Цэнтралізаванае тэставаньне: пачалі зь беларускай мовы

Сёньня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне. На ўсе прадметы зарэгістравалася больш за 172 тысячы чалавек. А сярэднюю школу сёлета скончылі 88 тысяч чалавек. То бок астатнія — выпускнікі мінулых гадоў, якія хочуць атрымаць другую адукацыю.
Першы іспыт — беларуская мова. На гэты тэст зарэгістраваліся 67483 чалавекі. Для параўнаньня: расейскую мову будуць здаваць 105 тысяч.

У будынак, дзе праводзіцца тэставаньне, пускаюць толькі з пашпартам, пропускам і чорнай гелевай асадкай. Нават паперу для чарнавікоў выдадуць у аўдыторыі. На напісаньне тэсту па мовах даецца 2 гадзіны. А палове на першую абітурыенты пачынаюць выходзіць з будынку.

Карэспандэнтка: "Вы толькі што здалі тэставаньне. Ну і як? Цяжка было?"

Дзяўчына: "Не, ня вельмі цяжка. Нармальна".

Карэспандэнтка: "А пытаньні былі толькі тыя, што ў школе праходзілі, ці былі больш складаныя?"

Дзяўчына: "Не, толькі тое, што праходзілі ў школе".

Юнак: "Цяжкага нічога асаблівага не было. Калі добрасумленна вучыць, хадзіць на заняткі, усё даволі лёгка".

Карэспандэнтка: "А былі тэмы, якія выклікалі пытаньні, роздум?"

Дзяўчына: "Са знакамі прыпынку крыху складана было".

Хлопец: "Націск у словах".

Дзяўчына: "Граматыка".

Юнак: "Самае цяжкае для мяне было правільна запоўніць блянк, на якім выконвалі заданьні. А так цяжкасьцей ніякіх не было. Усё было зразумела".

Карэспандэнтка: "Скажыце, а атмасфэра ў аўдыторыі якая?"

Юнак: "Цёплая атмасфэра, напружанасьці ніякай не было".

Трапляліся і такія абітурыенты, якія выбралі для тэсту беларускую мову, хоць па-беларуску гаварыць ня ўмеюць.

Карэспандэнтка: "Што самае цяжкае было ў тэсьце?"

Юнак: "Б" задание тяжёлое было".

Карэспандэнтка: "А па-беларуску адкажаце?"

Юнак: "Я не умею по-белорусски. Говорить не умею, а эти... знаю".

Карэспандэнтка: "Правілы?"

Юнак: "Да, правила знаю, а говорить не могу".

У мінулыя гады на ЦТ па беларускай мове самым складаным для абітурыентаў аказвалася вызначыць правільны націск у прапанаваных словах. З гэтым заданьнем здолелі справіцца толькі 16,5% (прыклады: мармур, кухар, цяжар, дасыта, крапіва). З фанэтычнымі і артаэпічнымі асаблівасьцямі беларускай мовы ўправілася толькі чвэрць удзельнікаў тэставаньня; з асаблівасьцямі дзеяслоўнага кіраваньня — 22%, з параўнальнымі зваротамі — 23%, ступенямі параўнаньня прыметнікаў і прыслоўяў — 27%. Традыцыйна цяжкім застаецца для абітурыентаў правапіс прыслоўяў і словаў, блізкіх да іх, правапіс парадкавых і дробавых лічэбнікаў. У той жа час складальнікі тэстаў сьцьвярджаюць, што няма ніводнага заданьня ў тэстах, якое б выходзіла па-за межы школьнай праграмы. Настаўніца беларускай мовы Алена Сом тлумачыць гэта тым, што на беларускую мову адводзіцца адзін урок на тыдзень і вучні не пасьпяваюць засвоіць матэрыял:

Лера Сом
"Справа ў тым, што, напрыклад, на ступені параўнаньня прыметнікаў адводзіцца адна гадзіна. І за гэтую гадзіну добра, калі вучні зразумеюць зьяву. А калі браць новыя падручнікі, дык там яшчэ і няма ніякіх практыкаваньняў на нармальнае замацаваньне гэтай тэмы. Новыя падручнікі наагул жахлівыя ў тым пляне, што няма магчымасьці вучням замацаваць тэму. Вось ёсьць тры ўзроўні ўспрыманьня: зразумець, што за зьява, знаходзіць яе, ведаць, як тэма ўтвараецца, і карыстацца ў маўленьні і тэкстах. Дык вось, у падручніках нічога гэтага няма. Па падручніку, калі настаўнік ня дасьць дадатковых практыкаваньняў, вучань ня зможа гэтыя тэмы засвоіць. І так з большасьцю тэмаў".

Вынікі тэстаў будуць вядомыя праз 10—14 дзён. Абітурыенты могуць знайсьці іх на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў, увёўшы дадзеныя свайго пашпарту.


"Ну як?"

"Нарэшце скончылася!"