Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы аддаць кантроль над «Белтрансгазам» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам у абмен на ўнутрырасейскія цэны на газ і нафту. Сёньня Лукашэнка выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі шэрагу вышэйшых навучальных установаў Магілёўшчыны.
Камэнтуючы выступленьне кіраўніка краіны перад студэнтамі і выкладчыкамі ў Магілёве, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што пачынае рэалізоўвацца плян перадвыбарчай кампаніі.
«Гэта праца на мэтавыя групы. Я думаю, што за гэтым стаяць паліттэхнолягі, якія даюць адпаведныя рэкамэндацыі. Гэта ўсё адрасавана маладой аўдыторыі. Студэнтам трэба казаць пра інтэрнэт, пра дынаміку, пра рынкавую эканоміку, карацей, пра цывілізаваныя пэрспэктывы краіны».
Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць перадачы Расеі кантрольнага пакету акцый «Белтрансгазу» і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу за пастаўкі газу і нафты па ўнутрырасейскіх цэнах. Камэнтуючы гэтую заяву, эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што глыбіня перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ амаль на 20% ніжэй, чым, да прыкладу, у Нямеччыне.
«Ці сродкі на мадэрнізацыю заводаў, ці танная нафта. Альтэрнатываў выхаду з гэтага цяжкага становішча няма. Урэшце рэшт гэтыя заводы будуць расейскімі, бо ніхто сюды больш ня прыйдзе. Бо ў галіне нафтаперапрацоўкі існуе вэртыкальная інтэграцыя:хто нафту здабывае, той перапрацоўвае. Але іншая справа, ці пойдуць на гэты крок расейцы? Хутчэй за ўсё, зараз ня пойдуць, бо там ёсьць іншыя праблемы. Пакуль яны ня прыйдуць, хаця іх гэтыя кантрольныя пакеты цікавяць».
Аляксандар Лукашэнка кажа, што нічога бясплатна не аддасьць, як гэтага хочуць расейцы. Ён назваў сябе самым прарасейскім чалавекам, але калі расейцы «будуць так нахіляць», то Беларусь пазбавіцца ад залежнасьці ў пастаўках нафты. Маўляў, «на калені нас паставіць нельга». І калі паўстала «пытаньне жыцьця і сьмерці дзяржавы», ён зьвярнуўся да кіраўніцтва Вэнэсуэлы.
Леанід Злотнікаў: «Калі ён зараз заяўляе пра тое, каб расейцы прыходзілі і бралі кантрольны пакет, то нічога не атрымліваецца з Вэнэсуэлай. Калі б нешта выходзіла, то ён ні за што не зрабіў бы такой заявы. Калі мы вытрымаем, не памрэм і атрымаем 11% росту валавога ўнутранага прадукту, то навошта прадаваць?Тут няма ніякай лёгікі».
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка: «Лукашэнка ідзе на выбары і разумее, што ў складаны час пачатку новага году, ацяпляльнага сэзону, трэба дабіцца яўных станоўчых зрухаў. Ён зьбіраецца яшчэ гадоў 20 прэзыдэнціць, прадаваць заводы. Ну на 20 гадоў, канечне, ня хопіць усёй Беларусі. Але гадоў на 12 хопіць. Філязофія зусім простая — прадаваць фамільнае срэбра, каб заставацца ля ўлады. Так што шкада глядзець: Крэмль, Пуцін загнаў Лукашэнку ў вугал».
Кіраўнік Беларусі спадзяецца на новыя крэдыты МВФ. Аднак абяцае «за рамкамі» дамоўленасьцяў з МВФ, «кроў з носу», павялічыць да канца году сярэдні заробак да 500 даляраў.
Леанід Заіка: «За ўсю гісторыю бліскучага кіраўніцтва краінай Аляксандар Рыгоравіч змог дабіцца 340 даляраў. А цяпер трэба 160 дадаць за астатнія паўгоду. Яны што, фантазёры ці фокусьнікі?»
Таксама Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў, што зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў цяпер знаходзіцца ў Беларусі і гатовы прыбыць у Бішкек, каб абвесьціць рэфэрэндум. Паводле спадара Класкоўскага, плян афіцыйнага Менску выкарыстоўваць Бакіева як казырную карту пацярпеў фіяска:
«Відавочна, што Масква выразна дала зразумець, што ня трэба гуляць у гэтыя гульні. Таму Бакіева хуценька прыбралі. Гэта проста ар’ергардныя, піяраўскія баі дзеля таго, каб гэта сытуацыя з Бакіевым не выглядала палітычнай паразай».