Гісторыя аднаго цуду: Ніна Здановіч

Ніна Здановіч. Фота Арцёма Канцавога.

Беларускую Майстроўню трыццаць гадоў таму стваралі студэнты розных менскіх вышэйшых школаў. Можна дапусьціць, што сярод іх, захопленых гісторыяй, культурай і мовай, будзе шмат гісторыкаў. Але гісторыкаў сярод заснавальнікаў не было. Пераважалі мастакі, філёлягі, журналісты, да іх далучаліся матэматыкі, архітэктары, перакладчыкі, музыкі, лекары, рабочыя... Адзіным прафэсійным гісторыкам у Майстроўню прыйшла Ніна Здановіч.



Рэч ня ў тым, што гісторыкі займалі адносна Майстроўні адмысловую пазыцыю. Яны ўвесь час былі разам з майстроўцамі й на той самай ноце. Але да нефармальнага руху далучыліся ўжо на сыходзе Майстроўні. Улетку 1983 году Генадзь Сагановіч створыць у Менскім пэдінстытуце сваю суполку -- Нашчадкаў, па сутнасьці такую самую Майстроўню. Але гэта будзе ўлетку. А яшчэ вясной у менскім парку Купалы на самым масавым майстроўскім “Гуканьні вясны” гісторыкам ад Майстроўні была толькі Ніна Здановіч. Прычым прыйшла яна сюды праз археалёгію, быццам знайшла тую Майстроўню дзесьці ў культурных напластаваньнях мінулых вякоў...

ГУДОШНІЦА


Ніна: “У Майстроўню я прыйшла з археалягічных экспэдыцыяў, праз рэстаўрацыйныя майстэрні.
Ніна і Вэрця ў майстроўскія часы.
Там Вэрця Лазоўская была...

Я тады вучылася на гістарычным факультэце БДУ. І спэцыялізавалася на археалёгіі. Таму – раскопкі, экспэдыцыі, розныя людзі... Значыць, на фінале студэнцкага жыцьця дзесьці. А пасьля, калі я ўжо паступіла ў асьпірантуру, мы ўжо стала з майстроўцамі трымалі сувязь, я рэгулярна хадзіла на рэпэтыцыі. Яно неяк лягло на душу, усё гэта”.

Дубавец: Але народныя песьні ня ўпалі на Ніну як сьнег на галаву. Яна чула іх зь дзяцінства.
Віялета Ефіменка праводзіць сьпеўкі ў Майстроўні, 11 красавіка 1983 году.
Іншая рэч, што ў Майстроўні абудзілася цікавасьць да гэтых песень, якія раптам сталі сваім і важным складнікам асобы, характару, атачэньня.

Ніна: “Да гэтага я што-нішто чула з гэтага, таму што ў мяне сёстры нашмат старэйшыя за мяне, і калі наша вялікая сям’я зьбіралася, то заўсёды сьпявалі песьні. Гэта значыць, што нейкія майстроўскія песьні я чула ўжо зь дзяцінства, як іх сьпявалі мае сёстры. А пасьля любоў да гэтага ўсяго, да фальклёру прыйшла толькі праз Майстроўню. Памятаю, як Віялета Ефіменка нас муштравала. Я б не сказала, што строгая была, але яна дабівалася якасьці.

Гэта было так нязмушана. Наогул з вакальнымі дадзенымі ў мяне так, сярэдне, я такая гудошніца, што называецца. Паўтона туды, паўтона сюды... Як кажа мой муж, цябе нельга ў акадэмічны хор браць. Таму што я магу перайсьці зь першага голасу на другі і з другога на першы, абсалютна не заўважыўшы. Для народных харавых сьпеваў ля вогнішча мой голас у прынцыпе падыходзіць, але саліраваць ніколі не спрабавала.

Я са Слоніма, з заходняй Беларусі. Там нарадзілася й жыла да 18 гадоў. Хоць я жыла ў горадзе, але мае бацькі пераехалі зь вёскі за два гады да майго нараджэньня. А сям’я вялікая ў мяне. Сем сястрычак і два браты. Таму вёска як бы прыехала разам з намі ў горад.

КАБ ДЗЕЦІ НЕ БЫЛІ КАЛГАСЬНІКАМІ


Юбілейнае фота Ніны Здановіч у “Газеце Слонімскай”.
У вёсцы бацька ўзяў мацеру за жонкі і пры ёй пасаг быў пяць гектараў зямлі. А ў 1957 годзе ўтварылі калгас і адрэзалі гэтую зямлю па самы надворак. Засталося, маці казала, ці то дзьве з паловай ці то чатыры соткі з тых пяці гектараў. А ў бацькі на руках дзевяць дзяцей. Ён сабраўся й паехаў зь вёскі ў горад, бо не хацеў у калгас ісьці. І прыехаў хаця б на трыццаць шэсьць сотак на ўскрайку гораду ў хату, якой ужо сто гадоў было, у маленькую халупку. З новай хаты, пяцісьценкі, у якой толькі сем гадоў пражылі ў вёсцы. Усё дзеля таго, каб пракарміць дзяцей. Каб дзеці не былі калгасьнікамі, як ён казаў”.

Дубавец: У ранейшыя часы такія словы насьцярожылі б ня толькі распалены слых энкавэдыста, але й кожнага тыповага беларускага мігранта зь вёскі ў горад. У сям’і Ніны сьпявалі. У сем’ях тыповых мігрантаў у першым пакаленьні сьпявалі таксама -- занадта моцна яшчэ звычка сядзела ў генах. Але разам зь пераходам на “гарадзкую” мову, людзі пераходзілі й на “гарадзкія” песьні. З усіх сілаў імкнуліся пазбавіцца цьвёрдага “ч”, з такой самай упартасьцю пазьбягаючы ў застольлях таго, што сьпявалі ранейшыя пакаленьні. Памятаю зь дзяцінства, што ў менскіх кватэрах учорашніх вяскоўцаў амаль абавязкова знаходзіўся які-небудзь зашмальцаваны расейскі “Песенник” і як за сталом уся грамада старанна зацягвала пра “белой армии оплот” і “оренбургский платок” ці зь якой стараннасьцю й жорсткай насалодаю прасьпёўваліся расейскія словы, якое-небудзь “серьдце”... Але ў слонімскіх Здановічаў сьпявалі ранейшыя песьні, што міжволі сьведчыла пра здаровы адпор русіфікацыі, а значыць і пра пэўную неляяльнасьць да ўлады ў гэтай вялікай сям’і.

КАРАТКЕВІЧ І МАЙСТРОЎНЯ


Ніна: “На мой пагляд, беларускае адраджэньне 1980-х гадоў падрыхтаваў сваімі творамі Караткевіч. Таму што ўся без выключэньня апантаная беларушчынай моладзь была проста захопленая Караткевічам, гісторыяй, ганарылася сваёй спадчынай. І другое – Майстроўня. Таму што Майстроўня дала падпітку душы. Адна справа мець гонар, а іншая справа, калі гэтым гонарам можна падзяліцца, калі ён выліваецца праз гэтыя песьні, праз гэтую мэлёдыку. Адна справа, калі ты ведаеш, што ёсьць фальклёрныя песьні, і зусім іншая, калі ты пазнаеш не адзін, ня два, а дзясяткі тэкстаў і прычым гэтыя тэксты становяцца тваімі. Пачынае сьпяваць душа. І калі душа засьпявала, гэта ўжо грунт, гэта тое, што застаецца на ўсё жыцьцё.

Гуканьне вясны, 1983 год. Ніна трэцяя зьлева.

Таму кожны майстровец, я мяркую па сабе, у душы гэта нясе праз усё жыцьцё. Празь мяне, напрыклад, майстроўскія песьні пайшлі ў кожную археалягічную экспэдыцыю, у якой я ўдзельнічала. Бо вогнішчы па вечарох – гэта неад’емная частка экспэдыцыяў, а там -- размовы па душах і песьні пад зоркамі. Мы сьпявалі не “Паруса Крузенштерна”, мы сьпявалі свае песьні.

Пасьля гэтыя майстроўскія песьні выліліся ў застольныя. Калі я прыяжджала дахаты, традыцыя ўжо была такая, калі зьбіраліся, сьпяваць. Пасядзім трошкі, паўспамінаем, абавязкова нехта скажа: ай дзеўкі, давайце засьпяваем. І я гэтым майстроўскім песьням навучыла сваіх сёстраў. А сёстры навучылі сваіх дзяцей. Такі вось розгалас пайшоў далей”.

РАСПАЎСЮДЖВАНЬНЕ


Дубавец: Мы запісвалі сьпевы сваіх вясковых бабуль, пачыналі сьпяваць іх самі, ад нас пераймалі іншыя, якія пасьля ехалі да сваіх бабуль з тымі ж песьнямі. Схематычна перайманьне адбывалася праз пакаленьне, бо на масавым узроўні з кругазвароту традыцыйнай духоўнай культуры выключалася пакаленьне бацькоў, на якое прыпала масавая міграцыя зь вёскі ў горад і адмова ад гэтых традыцыйных каштоўнасьцяў узамен на гарадзкі, гэта значыць, рускамоўны кшталт жыцьця.

У майстроўскага пакаленьня такой праблемы, такога бар’еру з наступнікамі, уласнымі дзецьмі ўжо не было.

Ніна: “У маёй дачкі дзесьці ва ўзросьце шасьці-сямі гадоў зьявіліся любімыя песьні менавіта з майстроўскага рэпэртуару. А паколькі яна другой палоўкай палачанка, а я ёй некалі прасьпявала песьню пра царкоўку, пра царкоўку, пра макоўку, пра гнязьдзечка і пра Полацак, дык памятаю, што гэта была першая песьня, якую яна папрасіла: мама, а прасьпявай яшчэ.



Нашы дзеці да гэтага песеннага рэпэртуару таксама далучыліся. І гэты нібы пасіў, які ў зборніках “Беларускай народнай творчасьці” назапашваўся, ператварыўся ў актыў. Са спадчыны ў музэйным сэнсе дзякуючы Майстроўні песенны фальклёр і фальклёрныя традыцыі, зьвязаныя са сьвятамі, з абрадамі, пераводзіліся ў жыцьцё. Паступова, нязмушана.

Нам было вельмі цікава. Можа таму, што ў 18, 20, 22 гады гэта ня можа не заварожваць, ня ўцягваць у гэты карагод. Настолькі жыва ўсё гэта памятаецца, і арэлі ў парку і вербачкі, якімі стараліся дакрануцца адзін да аднаго, і песьні тым больш...

І памятаю твары людзей. Людзі ішлі па сваіх справах праз парк ці недзе побач міма... Яны літаральна зьбягаліся ў парк і глядзелі, выцягнуўшы шыі. Такое не забываецца. Там не было ніякага афіцыёзу, абсалютна. Таму дзякуй таму чалавеку, які выпусьціў гэтую пташку веснавую. Бо я ўпэўненая, што той, хто бачыў гэтае “Гуканьне”, ён таксама яго запомніў як адну зь незвычайных старонак свайго жыцьця. Нават калі ён быў простым гледачом усяго гэтага.



“ТЫ ДУБРОВА, ТЫ ЗЯЛЁНА”


І калі браць экспэдыцыі, дык звычайна мы па выходных, калі выяжджалі далёка ад Менску, ніколі не сядзелі на месцы. Мы абыходзілі ўсё навакольле. Пешкі, нагамі ўсюды хадзілі. І калі нехта пытаўся, ці далёка, напрыклад, да ветрака старога ці нейкай закінутай сядзібы, дык той, хто хадзіў, звычайна адказваў: ай, не далёка, ну пяць “Дуброваў”. Мы ўжо мералі дарогу песьнямі. І песьня “Ты дуброва, ты зялёна” была нашай маршавай песьняй. Яна вельмі файна кладзецца на рытм хады. Прычым, першы раз калі слухаў хто, ніводнага чалавека не сустрэла, каму б яна не спадабалася. І было адзінае жаданьне – а прасьпявайце яшчэ. І пасьля другога-трэцяга куплета пачыналі далучацца. І яна станавілася нашым гімнам, нашай паходнай песьняй”.

Дубавец: Архаіка народнай песьні заварожвае. Ты не заўсёды разумееш сэнс таго, што сьпяваеш, але эфэкт неразуменьня для цябе – не тарабаршчына, а “машына часу”, быццам ты апынаесься трыста ці пяцьсот гадоў таму сярод сваіх уласных продкаў, якія пяюць тое, што ім добра зразумелае, а ты толькі далучаесься да працэсу сьпяваньня, падхопліваеш, як зьвяно, што прагне заняць сваё месца ў ланцугу пакаленьняў, бо на нейкі час тваё зьвяно было выштурхнутае з гэтага ланцуга. Ты пяеш незразумелыя словы, быццам адчуваеш з бакоў плечы сваіх прашчураў, быццам праходзіш урачысты рытуал пасьвячэньня ў свае.

Песьню “Ты дуброва, ты зялёна” я запісаў ад свае бабулі ў Мазырскім раёне ў 1978 годзе. У горадзе бабулю называлі бабушка Феня, а дома ў Мялешкавічах – Хвядора з дадаткам Дубаўчыха, бо Хвядоры там былі цераз хату.

Пазьней варыянт гэтай песьні я знайшоў у пятым томе “Люду беларускага” ў разьдзеле “Нешчасьлівае замуства”. Міхал Федароўскі запісаў песьню ў вёсцы ШчАснавічы цяперашняга Ляхавіцкага раёну.

Натуральна, незразумелы тэкст будзе бянтэжыць цябе, твой розум, ты будзеш думаць пра гэта цяпер ужо ўсё жыцьцё. Што гэта ўсё значыць? Чаму менавіта купцы едуць па дуброве? І чаму гэтыя купцы на дуброве дубцы рэжуць? І чаму яны на карэньні агонь кладуць? Можа быць, яны робяць ляда – выпальваюць лес пад пасевы? Але чаму купцы? Можа быць, яны гандлююць зямлёю? А можа... У савецкім войску купцамі называлі афіцэраў, якія з ваенкамату разьбіралі навабранцаў у розныя часткі па ўсёй вялізнай краіне. Дык можа быць і ў даўнейшыя часы купцамі называлі тых, што праводзілі рэкруцкія наборы. На 25 гадоў. У бабуліным рэпэртуары было шмат такіх песень – пра 25 гадоў, можна цэлы зборнік скласьці з драматычных сюжэтаў, асабліва пра вяртаньне гэтых самых рэкрутаў дадому, дзе ўжо нічога знаёмага не засталося – дзе цалкам зьменены сьвет.

Але далей ў нашай песьні ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра вяртаньне з вайны. Усе мужы з вайны едуць, майго мужа каня ведуць. Вы салдаты, вы жынеры, дзе вы майго мужа дзелі?.. Ізноў загадка. Пры чым тут жынеры-інжынэры. І чаго гэта яны едуць з вайны разам з салдатамі? А можа быць, гэта апазыцыя заходніх рэаліяў і ўсходніх – салдаты і жаўнеры? І вайна адбывалася ня недзе далёка, а тут, літаральна за даляглядам. Тады салдат – гэта расейскі, царскі салдат. А жаўнер? Калі гаворка больш-менш пра 19 стагодзьдзе, дык гэта ці паўстанец Касьцюшкі, ці паўстанец 1831 году ці паўстанец 1863 году, каліновец. Калі ж песьня з ранейшых стагодзьдзяў, дык жаўнер адназначна прадстаўляў рэгулярнае войска Вялікага княства Літоўскага. Магчыма таксама, што ў старую песьню патрапілі рэаліі мінулага, дваццатага стагодзьдзя. А тады калі гэта магло быць? У 1920-м, калі мазырскае Палесьсе было ахопленае супрацьстаяньнем бальшавікоў і войскаў генэрала Булак-Балаховіча. У войску Балаховіча салдат называлі жаўнерамі... У кожным разе салдат у гэтай песьні – прышлы, а жаўнер свой.

Праўда, кабеце, якая сьпявае гэтую песьню, усё адно, хто там – салдаты ці жаўнеры, яна пытаецца – дзе вы майго мужа дзелі? Дзе вы яго каня ўзелі? Далей чыстая паэзія:

Ўзелі каня на дуброві,
Ляжыць мілы ў чыстым полі,
Ў правай руцэ руж’е дзержыць,
А леваю росу берэ,
Па сырданьку палівае,
Таварышам прамаўляе:
Таварышы, братцы мае,
Як пайдзеце ў краі мае,
Накажэце жане маёй,
Няхай яна мяне не жджэ,
Няхай яна замуж ідзе.

Раптам актуалізуецца розьніца паміж салдатам і жаўнерам і гучаць фінальныя словы, якія робяць песьню сапраўднай залацінкай:

Няхай не йдзе за салдата,
Няхай ідзе за жаўнера.
За салдатам гора ймецца,
Не раз не два наплачэцца.
За жаўнерам добра будзе,
Яна мяне не забудзе.

Што праўда, гэта залацінка ўжо сэнсава адаптаваная. У варыянце, які запісаў Федароўскі няма апазыцыі салдат-жаўнер ці інжынэр, там проста “няхай ідзе за другога”, але фінальныя радкі нясуць больш складаны сэнс:

Ой, калі ёй да пагорш будзя,
Яна мяне спамінаць будзя,
Ой, калі ёй да палепш будзя,
Яна мяне праклінаць будзя.

Гэта значыць, будзе ёй горш, дык і жыцьцё са мной мёдам падасца, а будзе шчасьлівая, дык прыпомніць мне ўсе разам перажытыя дзянькі...

КОЛА ГІСТОРЫКАЎ


Ніна: “Я як з Майстроўні прыйшла ў экспэдыцыі, дык там загучалі майстроўскія песьні і яны сталі нашымі песьнямі і для Алеся Краўцэвіча і для Ірыны Ганецкай, Алы Сташкевіч, Генадзя Сагановіча. Наша кола прыкладна аднаго ўзросту, два-тры гады паміж намі розьніцы. Яны ўжо не хадзілі ў Майстроўню, але майстроўская традыцыя бяз шыльды ўвайшла ў іх жыцьцё.

Памятаю, ладзілі традыцыйнае вясельле. Проста абрад. І нявесту на дзяжу садзілі і касу распляталі, песьні сьпявалі вясельныя і нават памятаю такі цікавы эпізод. Бабулі мясцовыя з хат павылазілі, прыйшлі й пытаюцца: а гэта сапраўднае вясельле? Мы кажам: сапраўднае, сапраўднае. І гэтыя бабулі паселі на траву і сталі разам з намі сьпяваць гэтыя вясельныя песьні. І карагоды вадзілі і вяночкі плялі”.

Дубавец: Гісторык Генадзь Сагановіч на маю просьбу ў лісьце да мяне ўдакладніў храналёгію гэтых падзеяў:

Генадзь Сагановіч
“Нашчадкі стварыліся ў 1983-м, летам. Летам, калі я ствараў будатрад, мы закантачылі, запрасілі Віялету, і потым да нас прываліла ўся Майстроўня на вясельле. Вясельле было славутае! Здымкаў мора засталося. Проста мы зладзілі рытуальнае беларускае вясельле -- быццам выдавалі дзяўчыну з Нашчадкаў за нашага ж хлапца. У строях, ясна. Конь, брычка, шалястуны... Вёска прыйшла, бабулі дапамагалі сьпяваць, наехала зь Менску, словам -- фурор быў. І потым на разьвітаньне здымаліся -- Майстроўня з Нашчадкамі”.

“МЫ БЫЛІ АДЗІНЫМІ”


Ніна: “У археалёгію я прыйшла... Пасьля першага курсу ўнівэрсытэта я трапіла ў першую экспэдыцыю ў архітэктурна-археалягічны будаўнічы атрад, які капаў Лідзкі замак. І ўзначальваў экспэдыцыю Алег Трусаў. Нас было чатыры дзяўчынкі. Ну ў яго, мабыць, вока намётана, каго выбраць, каго заразіць гэтай хваробай, якая называецца археалёгія. І ён чамусьці выбраў мяне. І калі ўжо скончыўся сэзон і падышла пара выбіраць тэмы курсавых работ, ён неяк патэлефанаваў і спытаў: ці хачу я ўзяць курсавую па археалёгіі. А я ўжо закахалася ў гэтыя чарапкі. І пачала пісаць курсавую работу на другім курсе і так да пятага. Потым дыплём”.

Гуканьне вясны, Менск, 1983 год. Ніна Здановіч на пярэднім пляне.

Дубавец: Удзельнікі гэтых перадач ужо згадвалі і яшчэ згадаюць, як езьдзілі ў археалягічныя экспэдыцыі. Ня важна, што не гісторыкі. У гэтым было яшчэ адно захапленьне майстроўцаў, у якім літаральна перадаваўся сэнс – дакапвацца. Яны дакапваліся да гістарычнае праўды, да таямніцаў фальклёру, да беларушчыны, а ў гэтым выпадку – да артэфактаў, якія можна было ўзяць у рукі.

Ніна: Майстроўцы шукалі, дакапваліся да Беларусі праз фальклёр, а тут, у археалягічных раскопках, у экспэдыцыях у іх была магчымасьць рукамі пакратаць гэтую мінуўшчыну, гэтую традыцыю. Знайсьці ня толькі духоўную культуру, але й матэрыяльную.

Нас было многа і мы былі адзінымі”.