых, хто прымыкае да рэлігійнага экстрэмізму. Можна меркаваць рознае. Я спрабаваў высьветліць, што паслужыла прычынай. Мне адказваюць, што бытавая бойка паміж кіргізамі і ўзбэкам. Калі б такі інцыдэнт адбыўся ў беспраблемнай краіне, то гэтая сытуацыя не атрымала б такога разьвіцьця.
Наконт сытуацыі ў Кіргізстане сказаў: «Перш за ўсё гэта залежыць ад брацкіх народаў кіргзаў і ўзбэкаў, часовы ўрад ня здольны эфэктыўна працаваць».
Курманбек Бакіеў заклікаў да разважлівасьці і цярпеньня двух братніх народаў.
«Ніхто ня можа назваць дакладную лічбу загінулых. Гэта самая сапраўдная трагедыя».
15.01 Журналістам раздалі матэрыялы, у якіх на падставе лічбаў Бакіеў абвяргае, што быў раскрадзены расейскі крэдыт, выдадзены Кіргізстану. Дакумэнт пра крэдыт Бакіеву даслалі людзі, якія працавалі ў фондзе разьвіцьця і кіравалі гэтымі сродкамі.