У Капэнгагене 11 чэрвеня завяршылася юбілейная канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная 20-годзьдзю падпісаньня Капэнгагенскіх пагадненьняў. Пагадненьні былі прысьвечаныя разьвіцьцю дэмакратыі і правоў чалавека ў краінах-падпісантах АБСЭ. Ад незалежнай дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ўдзел у канфэрэнцыі прымаў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Як паведаміў Свабодзе спадар Бяляцкі, падчас свайго выступу ён падкрэсьліў, што 1990 год быў унікальным часам, бо пагадненьні, якія тычыліся свабоды СМІ, свабоды правядзеньня сходаў, празрыстых дэмакратычных выбараў, палітычных правоў грамадзян, дзяржавы-падпісанты ўзялі на сябе абавязак выконваць. Унікальнасьць моманту была ў тым, што раней былы Савецкі Саюз, а таксама некаторыя іншыя сацыялістычныя краіны, да прыкладу, Польшча ці Чэхаславакія, не гатовыя былі б падпісаць такое пагадненьне. Пазьней шэраг падпісантаў таксама не змаглі б гэта зрабіць, бо шматлікія краіны, якія ўтварыліся пасьля развалу Савецкага Саюзу, моцна адхіліліся ад тых пастулятаў, якія дэкляраваліся ў Капэнгагенскіх пагадненьнях. Да прыкладу, Туркмэністан, Узбэкістан, Азэрбайджан і Беларусь на сёньня былі б не гатовыя падпісаць пакет пагадненьняў па дэмакратычных абавязках у галіне правоў чалавека і разьвіцьця дэмакратыі ў сваіх краінах.
Алесь Бяляцкі: «На жаль мы вымушаныя канстатаваць, што ў Беларусі гэтыя пагадненьні парушаюцца практычна, па ўсіх асноўных накірунках. У сваім выступе я казаў, што ў нас адсутнічаюць свабодныя і незалежныя выбары, што выбары фальсіфікуюцца, што адсутнічае права на сходы, абмежаванае права на аб’яднаньні палітычных партый і грамадзкіх, рэлігійных арганізацый».