У невялічкім музэі Васіля Быкава, які месьціцца ў офісе дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі ў Горадні, адбылася прэзэнтацыя аўдыёдыска “Доўгая дарога дадому”, апошняй кнігі Васіля Быкава.
Аляксандар Лукашук, кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода”, прадстаўляючы дыск зазначыў, што для яго вельмі сымбалічна тое, што першая прэзэнтацыя гэтага дыска адбываецца менавіта ў Горадні, у тым месцы, дзе доўгія гады жыў, працаваў і рабіў сваю біяграфію Васіль Быкаў.
Ён распавёў прысутным аб тым, як пісьменьнік штодня прыходзіў у праскую студыю Свабоды, сядаў перад мікрафонам і пачынаў чытаць…, і такім чынам назаўсёды на Свабодзе застаўся ягоны голас, які зможа вяртаць нас у час, дзе жыў пісьменьнік.
Адзін невялічкі ўрывак Васіля Быкава менавіта ў той час, калі ён жыў у Горадні, Аляксандар Лукашук працытаваў: “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю “Свабоду”. Тое сталася звычаем і патрэбай душы…”.
У невялічкім музэі Быкава ў Горадні сёньня прысутнічала няшмат людзей, заля маленькая, але атмасфэра камэральная і, як казалі наведвальнікі вельмі ўрачыстая. Сьціпла з боку стаяў Генадзь Мацур, які рабіў графічны дызайн вокладкі і які пазьней сказаў, што для яго вельмі важна мець дыск начытаны Васілём Быкавым.
Павал Мажэйка, адзін з выдаўцоў “Гарадзенскай бібліятэкі” у якой дарэчы выйшла кніга пра жыцьцярыс пісьменьніка “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця” аўтарства Сяргея Шапрана зазначыў пасьля прэзэнтацыі для нашага радыё:
“Асабіста для мяне перш за ўсё Васіль Быкаў застаецца гарадзенцам, а на ягоны сьветапогляд перш за ўсё ўплывалі падзеі, якія адбываліся ў гэтым горадзе, на гэтай зямлі, сустрэчы, якія былі з гарадзенцамі і ён таксама ўплываў і надалей уплывае на наша сёньняшняе жыцьцё. Таму для мяне вельмі важна ўспрымаць Быкава непасрэдна праз ягоны голас, а не праз літаратуразнаўства, альбо погляды іншых людзей”.
Пасьля прэзэнтацыі аўдыёдыска Аляксандар Лукашук яшчэ доўга гутарыў са слухачамі Свабоды, якія выказвалі свае пажаданьні і заўвагі.