Працэдура Партыі БНФ прынятая ў БНБ за аснову

Рада Беларускага незалежніцкага блёку (БНБ) прыняла за аснову прапановы Партыі БНФ па працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Пасяджэньне адбылося 1 чэрвеня. Аднак ці ўдасца дасягнуць кампрамісу?
Партыя БНФ прапануе стварыць так званую выбарчую камісію, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх суб’ектаў БНБ. Яна вызначыць крытэры, паводле якіх рэгіянальныя калегіі выбарцаў будуць ацэньваць якасьці патэнцыйнага кандыдата. Пазьней прапануецца сфармаваць гэтыя калегіі на парытэтнай аснове па прапановах кожнага з прэтэндэнтаў на кандыдацтва. І паводле зацьверджаных крытэраў правесьці галасаваньне. Кожны выбаршчык можа паставіць па кожным крытэры ад аднаго да трох балаў кожнаму прэтэндэнту. Потым цэнтральная выбарчая камісія падводзіць вынікі ўсіх рэгіянальных галасаваньняў і абвяшчае пераможцу. Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, БНБ мае асноўны дакумэнт, і гэта значны крок наперад.

«Наша прапанова такая кампрамісная. Яна мае на мэце рэальны працэс з уцягваньнем дастаткова вялікай колькасьці людзей. Але пры гэтым працэс, які можна правесьці цягам некалькіх тыдняў, месяца-паўтара».

Калі ні з кім ня ўдасца дамовіцца пра агульную працэдуру, тады Партыя БНФ плянуе праводзіць кампанію свайго ўжо вылучанага патэнцыйнага кандыдата, фармаваць яго ініцыятыўную групу, зьбіраць подпісы, агітаваць і адстойваць вынікі галасаваньня на плошчы.

«Калі ня ўдасца дамовіцца ў межах БНБ ці шырэй, тады будзем імкнуцца праводзіць двухбаковыя перамовы з максымальна шырокім колам суб’ектаў, магчыма, не ў інстытуцыйных межах нейкіх кааліцый, а проста празь перамовы выходзіць на фармаваньне перадвыбарчага блёку. Бо ісьці паасобку ўсім патэнцыйным кандыдатам — гэта адназначна сцэнар пройгрышны, скіраваны на тое, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе».
Ісьці паасобку ўсім патэнцыйным кандыдатам — гэта адназначна сцэнар пройгрышны, скіраваны на тое, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе.


Ці ёсьць пагроза, што БНБ можа распасьціся?

«Ён, безумоўна, можа разваліцца, як любы блёк. Але я не казаў бы, што ёсьць такая небясьпека ўжо зараз. БНБ ад самага пачатку не меркаваўся як перадвыбарчы блёк, а як стратэгічны. Задачы, якія прадэкляраваныя, далёка ня вырашаныя. І тут яшчэ ёсьць вельмі шмат працы, і ня толькі зьвязанай з выбарамі. Таму я перакананы, што БНБ будзе існаваць і надалей».

Патэнцыйны кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што перамовы адносна адзінай працэдуры вызначэньня кандыдата ад БНБ «крыху зайшлі ў тупік, бо адзіная працэдура не прынятая», а гэта згодна з дамоўленасьцю павінна было адбыцца якраз 1 чэрвеня. Ад 15 чэрвеня плянавалася пачаць вылучэньне. Паводле спадара Рымашэўскага, БХД вядзе перамовы ня толькі ў рамках БНБ. Найбольшы прагрэс дасягнуты з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. БХД і АГП прапануюць сабраць ініцыятыўную групу і правесьці праймэрыз у трох гарадах, а таксама вызначыць патрабаваньні да патэнцыйнага кандыдата. Менавіта наяўнасьць патрабаваньняў да кандыдата, паводле спадара Рымашэўскага, дазволіла БХД пагадзіцца прыняць за аснову прапанову Партыі БНФ.

«Падаецца часам у мэдыях, што ёсьць узгоднены, канчатковы варыянт працэдуры — гэта хлусьня. Учора ніводная прапанова не прайшла як канчатковы варыянт. Прыняты за аснову адзін з працоўных варыянтаў. Калі б учора не было ніякага выніку, то гэта азначала б канец перамоваў БНБ. Мы гэта добра разумелі і гатовыя ісьці на нейкія саступкі, спадзеючыся, што кампраміс будзе дасягнуты і працэдура будзе прынятая. Калі да 15 чэрвеня гэтага ня здарыцца, то БХД будзе разглядаць пытаньне аб спыненьні далейшага ўзгадненьня, і будзем працаваць з тымі суб’ектамі, якія ўжо гатовыя з намі падпісваць пагадненьне — гэта АГП, Статкевіч і іншыя».