15 чэрвеня Баўгарыя ўводзіць аблегчаны візавы рэжым для грамадзян Беларусі, Малдовы, Расеі і Украіны. Як адзначаецца ў паведамленьні консульскай службы зьнешнепалітычнага ведамства Баўгарыі, гэтая мера скіравана на павелічэньне патоку турыстаў.
Візы арганізаваным турыстам з 15 чэрвеня будуць афармляцца ў тэрмін да 10 каляндарных дзён пасьля паступленьня дакументаў у консульскую службу.
Бясплатнымі візамі змогуць скарыстацца навучэнцы, спартоўцы і дзеячы культуры, якія наведваюць Баўгарыю для ўдзелу ў міжнародных спартовых, культурных і творчых мерапрыемствах.
Шматразовая віза тэрмінам да года будзе афармляцца асобам, якія ў папярэднім годзе атрымалі хаця б адну візу, выкарысталі яе, а таксама адпавядаюць патрабаваньням надзейнасьці і даказалі неабходнасьць частых або рэгулярных паездак. Да гэтай катэгорыі адносяцца, у прыватнасьці, уласьнікі нерухомасьці на тэрыторыі Баўгарыі і члены іх сем'яў.
Шматразовая віза тэрмінам не менш як два і не больш як пяць гадоў будзе афармляцца асобам пералічаных катэгорый пры ўмове, што ў папярэднія два гады яны выкарысталі гадавую шматразовую візу законным спосабам і не зьніклі падставы для патрабаваньня шматразовай візы.
Кошт баўгарскай візы для грамадзян Беларусі складае 60 эўра, для дзяцей ад 6 да 12 гадоў — 35 эўра, дзецям да шасьці гадоў віза выдаецца бясплатна.