Пытаньне аб ратыфікацыі Мытнага кодэкса Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі ўнесена ў парадак бягучай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Адпаведнае рашэньне прынятае 10 чэрвеня Саветам ніжняй палаты парлямэнту. У той жа час на сёньняшнім пленарным паседжаньні гэтае пытаньне разглядацца не будзе.
"У адпаведнасьці з дзейнымі працэдурамі ратыфікацыя пагадненьня будзе разгледжана да канца сэсіі, — паведаміў БелаПАН старшыня парлямэнцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч. — Пытаньні аб увазных пошлінах на аўтамабілі і на энэрганосьбіты, якія цікавяць усіх, выдалены з пераліку пытаньняў, якія адносяцца да агульнага рэгуляваньня расейскім бокам. Беларускі бок у цяперашні час настойвае на тым, каб пытаньні аб вышэйпазначаных пошлінах былі разгледжаныя ў комплексе да 1 ліпеня. Праца ў гэтым напрамку працягваецца на ўзроўні экспэртаў".
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дакумэнт плянавалася ратыфікаваць 10 чэрвеня. Наступнае паседжаньне палаты пройдзе 14 чэрвеня. На 30 чэрвеня плянуецца закрыцьцё сэсіі.
9 чэрвеня кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павел Лёгкі паведаміў БелаПАН, што найбліжэйшым часам адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева.
"Думаю, пасьля гэтай сустрэчы будзе канчаткова пастаўлена кропка ў гэтай справе", — сказаў Маскевіч