Ваеннае сутыкненьне ў Карабаху - 5 забітых

Чатыры армянскія салдаты былі забітыя ў Нагорным Карабаху. Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што вайскоўцы загінулі ў сутычцы з групай азэрбайджанскай ваеннай выведкі. Пазьней было знойдзена цела азэрбайджанскага вайскоўца.

Міністар замежных спраў Армэніі Эдвард Налбандзян абвінаваціў азэрбайджанскі бок у наўмыснай правакацыі. Баку адрэагавала заявай, што прычына ўсіх інцыдэнтаў у Нагорным Карабаху - акупацыя азэрбайджанскіх зямель.

Самаабвешчаная рэспубліка Нагорны Карабах аддзялілася ад Азэрбайджану ў 1991 годзе, у выніку паўстаньня тамтэйшых армян. Перамовы аб урэгуляваньні канфлікту ў выніку якога загінула каля 30 тысяч чалавек, цягнуцца па сёньняшні дзень. Апошняя сустрэча прэзыдэнтаў Армэніі і Азэрбайджану па гэтым пытаньні прайшла ў кулюарах пецярбурскага эканамічнага форуму ў чацьвер.