Грамадзкае аб'яднаньне "Малады фронт" прапанавала сваю працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Беларусі. Адпаведная рэзалюцыя прынятая 30 траўня ў Менску дэлегатамі сёмага ўстаноўчага зьезду МФ.
Паводле працэдуры, кожны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі павінен прад'явіць сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы колькасьцю ня менш як паўтары тысячы чалавек. "Наяўнасьць у палітыка вялікай колькасьці арганізаваных прыхільнікаў сьведчыць пра яго лідэрскія якасьці і электаральны патэнцыял", — гаворыцца ў рэзалюцыі.
На другім этапе выбараў адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі яго кандыдатуру павінны ацаніць экспэрты, лічаць у МФ. Паводле меркаваньня дэлегатаў зьезда, у якасьці экспэртаў павінны выступіць людзі, якія маюць вопыт удзелу ў вулічных акцыях пратэсту, бо "вынікі выбарчай кампаніі будуць вырашацца толькі шляхам вулічных пратэстаў". У групу экспэртаў МФ прапануе ўключыць усіх грамадзян, якія ў пэрыяд пасьля 1995 году арганізоўвалі дэманстрацыі ў абарону дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі, або маюць за ўдзел у гэтых акцыях адміністрацыйныя або крымінальныя спагнаньні.
"Мы лічым, што найбольшае маральнае права абіраць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл маюць менавіта тыя грамадзяне краіны, якія сьвядома ахвяравалі сваёй свабодай дзеля свабоды Беларусі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Прадстаўнікі МФ перакананыя, што адзіным кандыдатам ад апазыцыі павінен быць абраны "харызматычны і рашучы палітычны лідэр, які зможа заваяваць сымпатыі мільёнаў людзей і вывесьці на вуліцу тысячы прыхільнікаў перамен і кіраваць іх пратэстам для дасягненьня перамогі".
Паводле слоў лідэра МФ Зьміцера Дашкевіча, такая працэдура вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмсілаў будзе вынесена на разгляд круглага стала па вылучэньні адзінага кандыдата, створанага Радай беларускай інтэлігенцыі.
У сёньняшнім устаноўчым зьезьдзе ўдзельнічаў 71 дэлегат.
"Малады фронт" мае статус міжнароднага маладзёвага грамадзкага аб'яднаньня — у 2007 годзе ён быў афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі. Спробы атрымаць легальны статус на радзіме пакуль былі беспасьпяховымі, але кіраўніцтва маладзёвай арганізацыі мае намер мэтанакіравана дамагацца афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі.