У Менску асьвячэньне новай каталіцкай капліцы і вулічная працэсія

Тадэвуш Кандрусевіч

У суботу, 5 чэрвеня, а 12:00 у менскім мікрараёне Лошыца адбудзецца ўрачыстае асьвячэньне новазбудаванай капліцы парафіі Маці Божай Ружанцовай ( Ігуменскі тракт, 26 --> http://maps.google.com/maps?q=53.842055,27.5721&num=1&t=h&sll=53.847736,27.573152&sspn=0.006295,0.008474&ie=UTF8&ll=53.841627,27.572438&spn=0.002098,0.005681&z=18 ). Урачыстую імшу і асьвячэньне правядзе Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэта будзе восьмая каталіцкая сьвятыня ў Менску і ў гонар кожнай зь іх пры капліцы будуць пасаджаныя восем дрэў. Падчас урачыстасьці ў новую капліцу таксама будзе перададзены абраз Езуса Міласэрнага, які вельмі шанаваны ў каталіцкім касьцёле Беларусі.

6 чэрвеня ў Менску адбудзецца працэсія з нагоды ўрачыстасьці Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божае Цела). Гэта традыцыйная працэсія, якая распачнецца зь сьвятой Імшы а 9:00 каля касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы (сьвятога Роха) на Залатой Горцы. Затым працэсія пройдзе па ходніках праспэкта Незалежнасьці, па вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальнай і завершыцца каля архікатэдральнага касьцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды, 9.