Гісторыя аднаго цуду: Ірэна Папурэнка

Ірэна Папурэнка. Здымак Арцёма Канцавога.

Нараджэньне Беларускай Майстроўні я назваў цудам не таму, што хацеў узвысіць ці прыўкрасіць гэтую зьяву, а таму, што не знаходжу ёй рацыянальнага вытлумачэньня – чаму менавіта ў 1980-м годзе менавіта на філфаку БДУ і менавіта гэтыя людзі здавалася б на пустым месцы ажыцьцявілі этапны зрух у нашай гісторыі, адгарнулі яе новую старонку, на якой словы “незалежная Беларусь” выглядалі ўжо ня толькі мрояй паэтаў і дысыдэнтаў, а рэальнай мэтай для дзясяткаў, а потым соцень і тысяч усьвядомленых грамадзян.



Тое, што вы чуеце й чытаеце ў “Гісторыі аднаго цуду” – гэта ня казка, а спроба запоўніць пустату ў найноўшай беларускай гісторыі, паказаць: усё, што адбывалася з краінай і нацыяй за апошнія трыццаць гадоў, ня ўпала зь неба, а мела свае зразумелыя прычыны і свае бачныя пачаткі. Я назваў Майстроўню цудам якраз для таго, каб выйсьці з інфэрнальнае плоскасьці ў рэальную, зьняць з гэтай гісторыі зарок маўчаньня.

Мяне раз-пораз зьдзіўляе: чаму наша высокаадукаванае і ўладацэнтрычнае грамадзтва, якое перакананае ў тым, што “цалкам валодае сытуацыяй”, калі-нікалі раптам змаўкае і з адсутным выглядам праходзіць міма таго, чаму не знаходзіцца рацыянальнага вытлумачэньня. Быццам з усеагульнае згоды ўсе пагаджаюцца, што чагосьці проста не было, замест таго, каб прызнаць, што было, але -- міма нашае волі й нашага разуменьня. Адбыўся цуд альбо адбылася фатальная трагедыя. Як, да прыкладу, тая страшная трагедыя на станцыі мэтро “Няміга”.

ЭНЭРГЕТЫЧНАЯ ДЗІРА


Зарок маўчаньня мае вынікам тое, што ў грунце нашай гісторыі, у грунце, па якім мы ўсе ідзем, утвараюцца яміны, багна й пасткі. Мы зноў трапляем у іх і зноў робім выгляд, што нічога не адбылося, бо мы вельмі самаўпэўненыя, адукаваныя і ўладацэнтрычныя, хоць праз тое ня маем ніякага ўяўленьня, куды мы ідзем.

Гэтак у большасьці выпадкаў мы самі забясьпечваем сабе назаўтра новыя цуды і новыя фатальныя трагедыі. Бо, не атрымаўшы адэкватнага тлумачэньня, яны маюць уласьцівасьць паўтарацца.

Увогуле, чалавечая прырода і інстынкт самазахаваньня мусілі б у такіх выпадках перамагаць
мы ня можам уплываць на зьбегі зорак, якія іншы раз цалкам завалодваюць нашай сытуацыяй
нашу пыху “валадароў сытуацыі” і прымушаць нас пагадзіцца, што бываюць ня толькі матэрыялістычныя вытлумачэньні, і што мы ніякім чынам ня можам уплываць на зьбегі зорак, якія іншы раз цалкам завалодваюць нашай сытуацыяй і мы, зразумела, падпарадкоўваемся ім, але ні за што на сьвеце ня згодныя прызнацца ў гэтым. Нават самі сабе.

Між тым, прыняць тлумачэньне астроляга – тое самае, што прыняць рацыянальнае тлумачэньне. Бо тут ключавое слова – прыняць. Гэта значыць, нешта рабіць, неяк мяняць пляны забудовы, пераносіць аб’екты ў іншае месца. Але пыха “валадароў сытуацыі” перамагае: што гэта мы будзем лічыцца зь нейкай інфэрнальшчынай! Так было й тады, калі Беларуская Майстроўня ўчыняла вулічныя пратэсты супраць будаўніцтва мэтро “Няміга”. Прынамсі, так гэта запомніла тагачасная студэнтка, а сёньня дыплямаваны астрапсыхоляг Ірэна Папурэнка.

Папурэнка: “Адно з самых небясьпечных месцаў, дзе трэба добра падумаць, ці бываць там уначы або калі зьбіраецца шмат людзей, гэта лінія, якая ідзе празь Нямігу і далей на праспэкт Дзяржынскага – гэта “плутанічная” лінія, якая наносіць удары. Там пастаянна будуць экстрэмальныя сытуацыі, таму што там, як сказаў бы Павел Глоба, энэргетычная дзіра. Усё гэта зьвязана і з тым, што там былі разбураныя татарскія могілкі, і душы гэтых несупакоеных людзей хочуць даваць нам нейкія знакі. А мы чамусьці на іх не зважаем.

Нездарма калісьці майстроўцы баранілі гэтае месца й патрабавалі мэтро “Няміга” аднесьці ўбок. Каб абараніць гэтыя могілкі. Я памятаю, як мяне адзін чалавек, міліцыянт, зь вёскі хлопец, біў палкай і гаварыў на трасянцы: “Гавары, сука, па-рускі”. А я казала: “Ненавіджу гада”. Дагэтуль кажу свайму сыну: ты ведаеш, гэтая міліцыянцкая палка такая балючая, і такія пасьля сьляды на целе застаюцца. Таму атрымала я за спадчыну і палкай. Ну што ж, ну і ладна”.

Дубавец: Мова ў нас -- як апазнавальны знак тых, хто хоча ўсё сабе растлумачыць і дзейнічаць у згодзе з гэтымі тлумачэньнямі. Для тых, у каго “сытуацыя пад кантролем”, гэты знак – нібы чырвоная ануча для быка, які пастаянна перажывае ўнутранае змаганьне, каб заставацца быком і жорстка глушыць у сабе голас чалавека. Гэта самае важнае, а ня тое, што адбываецца вакол і чаму няма тлумачэньня. Ні будучыня, ня яміны пад нагамі, ні эмоцыі роднасьці не павінны кранаць душу і розум чалавека, які выбраў сабе аблічча быка. Зь іншага боку, мова – гэта знак для тых, хто мысьліць і прагне гэткімі ж думкамі й гэткім жа прагненьнем, што й ты. Ірэна Папурэнка зразумела гэта, калі паступіла на філялёгію БДУ. На філфаку было два аддзяленьні – расейскае і беларуска-расейскае. Ірэна паступіла на расейскае.

ВАШЧЫЛКА КРЫЧАЎСКІ


Папурэнка: “У
Ірэна-першакурсьніца.
нас была вечарына першакурсьнікаў, дзе расейскае аддзяленьне склала ўсю праграму на беларускай мове, а беларускае аддзяленьне склала па-расейску. І ў залі выпадкова былі Сяржук Сокалаў-Воюш і Сяргей Запрудзкі. Яны так зьдзівіліся – што гэта за такі факультэт прыйшоў расейскай філялёгіі, які размаўляе па-беларуску, усю праграму зрабіў па-беларуску і вельмі ганарыцца, што ён гэта зрабіў?

І паколькі я была ініцыятарам гэтай праграмы, да мяне падышлі, а яшчэ й Вінцук падышоў Вячорка, і кажуць: а ты адкуль? Я кажу: я вось паступіла, сама я нарадзілася ў Крычаве Магілёўскай вобласьці і ганаруся сваім местам, таму што там пачыналася паўстаньне Васіля Вашчылы, і мяне бацькі за мой такі жыцьцярадасны характар заўсёды звалі Крычаўскім Вашчылкам... І так мы пасябравалі. Яны ўтрох мяне запрасілі, і так я прыйшла ў Майстроўню.



У нас быў унікальны курс. З гэтага курсу выйшаў драматург і паэт Ігар Сідарук. Гэта мой аднакурсьнік, аднагрупнік, мы дагэтуль зь ім сябруем. Потым Інэса Кур’ян, якая стала перакладчыцай з польскай мовы. Натальля Кучмель. Там быў у нас яшчэ Сяргей Рудкевіч. Я ведаю, што зараз ён выкладае ў Віцебскім унівэрсытэце і, здаецца, таксама беларускую лінгвістыку”.

Дубавец: Унікальны курс – асобная тэма. Да прыкладу, з майго курсу на журфаку выйшла шмат вядомых літаратараў і дзеячоў журналістыкі, цэлых два дэпутаты Вярхоўнага Савету. Ня кажучы пра тое, што пяцёра былі сталымі ўдзельнікамі Майстроўні.

ПОКЛІЧ ЧАСУ


Што да самой Майстроўні, дык тое, што яна ўзьнікла менавіта на філфаку, тлумачыцца ці то зьбегам абставінаў, ці то зьбегам асобаў, ці ўвогуле роляю аднаго чалавека – Вінцука Вячоркі. А можа быць, і нечым яшчэ. У мяне адназначнага адказу няма. Адкуль што бярэцца? І чаму менавіта там і тады?

Калі майстроўскі цуд пачаў імкліва пашырацца, сталі ўзьнікаць суполкі і ў іншых месцах. Тут зразумела -- што і адкуль. Незразумелы першапачатковы імпульс. Зрэшты, адкуль узьнікла жыцьцё, і што гэта такое – гэта таксама цуд, і таксама загадка.

Ужо ў іншую эпоху ва Ўнівэрсытэце культуры зьявілася суполка “Этна”. Паводле характару дзейнасьці яна падобная да Майстроўні. Чаму “Этна” ўзьнікла менавіта там і тады – таксама загадка. І чаму такія суполкі не растуць, як грыбы, паўсюдна, як было ў майстроўскія часы? Мой асьцярожны адказ – бо няма на тое поклічу часу.

Учорашнія школьнікі паступаюць на расейскую філялёгію, але першую ж самапрэзэнтацыю робяць па-беларуску.
У майстроўскія часы такі покліч быў. Пра гэта сьведчыць і прыклад Ірэны Папурэнкі. Учорашнія школьнікі паступаюць на расейскую філялёгію, але першую ж самапрэзэнтацыю робяць па-беларуску. Пры тым, што студэнты беларускай філялёгіі прэзэнтуюцца, “як звычайна”, -- па-расейску. Чаму?

Папурэнка: “Ну, таму што ў школе беларуская мова выкладалася, як і зараз, так сабе, там было вельмі мала гадзінаў адведзена на беларускую мову. І мы з расейскіх школ не маглі дазволіць сабе канкурэнцыю зь дзецьмі, якія прыходзілі на беларускую мову зь вёсак.



Мы ўсе былі такія вельмі звычайныя, здаецца. А з другога боку, мы ўжо так асэнсавана размаўлялі па-беларуску. І калі я абараняла сваю курсавую на першым курсе, называлася яна “Народны тэатар “Батлейка”, я абараняла па-беларуску. І камісія, якая прымала ў мяне абарону, была вельмі зьдзіўленая і казала: чаму гэта вы на расейскай філялёгіі абараняеце курсавую працу на беларускай мове па беларускай батлейцы. І тады я адказала: шаноўная грамада, мне вельмі дзіўна, што ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ў мяне, беларускі, пытаюцца, чаму я абараняю курсавую на роднай мове.

Я атрымала ”выдатна”, таму што ў камісіі былі людзі, якія мяне падтрымлівалі. Гэта быў Ліцьвінка Васіль Іванавіч. Мы зь ім зьехалі пасьля гэтага на Палесьсе і там запісвалі фальклёр. А потым я праводзіла першае ў сваім жыцьці Купальле. Сама. Вучыла палешукоў ладзіць Купальле”.

Інсцэніроўка перад сялянамі. Столiнскі раён, 1982 год. Справа Ірэна Папурэнка, зьлева Раіса Назаранка.

Дубавец: Нездарма бацькі называлі Ірэну крычаўскім Вашчылкам. Дух зьбіральніка іншых на нейкую справу ў ёй выяўляўся на працягу ўсяго наступнага жыцьця. Асабліва, калі даводзілася працаваць зь дзецьмі.

Папурэнка: “Была я спачатку ў вёсцы Забалацьце Талачынскага раёну. Выкладала там, адзіны філёляг на ўсю школу, расейскую мову і літаратуру. А ўсе астатнія выхаваўчыя гадзіны, палітінфармацыі я вяла па-беларуску. І таму да мяне на маю расейскую мову й літаратуру прыходзілі настаўнікі, каб паслухаць, ці праўда, што я ведаю яшчэ й расейскую мову. І прыходзілі да высновы, што “наша русіца, не паверыце, дзевачкі, гаварыт па-рускі точна как па-беларускі”. Яны моцна дзівіліся: як гэта ў беларускай школе настаўнік расейскай мовы ў жыцьці размаўляе па-беларуску.

І там у мяне быў такі сьпеўна-драматычны гурток. Мы вельмі сябравалі з нашымі вучнямі. І была зіма, як сёлета, маразы, завеі. І вельмі прыгожае было марознае неба, і мы зь дзецьмі валіліся ў сумёты, глядзелі на зоркі і сьпявалі песьні...

А потым у мяне была свая студыя ў горадзе Глыбокім, дзіцячая таксама. Там я зьдзейсьніла пастаноўку п’есы нашага Сяргея Кавалёва “Драўляны рыцар”. Я была першым пастаноўшчыкам. А потым ужо нашы вядомыя тэатры, расейскі тэатар і купалаўцы, ставілі Сяргея. Але першым пастаноўшчыкам яго “Драўлянага рыцара” была нікому невядомая рэжысэрка Ірэна Папурэнка.

Калі я вярнулася назад у Менск, я шмат дзе працавала. Калі наступіла перастройка, я сышла брокерам на біржу і пачынала нейкі свой прадпрымальніцкі шлях. З усімі атрыбутамі тых гадоў. І з рэкетам, і з разборкамі. І гэта было таксама вельмі цікава. А потым я стала астролягам.

ХАРЦІНА ЎРАНАВА


Дубавец: Пасьля
Харціна Ўранава. Здымак Арцёма Канцавога.
Майстроўні, калі ўтварылася таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, Ірэна пісала апавяданьні.

Папурэнка: У зборніку “Тутэйшых” я Ірэнка Папурэнка, і пісала я ў вельмі цікавым для сябе стылі музычнай прозы. Былі ў мяне джаз-апавяданьне “Кактус”, саната восені, амаль летні прэлюд з солам для бас-гітары... А потым, калі лёс мяне закінуў у Маскву, я там закончыла Акадэмію астралёгіі, і зараз я астроляг Харціна Уранава. Якая выступае на радыё. Адзіны, дарэчы, астроляг, які можа размаўляць па-беларуску на зоркавыя тэмы. Зараз у мяне ёсьць задума напісаць турысцкі маршрут, і будзе ён называцца “Містычны Менск” – дзе ў нас якія прывіды жывуць, дзе ў нас месца сілы ёсьць, дзе наадварот”.

Дубавец: Дыплямаваны астроляг Харціна Ўранава мае сваё, астралягічнае вытлумачэньне майстроўскага цуду, якое мы, натуральна, адразу далучым да ўсіх ранейшых вэрсіяў узьнікненьня публічнага нацыянальнага руху трыццаць гадоў таму. Апроч гэтага, Харціна раскрые нам і іншыя таямніцы пасіянарнасьці – напрыклад, пра тое, што чакае нашу краіну заўтра, якім чынам з гледзішча зорак складаліся шляхі ў палітыцы лідэра Майстроўні Вінцука Вячоркі, і чым была менская Плошча 2006 году, той намётавы гарадок, што на некалькі дзён, нібы маляўнічая кветка, зьявіўся на голым камені пасярод зімы...

Папурэнка: “Сярод зімы – гэта вельмі магутны знак, знак Казярога. Пад Казярогам знаходзіцца наша дзяржава. Гэтак жа, паводле Глобы, яго астракартаграфіі, пад Казярогам знаходзяцца Кіргізія і Эстонія. Таму мы невыпадкова былі зараз уцягнутыя ў той гістарычны момант для кіргізаў, бо яны, як і мы, знаходзяцца пад знакам Казярога.
Харціна з Будам.
Яны сапраўды, паводле зорак, наш братэрскі народ.

Майстроўня таксама знаходзіцца пад знакам Казярога. А гэта знак амбіцыйны і доўгажыхарскі. І таму мы зараз усе пачынаем адшуквацца. Сымбаль Казярога –скала. Дык вось: мы ўсе стаім на нейкай такой скале, на гары, на ўзвышшы і назіраем за сьветам.

Я як астроляг Харціна Ўранава казала ў прэсе, што ўзраджэньне будзе адбывацца пасьля 2012 году зь Беларусі. Так і будзе. І гэта падтрымлівае не адзін, а сто спэцыялістаў. Тое, што будзе адбывацца – гэта вельмі цікава, бо знак Казярога пазьней за іншыя знакі пачынае сваё разьвіцьцё. І таму невыпадковыя гэтыя анэкдоты пра эстонцаў, пра іх тэмпэрамэнт. Яны такія, таксама як і мы, нясьпешныя людзі. З аднаго боку нясьпешныя, а зь іншага -- самі сабе розум маем.

ВІНЦУК ВЯЧОРКА


Вінцук паводле гараскопу Рак. А хоча стаць лідэрам у “казярожай” дзяржаве, якая заўсёды будзе яму чыніць перашкоды”.

Дубавец: Але ж ён быў лідэрам у “казярожай” Майстроўні...

Сяргей Запрудзкі й Вінцук Вячорка ў спэктаклі “Цар Максімілян”, 1981 год.

Папурэнка: “Ну, тады ён быў малады, малады “рачок”. А зараз ён ужо сталы дзядзька. Я яго вельмі паважаю і ганаруся, што ён такі бацька сваіх дзяцей, дзед сваіх унукаў. Вінцук, канечне, для беларускага адраджэньня зрабіў вельмі шмат. Ён такі быў ідэоляг Майстроўні. Безь яго б усё гэта было прэсна і бяз толку. Рак – гэта звычай, гэта спадчына, гэта народ, гэта памяць аб продках. Гэта Вінцук. І яму праз ваша радыё ад мяне вялікае прывітаньне, ад Папурэнкі”.

Дубавец: Дарэчы, і самое захапленьне астралёгіяй у Ірэны Папурэнкі -- з майстроўскіх часоў, тады яна вырашыла стаць астролягам.

Папурэнка: “Я ім была заўсёды, здаецца. Я заўсёды гэтым цікавілася. І калі і кібэрнэтыка, і астралёгія былі забароненыя, дык... забаронены плод ён жа заўсёды прыцягальны. Вось так мяне й прыцягнула на забарону.

Астралёгія разьвівалася толькі там, дзе была разьвітая навука. І ў Вялікім княстве Полацкім быў такі знакаміты Васіль Нямчын, які яшчэ раней за Настрадамуса пакінуў свае так званыя “главы”. Праўда, цікава, чамусьці гэтыя “главы” апынуліся ў архіве Паўла Глобы. І ў мяне заўсёды, як у беларускі, пытаньне: хто дазволіў яму з полацкага архіву забраць гэтыя “главы” Васіля Немчына, і чаму яны дагэтуль не апублікаваныя шаноўным Паўлам Глобам?..

Той жа Францішак Скарына ў сваёй “Падарожнай кніжыцы” піша, што земскі лекар спачатку на зоркі глядзеў, а потым ужо прызначаў пацыенту лекі. Той жа Сімяон Полацкі, штатны зьвездачот Пятра Першага... Вельмі цікава ўсё гэта, і мне таксама хацелася б гэтую тэму асьвяціць у сваіх ужо краязнаўчых накідах. Шмат задумаў. І вось уся гэтая цікавасьць, якая ў мяне дагэтуль прысутнічае – гэта ўсё з нашай Майстроўні”.

Дубавец: Згадваючы Майстроўню, Ірэна прапануе свой варыянт, якім чынам трэба было б адзначыць 30-я ўгодкі народзінаў публічнага беларускага руху.

Папурэнка: “Як
Купальле, 1983 год. “Нячыстая сіла” сьцеражэ чароўную Кветку папараць.
зараз узгадваецца, там не было кіраўнікоў, там былі проста аднадумцы. Кіраўніцтва Майстроўні нагадвала мне такі Швэдзкі парлямэнт, калі кожны мяняецца ролямі, і так яны вельмі файна кіруюць. І так было ў Майстроўні.

Нам трэба зьбірацца на Купальле. З раніцы і да раніцы. І сьвяткаваць Купальле. Бо гэта самае лепшае, што можна пазычыць усім майстроўцам. І я б з радасьцю ўсіх пабачыла.

Мне вельмі хацелася жыць весела, і гэта сапраўды ўдавалася ў Майстроўні. Хаця я памятаю нейкае Купальле, у Мікалаеўшчыне, калі нас акружылі міліцыянты, бо думалі, што мы алькаголь п’ем, каб нас забраць пад гэтую марку. І хтосьці ўцёк, хтосьці пазіраў, як вытрасаюць нашы валізкі на прадмет гарэлкі. І былі вельмі расчараваныя міліцыянты, што ўсе былі цьвярозыя, але чамусьці дурнаватыя, бо сьпявалі песьні да раніцы. І нас, канечне, тады там пабралі, разагналі. Была такая ў мяне прыгода.

У мяне з майстроўскіх часоў закладзена любоў да свайго краю, я вельмі шмат падарожнічаю па Беларусі. Потым, як астроляг, я выдала астралягічную мапу Менска. Яна, дарэчы, вісіць у інтэрнэце на inerfax.by.

Нас было шмат, і мы ўсе дагэтуль такія шматлікія. І нас ужо ў нашых дзецях стала болей, а ў нашых унуках нас яшчэ болей стане.

Я ўвогуле люблю жыцьцё. Яно кіпіць, бурліць, вакол мяне заўсёды цікавыя асобы, цікавыя падзеі. Як у Мінкіна:

Сінечу засьцяць ад вачэй
Дымоў шматлікіх верацёны,
Сьвідруючы яе штодзённа,
Сінечу засьцяць ад вачэй.
Ды ўсё-ж яна ня стала цёмнай,
Хоць напрацягу дзён, начэй
Сінечу засьцяць ад вачэй
Дымоў шматлікіх верацёны.

Вось гэтая сінеча – тое, што я адчуваю да нашае краіны, да нашага народа”.