"Нашым чыноўнікам санкцыі ЗША "па барабану"

Прэзыдэнт ЗША працягнуў санкцыі супраць Лукашэнкі ды іншых кіраўнікоў Беларусі. Як вы да гэтага ставіцеся? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадарыня:
"Я ня ведаю, але мне здаецца, што такі мэтад на чыноўнікаў нашых ня ўзьдзейнічае. Не паедуць у ЗША, то ў нейкую іншую краіну. Яны знойдуць сабе дзе адпачыць. Мне здаецца, што ім гэта "па барабану".

Спадарыня: "Мне здаецца, што нічога ад гэтага не зьмяняецца, і санкцыі таксама нічога не даюць, і ў нашым жыцьці нічога на лепшае не зьмяняецца".

Спадарыня: "Нядаўна ўжо прымалі такія санкцыі, зараз іх працягнулі, але вынікаў ад іх мы не адчуваем. Трэба прымяняць нешта больш эфэктыўнае, каб на чыноўніках сапраўды гэта адбівалася".

Спадар: "Нэгатыўна стаўлюся да гэтага, паколькі нам бы лепей зь імі сябраваць, бо гэта такая краіна, ды разьвіваць асабліва эканамічныя адносіны. А на чыноўнікаў гэта ня ўзьдзейнічае, у нас ужо дастаткова моцная краіна".

Спадар: "Ня ведаю, што сказаць. Узьдзейнічае гэта толькі на звычайных людзей…"

Спадар: "Няхай бы лепей пускалі нашага "бацьку" ў Амэрыку, а то ён паехаў па Вэнэсуэлах, а ад гэтага, на мой погляд, толку мала. І ў Эўропу трэба, бо мы мяжуем з той жа Польшчай… А ўсе гэтыя канфлікты ні да якага дабра не прыводзяць".

Хлопец: "Я думаю, што рана ці позна ўсё гэта скончыцца і яны зразумеюць, што беларусы — такі самы народ, як і яны, здымуць гэтыя санкцыі і наладзяць з намі нармальныя адносіны".

Ягоны сябра: "На мой погляд, ЗША лічаць сябе такім чынам вышэйшымі за другіх, ня лічацца з правамі іншых і заўсёды абапіраюцца на сваю ваенную і эканамічную магутнасьць".

Спадар: "Я лічу, што амэрыканцы нахабныя па жыцьці. Яны адчуваюць сябе панамі. Вось ім нешта не спадабалася ў Беларусі, яны прымянілі санкцыі. Але амэрыканцы для нас не паказчык — паказчык наш прэзыдэнт. У нас у краіне добра і, здаецца, лепей чым дзе, бо паўсюль праблемы. А наш Лукашэнка — ён паступае правільна".