«Газпром» рыхтуецца з панядзелка скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 85%. Чаму ўзьнік гэты газавы доўг? Чаму Расея перавяла канфлікт у палітычную плашчыню? Калі і як вырашыцца канфлікт?
Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і аглядальніца выдавецкага дому «Коммерсантъ» Натальля Грыб з Масквы.
Чаму ўзьнік гэты газавы доўг?
Валер Карбалевіч: «На дадатак да нафтавых супярэчнасьцяў узьнік газавы канфлікт. Узьнік нечакана. Дзесьці ў траўні прадстаўнікі „Газпрому“ пачалі выступаць з заявамі, што Беларусь мае запазычанасьць за газ, бо плаціць толькі 150 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў, у той час як „Газпром“ патрабуе плаціць па 169 даляраў. Беларускі бок ніяк не тлумачыць свае паводзіны. Можа, праблема ў тым, што на 2010 год Беларусь і Расея не заключалі кантракту на пастаўкі газу і кіруюцца пагадненьнем ад 31 сьнежня 2006 году, якое бакі трактуюць па-рознаму?»
Тацьцяна Манёнак: «Так, бакі маюць чатырохгадовы кантракт, згодна зь якім Беларусь аплачвае пастаўкі газу паводле формулы. Згодна з гэтым пагадненьнем, ад 2011 году Беларусь будзе аплачваць газ паводле эўрапейскай цаны мінус транспартныя выдаткі і мыта.
Умовы сёлетніх паставак газу бакі абмяркоўвалі напрыканцы мінулага году. Тады віцэ-прэм’ерам было дадзена даручэньне абмеркаваць магчымасьці захаваць кошт газу для Беларусі на ўмовах мінулага году. Даручэньне было вуснае. Аднак Расея адмовілася гэта рабіць. А Беларусь на падставе гэтага даручэньня аплачвае газ паводле мінулагодняй цаны.
Справа ў тым, што тое пагадненьне 2006 году прадугледжвала, што ўнутраныя цэны Расеі таксама будуць расьці, і да 2011 году цэны на газ для Расеі і Беларусі стануць роўнадаходнымі. Але Расея не павялічыла свае ўнутраныя цэны ў такім памеры. Беларускі бок, спасылаючыся на гэта, патрабуе для сябе зьніжак».
Натальля Грыб: «Белтрансгаз» плаціць «Газпрому» ўжо трэці год фактычна адну цану: каля 150 даляраў. Сёлета паводле кантракту цана на газ для Беларусі ў першым квартале склала 169,2 даляра, у другім квартале — 184,8 даляра. Цана будзе расьці і ў трэцім, і ў чацьвёртым квартале. Сярэднегадавая цана можа скласьці 187 даляраў. Беларусь плаціць па 150 даляраў. Доўг Беларусі пад канец году можа скласьці каля 500 млн. даляраў. На 23 траўня доўг складае 192 млн. даляраў. У кантракце ёсьць пункт, паводле якога пастаўшчык можа скараціць пастаўкі на суму доўгу«.
Чаму Расея перавяла канфлікт у палітычную плашчыню?
Карбалевіч: «Праз чатыры дні пасьля вяртаньня Лукашэнкі з Масквы Расея вуснамі Мядзьведзева перавяла канфлікт у палітычную плашчыню. Беларусі быў прад’яўлены ўльтыматум: выплаціць доўг цягам пяці дзён. Чаму? Гэта вынік маскоўскіх перамоваў?»
Манёнак: «Меркавалася, што ў панядзелак беларускі парлямэнт ратыфікуе дамову аб стварэньні Мытнага саюзу. Гэтага не адбылося, і тады зьявіўся ўльтыматум Мядзьведзева, каб падштурхнуць Беларусь да ўступленьня ў Мытны саюз. Бо гэта важны для Расеі геапалітычны праект».
Грыб: «Мінулымі гадамі Лукашэнку ўдавалася дамаўляцца з Крамлём адносна зьніжак на газ. Сёлета палітычны дыялёг крыху напружаны. Запрашэньне ў Беларусь былога прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева ня выклікала ў Маскве падтрымкі. У такой сытуацыі цяжка разьлічваць на прэфэрэнцыі.
Лукашэнка імкнуўся з дапамогай Мытнага саюзу дамагчыся скасаваньня нафтавага мыта, але атрымаў адмову. Таксама ён імкнуўся атрымаць нізкія цэны на газ, аднак яму таксама адмовілі. Пастаўкі газу — гэта палітычны інструмэнт, які выкарыстоўваюць усе краіны, каб будаваць свае дачыненьні зь іншымі дзяржавамі».
Якія пэрспэктывы ўрэгуляваньня канфлікту?
Карбалевіч: «Доўг Беларусі складае 192 млн. даляраў. Ці вялікая гэта сума для краіны? Чаму б не заплаціць гэтыя грошы? Навошта ўпарціцца? Або справа тут не ў грашах?»
Манёнак: «Сапраўды, доўг невялікі. Але эканамічная сытуацыя ў Беларусі цяжкая. Беларусь пакуль не прапанавала Расеі нічога прывабнага, каб знайсьці кампраміс. Найперш, існуюць палітычныя супярэчнасьці. Пытаньня доўгу пэўны час Расея не агучвала, бо разьлічвала вырашыць яго кулюарна.
Нельга забываць, што „Белтрансгаз“ — гэта сумеснае прадпрыемства, дзе 50% акцый належыць „Газпрому“. Можна было б канвэртаваць гэты доўг у пакет акцыяў „Белтрансгазу“.
І ў мінулыя гады Беларусь мела запазычанасьць за газ. Напрыклад, у 2007 годзе памер доўгу быў 450 млн. даляраў. Тады пасьля ціску „Газпрому“ Беларусь хутка разьлічылася з запазычанасьцю — цягам чатырох дзён. Думаю, і цяпер Менск разьлічыцца.
Думаю, Беларусі будзе складана нечага дамагчыся ад Расеі, калі яна не ратыфікуе дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу да 1 ліпеня. У такім выпадку наша краіна рызыкуе атрымліваць і газ, і ўсю нафту ў наступным годзе з мытам».
Грыб: «Рабіць прагнозы ў гэтым пытаньні — няўдзячная справа. Бо палітыкі прымаюць рашэньні, зыходзячы з сваіх уяўленьняў. Думаю, калі да 10 гадзіны ў панядзелак беларускія ўлады прапануюць «Газпрому» графік пагашэньня доўгу, то расейскі бок ня будзе скарачаць пастаўкі газу.
Пакуль канфлікт разгортваецца ў інфармацыйнай плашчыні. Патрабуецца рашэньне на палітычным узроўні. Думаю, перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі ідуць не за 192 млн. даляраў. Цана пытаньня значна большая. Сёлета Беларусь страціла 2 млрд. даляраў з-за ўвядзеньня Расеяй нафтавага мыта. Юрыдычна гэтая сытуацыя на карысьць «Газпрому».