Гісторык Яраш Малішэўскі – пра кнігі пра бальшавіцкія рэпрэсіі

Яраш Малішэўскі

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі найноўшага часу яшчэ пакінуць па сабе мастацкія сьведчаньні таленавітых вязьняў. Многія старонкі сучасных турэмных мэмуараў перагукнуцца з творамі, якія пакінулі ў беларускай літаратуры вязьні сталінскіх ГУЛАГаў і іх родзічы.





Вячаслаў Шыдлоўскі, Рысы майго пакаленьня. Менск, “Белфранс”, 2001


Складаныя й пакручастыя сьцяжыны лёсу Вячаслава Шыдлоўскага вялі юнака, што захапляўся маляваньнем, замест мастацкіх вучэльняў у вайсковыя школы. Але гэта не было галоўнай трагедыяй. 1937 год стаўся для яго рубяжом. Данос і – Калыма. Але ён выжыў, стварыўшы кнігу-напамін, кнігу-сьведчаньне. У “Рысах…” ёсьць усё пра тое, чым мог "абдарыць" калымскага вязьня той час. Тут і пра вусьцішны сель з сотняў трупаў. І пра першы знойдзены аўтарам залаты самародак, што сваімі 58 грамамі адпавядаў нумару артыкула, паводле якога судзілі самога Вячаслава Шыдлоўскага. І пра дэталі прыёму ў касту блатных, калі навічок у літаральным сэнсе мусіў зьесьці сабаку. І пра “ўдарную” працу ў шасьцідзесяціградусны мароз. І пра страшную, згадваную многімі Сэрпанцінку (турма на Калыме, адкуль ніхто ня выйшаў жывым). Яшчэ шмат пра што сьведчыць адзін з пакаленьня тых, каму выпалі нялюдскія выпрабаваньні.


Францішак Аляхновіч, У капцюрох ГПУ. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1994


Кніга драматурга, тэатральнага дзеяча, дый наогул, чалавека, надзеленага шматлікімі творчымі талентамі, сталася першай кнігай успамінаў пра бальшавіцкія канцлягеры. Францішак Аляхновіч – адзін з тых, што былі ашуканыя савецкай прапагандай ды памкнуліся на ўсход, на вагонь беларушчыны, нібы мятлікі на полымя сьвечкі. Згарэлі амаль усе… Неверагодна, але яму ўдалося ацалець. Кніга была перакладзеная на розныя мовы яшчэ ў трыццатыя гады – цікавасьць да “першакрыніцы” была вялікай. Вядома ж: першае сьведчаньне чалавека, што трапіў “туды”, ды яшчэ вярнуўся ў Вільню, нібы з таго сьвету. Кніга напісаная “смачнай” мовай, яскрава паказвае тагачаснае жыцьцё па абодва бакі калючага дроту. Чытаючы, бачыш і тое, што Аляхновіч, нягледзячы ні на што, застаецца самім сабою пасьля гэтых жахлівых гадоў – праўдзівы інтэлігент з пачуцьцём гумару і аптымізмам.


Ларыса Геніюш, Споведзь. Выбраныя творы. Менск, “Беларускі кнігазбор”, 2000


Знакавая асоба беларускае культуры, спасьціганая многімі празь вершы, паўстае на старонках “Споведзі” адкрытай наросьцеж. Тут нязломнасьць, дух і душа беларускі. Адпакутаваўшы ў вязьніцы, лягерах і на волі, Геніюш сталася тым агменем, вакол якога ў задушлівыя часы гуртаваліся беларусы. Пісалася “Споведзь” у сямідзесятыя, калі пра ейнае апублікаваньне на Радзіме немажліва было й марыць, але ніякае боязі, рэтушы, спробы хоць штосьці завуаляваць тутака няма й сьледу. Зрэшты, як не было тых якасьцяў у асобе вялікай паэткі. Боязь – гэта ня ейная якасьць. У “Споведзі” адно праўда, што кроіць, нібы сонечны прамень, цемру. Са старонак кнігі ірвецца абвінавачваньне нялюдзкай уладзе і нязломная вера ў Бога і Беларусь, якая дапамагла выстаяць Ларысе Геніюш на крыжовым шляху.


Леанід Маракоў. Непамяркоўныя. Трэцяя спроба. Менск, 2007


Леанід Маракоў – нястомны стваральнік энцыкляпэдычных даведнікаў пра рэпрэсаваных. Гэтым разам перад намі мастацкія творы аўтара. Ужо з назвы вынікае, што яны прысьвечаныя ня тым, хто пакорліва чакае вырашэньня свайго лёсу кімсьці іншым, а спрабуе выдраць яго – зубамі. Нават калі для гэтага давядзецца скінуць з рахунку жыцьцё – чужое ці сваё. Дэтэктыўна-прыгодніцкія сюжэты, дынаміка, непрадказальныя фіналы – “Непамяркоўныя” вылузваюцца з большасьці падобных кніг моцнай энэргэтыкай, сьцятымі кулакамі. Пісьменьнік адмыслова ставіў мэту – вярнуць людзей да тэмы, якая для многіх асацыюецца з смуткам, жальбою ды сьлязьлівасьцю. Аўтар даводзіць, што беларусы здольныя быць інакшымі. Многія з навэляў аўтабіяграфічныя. Тут сустракаюцца і асобы, што прысутнічалі на старонках ягоных энцыкляпэдычных даведнікаў. У пэўнай ступені твор – гэта працяг, “адушаўленьне”, спроба аўтара ўлезьці ў іхную скуру. Пры любых акалічнасьцях, катаваньнях, прыніжэньнях, у чалавека ёсьць магчымасьць застацца самім сабою. Нават свой уласны скон можа стацца ўчынкам.

Янка Брыль. Муштук і папка. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2007


Аповесьць Брыля – твор аўтабіяграфічны. Дзеяньні адбываюцца ў розныя часы 20 стагодзьдзя ў Беларусі ды Ўкраіне. У аснове аповесьці трагічны лёс старэйшага брата пісьменьніка. Пра яго, рэпрэсаванага, нечакана ўсплываюць новыя зьвесткі ў выглядзе знойдзенага пад Кіевам імяннога муштука – на месцы, аналягічным нашым Курапатам. І пачынаецца раскручваньне клубка. Тагачасныя далёкія падзеі ажываюць у дакумэнтах, сьведчаньнях людзей, ператвараючы сухі дакумэнт аб пасьмяротнай рэабілітацыі ў жахлівую сапраўднасьць. У трагедыі адной сям’і, як у мініятуры, адлюстравалася трагедыя краіны. З роспаччу, болем, зламанымі лёсамі народу. Народны пісьменьнік стварыў мастацкі дакумэнт, які варта захоўваць кожнай беларускай сям’і.