Калісьці – гэта было яшчэ ў Менску – мяне вельмі ўзрушыла адна тэлеперадача, у якой вялося пра адмысловую швайцарскую клініку пад рамантычнай назвай “Дыгнітас”, то бок “Годнасьць”. Клініка спэцыялізуецца на эўтаназіі, яе пацыентамі становяцца тыя, хто, пакутуючы ад той або іншай невылечнай хваробы, вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём.
Гэта як першаклясны гатэль, у якім селяцца навечна, з зайздрасьцю казаў журналіст, апісваючы клініку і называючы прыкладны кошт, у які абыходзіцца пацыентам кароткі побыт у “Дыгнітас”: такія рэчы цікавяць тэлегледачоў больш за ўсё.
Нумар зь відам на той сьвет.
Думаю, не адзін я мучыўся тады пытаньнем: як жа яны там жывуць, якім можа быць грамадзтва, у якім запавет “не забі” ператварыўся ў пачварнае “не забі – але калі мучыцца, то можаш, і табе нічога за гэта ня будзе”? Высьветлілася, што няблага.
Тут паміраюць падрыхтавана, спакойна.
Але сапраўды, мала хто зь іх заўважае, як моцна зьмяніўся сьвет, калі нават клятва Гіпакрата, якая праіснавала ў амаль нязьменным выглядзе некалькі тысячагодзьдзяў, вымагае цяпер карэктыроўкі. Дактары, якія ўдзельнічаюць у эўтаназіі, парушаюць як мінімум некалькі яе высакародных пунктаў. Ці ўсё ж не парушаюць? Вось, напрыклад, “не нашкодзь”. Але што ёсьць большай шкодай: працягваць чалавечыя пакуты ці спыніць іх? Ці ня ёсьць эўтаназія менавіта клопатам пра невылечна хворага і нічым іншым, як актам міласэрнасьці і дзейнасьцю ў інтарэсах пацыента – а ніякім не забойствам? Застаецца адзін пункт, які сапраўды парушаны: сьвятая павага да жыцьця; гэты пункт катэгарычна адмаўляе эўтаназію як несумяшчальную з працай лекара, а разам зь ёй і аборты. Але яго, здаецца, ужо адмянілі празь ягоную відавочную неактуальнасьць… Атрымліваецца, часам найвышэйшая павага да жыцьця ў тым, каб яго зьнішчыць.
Што да вышэйзгаданай сьвятой і ў той самы час абстрактнай павагі, то пра гэты аспэкт эўтаназіі цікава напісаў калісьці пісьменьнік-фантаст Тэры Пратчэт (дарэчы, хворы на Альцгаймэра і прыхільнік легалізацыі эўтаназіі).
Пазбавіўшы невыносных пакутаў.
Той самы Тэры Пратчэт піша пра свае размовы са старымі мэдсёстрамі: ён з жахам даведаўся ад гэтых жанчын, якія ўжо не баяліся пакараньня, пра тое, што эўтаназія ў шпіталях з дапамогай звычайнай падушкі – не такая ўжо рэдкая зьява. Тыя мэдсёстры не задумваліся пра законы, легалізацыю, этыку і кошт за свае паслугі, імі рухала чыстая жаночая міласэрнасьць.
Кажуць, у Бэльгіі, якая таксама легалізавала эўтаназію, у аптэках (але выключна на рэцэпт доктара) можна атрымаць за 60 эўра пакет з наборам для самагубства.
Чыстая жаночая міласэрнасьць.
Колькі год таму я быў у Брусэлі і, на жаль, не здагадаўся запытацца, як той набор для самагубства правільна называецца і як выглядае. Затое машына для небалючай эўтаназіі, якую змайстраваў і выкарыстоўваў у канцы мінулага стагодзьдзя амэрыканскі доктар Кеваркян, называлася прыгожа: мэрсітрон, ад слова “mercy”, вядома ж.
Стрымана і годна.
Іншы доктар, Філіп Ніч, вырашыў ня зьвязвацца з законам, набыць карабель і рабіць паслугі па эўтаназіі ў міжнародных, нічыйных водах. Спадзяюся, калі ён ажыцьцявіў сваю задуму, то карабель назваў адпаведна: стрымана і годна.
Да стрыманасьці і годнасьці, як і да легалізацыі “забойстваў у імя міласэрнасьці”, дарасло ня кожнае грамадзтва. Па шчырасьці, я не магу назваць сябе ні прыхільнікам, ні праціўнікам эўтаназіі. І гэты артыкульчык маленькай псэўдамэдычненькай энцыкляпэдыі занадта цесны для мноства тоўстых і важных (і кожны пры гальштуку) аспэктаў такой праблемы. Ці ня стане легалізаваная эўтаназія выдатным сродкам пазбаўляцца ад сваякоў, прыладаю ў барацьбе з іншадумцамі? Дзе межы псыхічнае адэкватнасьці чалавека, які пакутуе ад болю? Нават мэрсітрон доктара Кеваркяна быў змайстраваны так, каб пацыент меў магчымасьць перадумаць – але перадумвалі нямногія.
У Беларусі эўтаназія, наколькі я ведаю, пакуль што забароненая. Напэўна, калі б камусьці прыйшло да галавы легалізаваць яе, зрабіць гэта можна было б хіба праз рэфэрэндум – гэткі спосаб народнага волевыяўленьня тут проста абажаюць. Аднак наўрад ці народ падтрымаў бы такую ініцыятыву – беларусы, якія са спакойным сэрцам выступаюць супраць адмены сьмяротнага пакараньня, з такім жа унутраным душэўным спакоем не дадуць сьмяротна хвораму пазбавіцца невыносных пакутаў. Нарадзіўся – жыві, як пісаў адзін забыты паэт, і гэта насамрэч – загад. Але ў чым я ні на каліва не сумняваюся: калі раптам такая прапанова будзе ўхваленая – ахвотных да эўтаназіі набярэцца багата, значна больш, чым здаецца прыхільнікам непарушнай айчыннай маралі.