Ці павінны беларускія войскі ўдзельнічаць у міратворчай апэрацыі ў Кіргізстане? Адказваюць менскія мінакі.
Юнак: «Не, гэта справа ня нашай краіны. Гэта ня наша вайна».
Спадар: «Я лічу, што мы не павінны, паколькі мы самастойная дзяржава. Няма неабходнасьці дапамагаць кіргізам, няхай самі разьбіраюцца. Яны, канечне, наш братні народ, але гэта, я лічу, іх вайна».
Вайсковец: «Я думаю, не. Мы павінны захоўваць нэўтралітэт».
Другі вайсковец: «У нашай Канстытуцыі прапісана: „Абараняць Рэспубліку Беларусь“. А навошта нам туды сунуцца? Гэта ж ня наша краіна».
Карэспандэнтка: «Але вы вайскоўцы, салдаты...»
Вайсковец: «Нам загадаюць — мы выканаем. Але нашых прамых інтарэсаў там няма. Чаму мы павінны туды ісьці?»
Салдат: «Я думаю, што ня трэба. Навошта нашай краіне чужыя праблемы?»
Юнак: «Я думаю, ня варта гэта рабіць».
Студэнт: «Беларусь, дзякуй Богу, і так колькі гадоў ня ўдзельнічала ні ў якіх канфліктах, не накіроўвала нікуды войскі».
Спадар: «Аўганістану ўжо ў нашым жыцьці хапіла».
Карэспандэнтка: «Ці патрэбна ўводзіць міратворчыя беларускія войскі для навядзеньня парадку ў Кіргізстане?»
Спадар: «Ня трэба. Толку ня будзе ўсё адно. Няхай яны там самі разьбіраюцца».
Студэнт: «Ні ў якім разе. Справа ў тым, што тады ў войска прызавуць мяне, і давядзецца ісьці. А Бакіеў схаваўся ў нашай дружалюбнай краіне».
Спадар: «Я лічу, што не. Нічога добрага з гэтага ня выйдзе».
Спадар: «Не, ня трэба. Я б не сказаў, што гэта наш братні народ. Ён даволі далёкі ад нас, зь іншым мэнталітэтам».
Дзяўчына: «З аднаго боку, хочацца, каб і там быў парадак, каб людзям было добра. З другога боку, ня хочацца, каб там нашы людзі гінулі».
Спадарыня: «Я думаю, ня варта. Там хутка ўсё само сабой растрасецца».
Карэспандэнтка: «Вось вы курсанты, гэта можа і вас тычыцца».
Курсант: «Мне здаецца, што не. Навошта вайна? Мы вучымся для таго, каб абараняць, а не для таго, каб ваяваць. Я асабіста супраць».
Карэспандэнтка: «Але яны просяць дапамагчы...»
Курсант: «Ну, калі ў якасьці сяброўскай міратворчай місіі завезьці туды правізію, гуманітарную дапамогу. Але ня зброю».
Карэспандэнтка: «А вайскоўцам беларускім там няма чаго рабіць?»
Курсант: «Няма чаго, няма чаго».