У якую “капейчыну” абыдзецца бацькам выпускны баль?

Сёлета больш за 88 тысяч адзінаццаціклясьнікаў cканчаюць сярэднюю школу. Зараз у выпускнікоў — школьныя іспыты, а літаральна праз тыдзень — выпускны баль. У бацькоў галаўны боль: сам выпускны, падарункі настаўнікам і школе, шыкоўныя строі для любімага дзіця. Дзе , як і за колькі будуць разьвітвацца са школай выпускнікі?

Ужо некалькі гадоў запар Міністэрства адукацыі рэкамэндуе праводзіць выпускныя ў школах, і толькі ў выключных выпадках — ва ўстановах культуры. Галоўны спэцыяліст Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Надзея Вялікая распавяла:

«Дапушчальныя ўстановы культуры, да прыкладу, Палац Рэспублікі, Палац культуры чыгуначнікаў. Таму што ёсьць у нас школы, дзе актавыя залі вельмі маленькія. Таму вырашаюць усё бацькі».

А бацькі вырашаюць арандаваць шыкоўныя Палацы, найлепшыя канцэртныя залі. Распавядае маці выпускніка гімназіі спадарыня Натальля:

«У сталіцы наагул усе бацькі вычвараюцца, хто як можа. І Палац Рэспублікі здымаюць, і Палацы культуры, і Белсаўпраф. На паседжаньні бацькоўскага камітэту вырашылі зьбіраць па 100 даляраў. Сюды ўваходзіць падарунак школе, арэнда залі — бо выпускны ў Палацы культуры прафсаюзаў, і салодкі стол для дзяцей. Гэта без уліку бацькоў. Калі бацькі захочуць застацца пасьля ўрачыстай часткі, павінны яшчэ дадаткова здаць грошы».

Звычайная менская школа замовіла для выпускнога балю канцэртную залю «Менск», распавядае спадарыня Галіна, маці выпускніцы:

«60 даляраў — гэта арэнда канцэртнай залі „Менск“ з кожнага. Па 30 даляраў на салодкі стол пайшло. Мне здаецца, на 30 даляраў нармальны можна стол для дзіця — садавіна, ўсялякія прысмакі».

У школе — 108 выпускнікоў. З кожнага за арэнду залі сабралі па 60 даляраў. Такім чынам, арэнда КЗ «Менск» абышлася бацькам у 6,5 тысяч даляраў.

Але гэта яшчэ, як кажуць, кветачкі — па 100 даляраў на выпускны. Да прыкладу, Менская дзяржаўная лінгвістычная гімназія-каледж № 24 зьняла рэстарацыю пяцізоркавага гатэлю «Эўропа» — па 180 даляраў з вучня, без уліку бацькоў. Выпускныя праходзяць ў шыкоўным гатэлі «Вікторыя», у нятаннай рэстарацыі «Вэстфалія» — па 200 даляраў з выпускніка, таксама без бацькоў. Пытаньне наконт шыкоўных рэстарацый чыноўнікаў не зьдзівіла. Яны ў курсе:

Ні адзін дырэктар ня скажа: «Здымем у арэнду „Эўропу“ альбо „Вікторыю“. Гэта бацькі вырашаюць, маўляў „выпускны раз у жыцьці“…
«Ні адзін дырэктар ня скажа: «Здымем у арэнду „Эўропу“ альбо „Вікторыю“. Гэта бацькі вырашаюць, маўляў „выпускны раз у жыцьці“… Наконт „Эўропы“ мы ведаем. Яны толькі арандуюць памяшканьне — у „Эўропе“, у „Вікторыі“ на базе рэстарацыі. Ня трэба палохацца. Гэта не азначае, што будзе так, як у рэстарацыі прынята — першая страва, другая, трэцяя… Гэта не азначае, што яны будуць сядзець у рэстарацыі і гуляць. Я сама не была ў „Эўропе“, ня ведаю, якая там заля».

Дарэчы, ня ўсе бацькі былі ў захапленьні ад ідэі выпускнога ў «Эўропе». Адна маці дэманстратыўна пакінула бацькоўскі сход — сума для яе непад’ёмная, іншыя абураюцца, але падпарадкоўваюцца большасьці.

Яшчэ адна праблема і галаўны боль для кіраўніцтва школ — алькаголь. Загадам міністра катэгарычна забаронена расьпіваць сьпіртныя напоі на выпускным. Але, як кажа настаўніца спадарыня Ірына

«Афіцыйна, канечне, ніхто ня п’е. Неафіцыйна — канечне, прыносяць. Віно ў пакунках з-пад соку. А афіцыйна — толькі „салодкі стол“, і дакумэнт, падпісаны, што дырэктар нясе пэрсанальную адказнасьць за расьпіцьцё сьпіртных напояў».

Прычым, ініцыятарамі сьпіртнога на выпускных зьяўляюцца, як ні дзіўна, самі бацькі, кажа яшчэ адна настаўніца спадарыня Алена:

«Паводле маіх назіраньняў, звычайна прыносяць нават ня самі дзеці, бо яны прыходзяць прыгожа апранутыя, бяз сумак, а прыносяць бацькі. Бо бацькі лічаць, што лепей няхай дзеці будуць пэўным чынам пад наглядам, маўляў, тады гэта не перарасьце ў нешта жахлівае. Але нават калі абшукваць усіх ля ўваходу ў школу, гэта прывядзе толькі да таго, што адбудзецца, да прыкладу, урачыстая частка ў школе, яны атрымаюць свае атэстаты і пойдуць сабе спакойненька піць у нейкае іншае месца. Так што гэтыя забароны абсалютна бессэнсоўныя».

Маці выпускніцы спадарыня Галіна шчыра прызналася:

Алькаголь афіцыйна забаронены — у нас школа прыстойная. Але кожны сам прынясе, калі здолее схаваць.
«Алькаголь афіцыйна забаронены — у нас школа прыстойная. Але кожны сам прынясе, калі здолее схаваць. Але сказалі, што на ўваходзе будуць абшукваць. Праўда, некаторыя кемлівыя бацькі сказалі, што будуць хаваць у кветкі».

Выпускны баль — гэта прыгожыя строі, шыкоўныя сукенкі, модныя пантофлі на абцасах, стылёвыя строі ў юнакоў. Маці выпускніцы спадарыня Галіна прызнаецца:

«Самы вялікі ўдар па гаманцу — гэта строй на выпускны вечар. А паколькі ў мяне дзяўчынка — модніца, мне давялося вытрасьці ўсе свае заначкі».

Выпускніца адной са сталічных гімназіяў Лера распавяла:

«Дорага гэта каштуе. Таму што прыстойных сукенак мала, і цэны даволі высокія. Мінімум 300 тысяч, і тое, калі пашанцуе. У мяне аднаклясніцы замаўлялі па каталёгу з Нямеччыны па 200 эўра. Я купіла сабе сукенку за 460 тысяч, можна сказаць, што яшчэ больш-менш нармальна»

Карэспандэнтка: «А пантофлі, сумка, аксэсуары — у колькі гэта можа абысьціся?»

«Ой… І гэта таксама абыдзецца, думаю, яшчэ даражэй за сукенку. Да таго ж, яшчэ прычоска, макіяж, аксэсуары — то бок грошы такія прыстойныя».

Можа, хлопцы абыходзяцца крыху таньней? Маці выпускніка спадарыня Натальля распавяла, што звычайны больш-менш прыстойны касьцюм беларускай вытворчасьці каштуе ад 800 тысяч рублёў і вышэй, але дзецям яны катэгарычна не падабаюцца:

«Таму давялося ўсё купляць у буціках. Толькі штаны абышліся ў 80 даляраў, але гэта ня надта дарагія. Пінжак куплялі ў „Панараме“, кашулю — у „Эўропе“, абутак — у „Люстэрку“. Такім чынам, апрануць хлопчыка — зусім не таньней, чым дзяўчынку»

Гутару з выпускніком ліцэя Раманам. Колькі каштуе «прыкід» для юнака?

«Я думаю, сьціпла можна ўкласьціся ў суму, напэўна, у даляраў 250, а столі няма. Таму што ў кожнага свае амбіцыі. Такі сярэдненькі „прыкід“ можна падабраць даляраў за 300. Асабіста я купіў макасіны за 100 даляраў, штаны за 75, пінжак за 90, кашулю за 30. Яшчэ трэба гальштук купіць, а таксама на цырульніка альбо стыліста».

Карэспандэнтка: «А колькі бацькі выдаткоўваюць на адзеньне на выпускны?»

«Бацькі сказалі ўкласьціся ў 300 даляраў, але, здаецца, я ўжо „перабраў“. А яшчэ трэба некаторыя дробязі набыць. Але, мне здаецца, выпускны адзін раз у жыцьці, можна выйсьці за межы выдзеленых грошай…»

Карэспандэнтка: «Бацькоўскіх грошай не шкада?»

«Так».

Яшчэ бацькі зьбіраюць грошы на падарункі школам, клясным кіраўнікам, на шыкоўныя букеты ўсім настаўнікам, на кветкі на іспыты. Такім чынам, раскашэліцца давядзецца на кругленькую суму прыкладна ў паўтысячы даляраў. Натуральна, самі бацькі і згаджаюцца — каб пераплюнуць суседнюю школу ці леташні выпуск. Вось толькі ці патрэбны гэты шык самім выпускнікам?