Эканамічны суд СНД "тармозіць" на карысьць Расеі

Адкрытай застаецца дата слуханьняў у Эканамічным судзе СНД паводле пазову Міністэрства юстыцыі Беларусі да ўраду Расеі аб неправамоцнасьці спагнаньня мыта на нафту.
У суд беларускі бок зьвярнуўся амаль тры месяцы таму, аднак ніякіх зрухаў ад таго часу так і не адбылося. Менск аспрэчвае спагнаньне Масквой з 1 студзеня 2010 году вывознага мыта на нафтахімічную сыравіну, бо гэта нібыта супярэчыць міждзяржаўным пагадненьням у рамках стваранага Мытнага саюзу. Расейскі бок адмаўляе прэтэнзіі, аргумэнтуючы гэта тым, што нафту для ўнутранага карыстаньня Беларусь атрымлівае бяз мыта ў поўным аб'ёме — больш за 6 мільёнаў тон.

У Эканамічным судзе СНД паведамілі толькі тое, што на 22 чэрвеня заплянаванае распараджальнае паседжаньне да судовага разбору па нафтавым пазове Беларусі да ўраду Расеі. Да таго часу будуць вырашацца працэдурныя пытаньні ўдакладненьня патрабаваньняў ураду Беларусі, а таксама чакаецца водгук з Масквы аб прадстаўленьні дадатковых матэрыялаў. Сама дата працэсу застаецца пад пытаньнем.

Міністэрства юстыцыі Беларусі выступае катэгарычна супраць замаруджваньня разгляду пазову. "Штучнае тармажэньне" працэдуры ў ведамстве лічаць справай "недапушчальнай". Абурэньне выклікаў той факт, што Расея за прамінулы час нават толкам ня вызначылася, хто ж будзе адказваць на прэтэнзіі беларусаў. У Мін'юсьце лічаць, што цяперашняя сытуацыя супярэчыць рэглямэнту суду: распараджальнае паседжаньне судовая калегія мусіць правесьці не пазьней як праз 30 дзён пасьля прыняцьця справы да вытворчасьці, пасьля чаго вызначыць дату асноўнага паседжаньня. А паколькі заява беларускага ўраду была прынятая да вытворчасьці 21 красавіка, то дату першага паседжаньня мусілі прызначыць яшчэ да 21 траўня.

Намесьнік дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Васіль Хрол кажа, што ўвогуле ганебна бліжэйшым саюзьнікам шукаць праўду ў судах. На яго думку, вырашаць спрэчныя сытуацыі неабходна толькі шляхам перамоўнага працэсу. Ён згадвае, што некалькі гадоў таму ўжо была аналягічная сытуацыя, зь якой удалося годна выйсьці:

Васіль Хрол
"Узгадайце 2006 год, калі Расейская Фэдэрацыя праз праект урадавай пастановы прапаноўвала ўвядзеньне экспартнага мыта на ўсю нафту, якая пастаўляецца ў Рэспубліку Беларусь. Але перамовы паміж Менскам і Масквой прывялі да таго, што 12 студзеня 2007 году было падпісанае пагадненьне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне нафтавых паставак, і Беларусь на працягу трох гадоў мела паправачны каэфіцыент ад "адзінкі" 0,32; 0,33; 0,34. І я думаю, я нават перакананы ў гэтым: сёньняшнія працэсы, якія ідуць паміж урадамі Беларусі і Расеі, прывядуць да таго, што ўмовы, паводле якіх ажыцьцяўляецца эканамічнае супрацоўніцтва ў галіне паліўна-энэргетычнага комплексу, будуць скарэктаваныя. На карысьць здаровага сэнсу, на карысьць эканомікі саюзнай дзяржавы".

Толькі 5 чэрвеня прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім прадстаўляць расейскія інтарэсы ў гэтым працэсе будзе Міністэрства юстыцыі Расеі. Зрэшты, Пуцін апошнім часам неаднаразова паўтараў: ад моманту ратыфікацыі пагадненьня аб Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты ў гандлі паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам ужывацца ня будуць. І ў агульных інтарэсах — паскорыць фармаваньне АЭП, якая прадугледжвае вышэйшы ўзровень інтэграцыі са свабодным перасоўваньнем тавараў, капіталаў і паслугаў.

Дарэчы, сёньня парлямэнт Казахстану ратыфікаваў Мытны кодэкс Мытнага саюзу, а вось Палата прадстаўнікоў гэтае пытаньне ў парадак дня нават не ўключыла. Аналітык Віктар Чарноў лічыць, што хутчэй Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, чым знойдзе паразуменьне зь незгаворлівым кіраўніком Беларусі — тым больш, што бязмытнай нафты ў Адзінай эканамічнай прасторы давядзецца чакаць як мінімум два-тры гады:

Віктар Чарноў
"Як мне падаецца, усё ж Расея нашмат хутчэй уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, чым бакам удасца стварыць паўнавартасны Мытны саюз. Наколькі я памятаю, там яшчэ будзе патрэбна прыкладна два гады, каб толькі ўступіць у першы этап Мытнага саюзу. То бок у 2011 годзе ў Расеі ёсьць усе шанцы ўступіць у WTO, а Мытны саюз пры цяперашніх разыходжаньнях яшчэ доўга будзе стварацца. Пагатоў трэба ўлічваць асноўную прычыну — цяжкасьці ў фармаваньні Мытнага саюзу, якія былі выкліканыя досыць прынцыповай пазыцыяй Аляксандра Лукашэнкі. І перадусім якраз у пытаньні пастаўкі нафты".



Міністэрства юстыцыі Беларусі лічыць, што Расея ня мае права патрабаваць спагнаньня пошліны на нафтапрадукты ў зьвязку з пачаткам дзеяньня 1 студзеня 2010 году Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. У пазове адзначаецца, што ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамоўленасьцямі гандаль паміж Расеяй і Беларусьсю павінен ажыцьцяўляцца ў бязмытным рэжыме. У выніку складаных перамоваў Масква пагадзілася пастаўляць бязмытна 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты, хоць беларускі бок спадзяваўся атрымаць па ільготных коштах больш за 20 мільёнаў тон.