Сёньня ў Беларусі фінішуе спантанная акцыя аўтамабілістаў «Стоп-бэнзін», накіраваная супраць падвышэньня цэнаў на паліва. Удзельнікі акцыі ствараюць штучныя чэргі на АЗС, каб прыцягнуць увагу да праблемы дыспрапорцыі паміж цэнамі на паліва і заробкамі ў Беларусі.
Сваю акцыю менскія аўтааматары сплянавалі такім чынам, каб мінімізаваць перашкоды для тых, хто не зьбіраўся браць у ёй удзел. Збор быў прызначаны а 18-й гадзіне на ўезьдзе ў Менск з боку гарадзенскай трасы. Такмі чынам, машыны не замінаюць тым, хто на выходныя едзе з гораду на лецішчы. На пляцоўцы АЗС «Белнафтахім» ў гэты час сабраліся каля 20 машынаў — амаль усе з адмысловай ўлёткай «Стоп-бэнзін» з выявай чалавека, які страляе сабе ў галаву з пісталета, прымацаванага да шлянга бэнзакалёнкі.
Міліцыі пакуль не відаць, і ніякіх спрэчных сытуацыяў з іншымі аўтааматарамі пакуль таксама не было, бо асноўны паток транспарту ў гэты час накіроўваецца ў адваротным напрамку, з гораду.
Удзельнікі акцыі лічаць асноўнымі адказнымі за падаражаньне паліва канцэрн «Белнафтахім». Ад пачатку году канцэрн тройчы павышаў цэны на паліва, і цяпер ходзяць чуткі пра новае падаражаньне яшчэ ў чэрвені. Арганізатары адкідаюць афіцыйнае тлумачэньне, што ў падвышэньні цэнаў вінаватая Расея, якая абклала нафту экспартным мытам. Беларусь атрымлівае для ўнутраных патрэбаў больш за 6 мільёнаў тонаў нафты бязмытна, і, на іх думку, аўтамабілісты маюць поўнае права мець статус унутраных спажыўцоў.