Яраслаў Раманчук пра вылучэньне кандыдатам ў прэзыдэнты: “Пакуль не камэнтую...”

Яраслаў Раманчук


Паводле Эўрарадыё, кііраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыла прапанаваць Яраслава Раманчука кандыдатам на прэзыдэнты ад партыі. Эўрарадыё спасылаецца на меркаваньне кіраўніка Менскай абласной філіі АГП Уладзімера Малярчука: «Інтрыг няма ужо — ужо дакладна вызначыліся, што будзе Раманчук». «Свабода» зьвярнулася па камэнтар да намесьніка старшыні АГП, эканаміста Яраслава Раманчука.

«31 траўня у 11:30 будзе прэзэнтацыя кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП і там усё зьвесткі ўжо будуць адкрытыя. Будзе прэзэнтацыя таксама плятформы кандыдата.
Не хачу проста раскрываць усе карты, засталося да гэтай падзеі яшчэ 5 дзён.
Гэта праграма „Мільён новых месцаў працы“, якая ідзе пад дэвізам „Ствараем новае — захоўваем лепшае“. Таму не хачу проста раскрываць усе карты, засталося да гэтай падзеі яшчэ 5 дзён».

А вось што сказаў пра зьвесткі Эўрарадыё і пра камэнтар Яраслава Раманчука лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

«Яраслаў мае абсалютную рацыю, калі кажа, што рашэньне будзе прынятае палітрадай 31-га. Натуральна, што, відаць, у мяне зь Яраславам ёсьць калі не кантрольны пакет па гэтым рашэньні, то блізкі да гэтага. Але мы ня можам падмяняць сваіх калег — палітычную раду. Таму ўсё што да 31-га — гэта ёсьць толькі вэрсіі, асабістыя думкі каго заўгодна. Ці гэта сябра партыі, ці экспэрт, ці проста чалавек з вуліцы».