Фэрмэр, які можа сабе дазволіць усё

Розгалас сярод слухачоў «Свабоды» і наведнікаў нашага сайту выклікаў матэрыял пра фэрмэра зь вёскі Мацкі на Меншчыне Ўладзімера Матусевіча. Адны захапляліся ўзорам прынцыпова новага беларуса, якія атрымлівае маральныя і матэрыяльныя дывідэнды ад зямлі, на якой працуе; іншыя западозрылі, што дабрабыт фэрмэра трымаецца на жорсткай эксплюатацыі аднавяскоўцаў і непразрыстай «прыхватызацыі» дзясяткаў гектараў саўгаснай уласнасьці.
Ігар Карней працягвае тэму «Маёнтку Матусевічы».

Уладзімер Матусевіч вось ужо больш за 20 гадоў працуе сам і дае зарабляць іншым. Прынамсі, аплата ў ягоным маёнтку адназначна ня горшая, чым у ацалелых яшчэ калгасах:

«Паводле заробку — думаю, што далёка ня горш, чым у дзяржаўных гаспадарках. Я зараз плачу 1 эўра за гадзіну працы любому работніку. Эўра, праўда, крыху зараз упаў, але тым ня меней. Мінімальная аплата — 35 тысяч рублёў за дзень працы. А кваліфікаванаму работніку ўжо трэба плаціць 50, 60, 70, 80 тысяч у беларускіх рублях і нават больш. Бо нармальнаму, сумленнаму працаўніку і плаціць трэба адпаведна».

Плошчу сваіх надзелаў за прамінулы час спадар Матусевіч падвоіў: пачынаў з 20 гектараў, зараз валодае ўдвая большай колькасьцю. Практычна ўсю зямлю даводзілася акультурваць:

«Я больш зямлі нават не хачу. У мяне 40 гектараў, уключна зь лесам. Адразу мне далі некалькі маленькіх палёў, каб я ад іх адчапіўся. Гэта быў 21 гектар зямлі, але зь іх толькі 7 гектараў пашні. Астатняе — сенажаці забалочаныя, лясы засьмечаныя, то бок усё, што непатрэбна было саўгасу. Толькі і пажадалі — ну, давай, гадуйся. А ўжо зараз, гады два таму, прапаноўвалі, каб я браў зямлі колькі заўгодна! Таму што праблемы з гаспадаркай, і ўвогуле лесам зарастае шмат зямлі пад Менскам».

У вядзеньні гаспадаркі мужу і жонцы Матусевічам дапамагае сястра спадара Ўладзімера, зь якой ён дзеліць трохпавярховы дом-замак, а таксама сын з жонкай і найманыя працаўнікі. Апошніх даводзіцца зьбіраць па ўсёй акрузе:

«Мясцовых практычна няма. У мяне працуе сям’я зь Вілейскага раёну, з суседняй гаспадаркі. Там гаспадарка таксама абвалілася. У нас жа зараз модна любую слабую гаспадарку навязаць прыватніку, арганізацыі, якія працуюць добра. Як Нацбанк курыруе лукашэнкаўскую Александрыю, так і гаспадарку майго работніка на Вілейшчыне навязалі нейкай прыватнай кавярні. А прыватнік не захацеў, кінуў усё і сышоў. Так што адтуль пераважна мае работнікі, ну, і з суседніх вёсак. Гэта ўжо астаткі людзей, якія не ўладкаваліся ў жыцьці і проста свой век дажываюць. Калі я пачынаў, то мог дазволіць сабе працаўнікоў шмат. Тады і іншыя культуры вырошчваў, нават злоўжываў: як згадваю, 25 чалавек мог за дзень назьбіраць, прывезьці — працуйце. Мне было выгодна, ім выгодна. Але зараз такой раскошы дазволіць не магу, таму што іх няма нават ува ўсёй акрузе».

«Наёмнік» — сябра і памочнік фэрмэра.

Карэспандэнт: «Вы казалі, што нават жанчына-інвалід у вас працуе…»

«Так, яна сама просіцца, калі можна рабіць, седзячы дома, ці ёсьць сядзячая праца. Была ў мяне на месяц такая прапанова — цыбулю чысьціць. Яны з задавальненьнем зьбіраюцца, у іх сваё кола — пэнсіянэры, як я кажу, „слабая“ брыгада. Яны цэлы дзень чысьцяць — і грошы зарабляюць, і паміж сабой кантактуюць. Маладзейшым ёсьць у полі праца. Кожны, хто хоча, зарабляе».

Цяплічныя плянтацыі.
Кожнаму каліву — «індывідуальны» падыход.

Многія наведнікі сайту «Свабоды» ў сваіх выказваньнях салідарныя: маўляў, менавіта такія пасьпяховыя людзі і павінны быць узорам для беларусаў — у тым ліку і ва ўладзе. Цікаўлюся ў спадара Матусевіча: пры сваёй надзвычай актыўнай жыцьцёвай пазыцыі ці была прага дарвацца хоць да якой мінімальнай улады? Хоць бы на ўзроўні дэпутата сельскага савету?

«Не. Ведаеце, гэта цяжкая праца, і я шкадую гэтых людзей. Я не магу сабе ўявіць, як Лукашэнка ўвесь час ходзіць у атачэньні целаахоўнікаў, спачуваю нават звычайнаму старшыні сельсавету. Так, можа, у яго і ёсьць нейкі пралаз да карупцыі, каб што-небудзь прыдбаць, але ж гэта такая марока! Увогуле праца зь людзьмі надзвычай складаная. Я сам папрацаваў у камунальнай гаспадарцы, быў начальнікам ЖЭСу № 47 у Менску. Калі людзі просяць, а ты ня можаш дапамагчы, яны плачуць, абураюцца, гэта вытрываць вельмі цяжка. Дый людзі ўсе розныя — і хворыя, і зацыкленыя на чымсьці. Таму праца зь людзьмі вельмі цяжкая. А што да ўлады, то гэта такі бруд, што лепей ужо быць такім. Я не разумею нават апазыцыю. Некалі крыху дапамагаў, многіх ведаю, асабліва з БНФ. Але не разумею іхнага разладу, таго, што яны ня могуць нешта падзяліць, што яны такія слабенькія, увесь час дробяцца. Бо гэта якраз тое, што выгадна ўладзе».

Уладзімер Матусевіч — сапраўды ўзор у тым, як, жывучы ў вёсцы, істотна пашырыць рамкі будзённасьці. «Праца ня мае сэнсу, калі за ёй нічога ня бачыш», — лёзунг, нязвыклы для бальшыні беларусаў, але рэальны для фэрмэра Матусевіча:

«Кожны год я дазваляю сабе адпачынак. Не гатэльны, а экстрым. У міжсэзоньне Шэнген адкрываю, еду за мяжу; летам раблю тыднёвыя велападарожжы па Беларусі ці па Расеі, дзе не патрэбна візы. Месяц кожнага лютага прысьвячаю знаёмству з новымі краінамі. Даўно хацеў паглядзець Украіну: сёлета пабываў у Адэсе, паезьдзіў па Бесарабіі. Было холадна і сьнежна, дык паехаў у Крым, бо ніколі дагэтуль ня быў, аблазіў увесь паўвостраў. А як была інаўгурацыя Януковіча, зьезьдзіў у Кіеў. Параўнаў, збоку паназіраў, хоць, канечне, мала было часу паўнабакова параўнаць Беларусь і Ўкраіну. У мінулым годзе быў у Францыі. Прыехаў у Парыж, перабраўся на іншы вакзал, і ў той жа дзень пачалося маё падарожжа па краіне. Пачаў зь месца, дзе высадзіліся амэрыканцы падчас вайны, каб вызваляць Эўропу, і я там таксама высадзіўся. Канечне, за тыя 12 дзён прайшоў толькі траціну Францыі. Пазалетась Прыбалтыку аб’ехаў — у Латвіі ў мяне сваякі жывуць, у Эстоніі за савецкім часам я вучыўся. То бок вакацыі сабе дазваляю. І думаю, колькі ўжо мне актыўнага жыцьця дадзена, то трэба кожны год скарыстоўваць. У наступным годзе пляную паглядзець Грузію, потым паехаць у Азэрбайджан, Армэнію, Турэччыну, а адтуль ужо морам у Адэсу ці нейкім іншым шляхам вярнуцца. Вось такія пляны».


«Маёнтак Матусевічы» — фэрмэрская гаспадарка, спэцыялізаваная перадусім на гародніне. На 40 гектарах растуць практычна ўсе гатункі капусты, а таксама цыбуля, сельдэрэй, пятрушка, дзясяткі відаў кветак. Гаспадар афіцыйна зарэгістраванага маёнтка не залежыць ад банкаўскіх крэдытаў і ня просіць субсыдый на пасяўную і ўборку, бо разумна суадносіць прыбытак і неабходныя ўкладаньні. Гонар спадара Ўладзімера — сучасны трохпавярховы дом, які, словамі суразмоўцы, павінен стаць надзейным прытулкам наступным пакаленьням фэрмэраў Матусевічаў.