Гаспадар маёнтку Матусевічы

Фэрмэр зь вёскі Мацкі на Меншчыне Ўладзімер Матусевіч вырошчвае больш за два дзясяткі розных сельскагаспадарчых культураў і пры гэтым, адрозна ад навакольных калгасаў, не залежыць ад банкаўскіх крэдытаў і ня просіць субсыдый на пасяўную і ўборку.
На ўезьдзе ў Мацкі гасьцей напаўпустой вёскі вітае бел-чырвона-белая шыльда з надпісам "Маёнтак Матусевічы". У лічбах — гэта 40 гектараў зямлі фэрмэра Ўладзімера Матусевіча, на якіх ён вырошчвае 24 віды гародніны. Цэнтрам гаспадаркі — вялікі трохпавярховы дом, па сутнасьці — сучасны замак. Гэта, як кажа гаспадар, спадчына наступным пакаленьням фэрмэраў Матусевічаў:

"Бываючы на Захадзе, заўсёды зьвяртаю ўвагу: на фэрме дзе-небудзь у Францыі выкладзеная з цэглы дата яе заснаваньня. Гэта 1800-я ці нават 1700-я гады. А я бяру свой пачатак з 1988 году, з голага месца. Дарогі будаваліся з нуля, садзіліся гэтыя дрэвы, усё на гэтай тэрыторыі капалася, высякалася. Гэта сыну ўжо будзе лягчэй, бо каб мне такое пакінулі… Тут побач мой стары дом, дзе я нарадзіўся. Пабудаваны пасьля вайны, там дзед пражыў, бацька з маці. Вось што мне засталося. Я ўжо пакіну сваім дзецям штосьці большае. Нават з гледзішча сельскага ляндшафту гэта ўжо будзе нешта крыху іншае. Хацелася адысьці ад звыклай у нашым разуменьні вёскі".


Карэспандэнт: "На Захадзе таксама нехта пачынаў, так і вы — пачынальнік".


"Я і кажу, што зайздрошчу ім па-добраму, бо ў іх там фэрмэрства разьвіваецца ўжо стагодзьдзі…"

Па словах спадара Матусевіча, гэта ці не адзіны ў Беларусі выпадак, калі ператвораны за савецкім часам у архаізм "маёнтак" набыў новае жыцьцё:

"З-за сваёй формы ўласнасьці часта праходжу перарэгістрацыю. Я суб'ект гаспадараньня, а ў сувязі з тым, што законы ў нас увесь час зьмяняюцца, трэба перапісваць статут ды ўсё астатняе. І вось якраз падчас апошняга перапісваньня статуту я памяняў назву. З самага пачатку была фэрмэрская гаспадарка Матусевіча, але я захацеў маёнтак. Усе дакумэнты, пакеты, паперы рыхтаваў на беларускай мове. Колькі давялося пахадзіць — пачынаючы ад упраўленьня юстыцыі да Міністэрства юстыцыі — таму што "нельга на беларускай мове". Чаму? Ды проста нельга, апрыёры. Але ўрэшце дамогся такой назвы. Шыльда зьявілася два гады таму, калі скончылася апошняя перарэгістрацыя. Цяпер усё афіцыйна, у мяне такія дакумэнты — у статуце менавіта "Маёнтак Матусевічы".

Уплыў цывілізацыі ў Мацках невыпадковы. Уладзімер Матусевіч пасьля заканчэньня талінскай мараходкі абышоў на рэфрыжэратары ўвесь сьвет, наведваў самыя далёкія краіны — Аўстралію, Сынгапур, Тайвань, партовыя гарады Эўропы і Амэрыкі. Пасьля "дэмабілізацыі" цягам 10 гадоў узначальваў у Менску адзін з ЖЭСаў, але родная зямля паклікала. Цяпер у міжсэзоньне самастойна вывучае досьвед фэрмэрскіх гаспадарак за мяжой, летась з гэтай мэтай аб'ехаў усю Францыю. І засмучаны, што ў сьвядомасьці беларусаў так моцна ўбітая калектыўная форма гаспадараньня:
прыватнік павінен быць усюды, і ня толькі ў сельскай гаспадарцы ...

"Праўда, сумняюся, ці яна ўсё ж такая калектыўная, як дэкляруецца. У нас дзяржава гаспадар, але гаспадар дрэнны, разумееце? Калгас толькі лічыцца калектыўнай гаспадаркай. Але калі адзін бесталковы — гэта таксама не гаспадар. Думаю, што прыватнік павінен валодаць вялікімі лятыфундыямі, а дзяржава яго павінна толькі крыху тыкаць: ты, маўляў, павінен выкарыстоўваць зямлю паводле прызначэньня, павінен араць, сеяць, займацца вытворчасьцю. Але гаспадар павінен быць адзін, заўсёды. Няхай у яго будуць працаўнікі, хай яны будуць сацыяльна абароненымі. Але гаспадар — адзін. Дарэчы, прыватнік павінен быць усюды, і ня толькі ў сельскай гаспадарцы. Прыватнік павінен быць і ў прамысловасьці, і ў іншых галінах эканомікі. Гэта ж сёньня ўжо і каню зразумела".




Уладзімер Матусевіч — зь ліку першых фэрмэраў Беларусі. Але кажа, што за два дзясяткі гадоў нічога істотнага не зьмянілася — вышэйшыя кіраўнікі па-ранейшаму ў штыкі сустракаюць прыватніка:

"Трымаюцца за мінулае, але рабіць гэта ўсё цяжэй. А аддаць прыватніку па-ранейшаму баяцца — хоць у вёсках хутка і людзей не застанецца. За 20 гадоў, калі мы ў 1991-м атрымалі незалежнасьць, можна было нешта зрабіць. Але мы ня толькі закансэрваваліся ў разьвіцьці, а яшчэ ганарыліся, што ў нас лепей, чым у літоўцаў, у латышоў, ва Ўкраіне. Але ня трэба ўладам расстройвацца, баяцца прыватнікаў. Як толькі пачыналі, у нас былі 4 тысячы фэрмэраў, зараз засталіся 2 тысячы. Гэта нармальна, таму што ня ўсе могуць гэтым займацца, тут натуральны адбор. Гэта эвалюцыя, тут патрэбныя гады, а мы захацелі ўсё за адзін раз. У аднаго фэрмэра не атрымалася, і на яго тыкаюць пальцам — бачыце, ён зямлю кінуў, не апрацоўвае. Але ж гэта нармальны працэс: зь дзесяці, можа, увогуле павінен застацца адзін — лепшы".

"Маёнтак Матусевічы" — фэрмэрская гаспадарка, спэцыялізаваная перадусім на гародніне. Па словах спадара Ўладзімера, ён вырошчвае практычна ўсе віды капусты, якія ёсьць у сьвеце, а таксама цыбулю, сельдэрэй, пятрушку і г.д. Кожнае каліва набіраецца сілы ў цяпліцах, пасьля чаго перакачоўвае на палі. Слабасьць гаспадара — кветкі. Ім аддадзеныя цэлыя плянтацыі, яны — абавязковы элемэнт шматлікіх альпійскіх горак і акультураных ляндшафтаў.


Уладзімер Матусевіч усьцешаны, што ўкладзеныя ў разьвіцьцё аграрнага бізнэсу сілы не змарнаваліся. Прынамсі, ён абгрунтавана можа назваць сябе "самадастатковым арганізмам", не залежным ад настрою чыноўнікаў:
Я не прашу працы, не прашу есьці і хлеба. Я сам сябе ўсім забясьпечваю ...

"Я не прашу кожны год грошы на пасяўную ці каб правесьці ўборачную. Гэта — мае праблемы. Адзіная рэальная праблема гаспадара — збыт. Мой клопат які? Гербіцыды купі, паліва купі, угнаеньня купі. Гэта жывыя грошы, разьлікі, складаныя схемы. Я гарантую аплату пад заробак ад рэалізацыі прадукцыі, ужо зараз зарабіў на цыбулі. Але ж я ні ў кога не прашу! А калгасы — у мільярдных даўгах. Яны чакаюць, калі ім запазычанасьці сьпішуць, калі ім сумы "пагасяць". Але ж гэтыя грошы аднекуль узялі. З таго ж "Белкалію", аднекуль зь менскіх прадпрыемстваў, з мытні. Нам не далі, вам не далі; адабралі — і ў гэтую прорву. А я ж сам кручуся, не прашу, каб мяне субсыдыявалі. Жонка пайшла на пэнсію з маёй гаспадаркі, сын працуе, нявестка, я працую; мы лічымся тут, я раблю ўнёскі ў фонд дзяржаўнага страхаваньня, іншыя плацяжы. Я не прашу працы, не прашу есьці і хлеба. Я сам сябе ўсім забясьпечваю".

Да ўсяго, Уладзімер Матусевіч — фэрмэр зь яскрава акрэсьленым нацыянальным ухілам. Доўгі час над ягоным маёнткам лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, аднак урэшце гаспадар саступіў просьбам мясцовых уладаў не "падстаўляць" іх перад вышэйшым начальствам. Матусевіч — заўсёдны ўдзельнік мерапрыемстваў дэмакратычнай апазыцыі. Аднак прызнаецца, што цяпер засмучаны адсутнасьцю адзінства ў шэрагах дэмакратаў.