Іранская нафта Беларусі ня выратуе

Сэед Абдула Хасэйні

Амбасадар Ірану ў Беларусі Сэед Абдула Хасэйні паведаміў, што пачатак прамысловай здабычы нафты сумесным беларуска-іранскім прадпрыемствам на радовішчы Джафэйр чарговым разам адкладзены, цяпер да кастрычніка. Між тым аналітыкі ставяць пад сумнеў эфэктыўнасьць самога праекту.

Пробная здабыча нафты на радовішчы Джафэйр у Іране пачалася яшчэ летась. Мінулай восеньню ўжо чакаўся ўрачысты пачатак прамысловай здабычы, у сувязі з чым быў заплянаваны візыт А. Лукашэнкі ў Іран. Пазьней з-за тэхнічных праблемаў у арганізацыі праекту ўрачысты пуск і візыт перанесьлі на чэрвень гэтага году. А цяпер ён зноў адкладзены.

Сэед Абдула Хасэйні: «Да прамысловай здабычы нафты на радовішчы Джафэйр пакуль яшчэ не гатовыя, але, паводле апошняй інфармацыі, у кастрычніку ўсё будзе падрыхтавана. І пакуль што я магу сказаць, што паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Іран чакаецца ў кастрычніку».

Першапачаткова на радовішчы Джафэйр плянуюць здабываць да 5 тысяч барэляў нафты ў дзень, пазьней — да 30 тысяч. Усю здабытую нафту будзе прадаваць Нацыянальная нафтавая кампанія Ірану, якая ўкладае ў праект асноўны пакет інвэстыцый. Пра магчымасьць паставак гэтай нафты ў Беларусь размова не ішла. Але сёньня амбасадар Ірану сказаў, што калі беларускі бок зьвернецца з такой просьбай, то Тэгеран пастараецца выканаць яе.

Амбасадар Ірану ў Менску Сэед Абдула Хасэйні сёньня таксама заявіў, што новыя санкцыі ААН супраць Ірану не паўплываюць на двухбаковыя адносіны паміж Менскам і Тэгеранам:

«У рамках міжнародных правіл мы пасьпяхова разьвіваем нашыя двухбаковыя дачыненьні, і гэтыя санкцыі ня будуць мець для іх ніякіх нэгатыўных наступстваў».

У МЗС Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца ад ацэнак новых санкцыяў супраць Ірану, ухваленых у ААН з-за ядзернай праграмы Тэгерану пры падтрымцы ЗША, Расеі і КНР. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

«Адказ просты: усе абавязаньні ў рамках рэзалюцыі Рады Бясьпекі Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябра ААН будзе выконваць».

Ацаніць уплыў санкцыяў ААН супраць Тэгерану на двухбаковыя беларуска-іранскія дачыненьні Андрэй Савіных ня змог.

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што гэтыя дачыненьні асабліва не пацярпяць, бо яны ня маюць істотных маштабаў:

«Беларусь сама не ўратуе Іран. Калі да санкцыяў далучацца Эўразьвяз, Японія, дый Кітай і Расея ня супраць…Таму я думаю, што калі Беларусь будзе тут мець нейкі асаблівы пункт гледжаньня, то гэта будзе толькі раздражненьне для ўсіх гульцоў. І апрача пшыку, ніякага іншага выніку для афіцыйнага Менску гэта ня дасьць».

Што да нафтавага праекту Беларусі ў Іране, то асаблівай выгады краіне ён таксама не прынясе, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы.

Пастаўкі іранскай нафты ў Беларусь замест расейскай цяжка будзе ажыцьцявіць, дый перапрацоўваць іранскую нафту на беларускіх НПЗ будзе складана і нявыгадна, — перакананая аналітык Тацяна Манёнак:

«Паставіць гэтую нафту з Ірану, відавочна, магчыма, калі нейкім чынам падрыхтаваць калідор. Але пакуль што ён не адпрацаваны. Пакуль што выгаднай лягістыкі няма».

Апрача таго, спадарыня Манёнак мяркуе, што спадзявацца на вялікія аб’ёмы здабычы Беларусьсю нафты ў Іране няма падставаў. У любым выпадку замяніць расейскую сыравіну яны ня змогуць.