Н.Васілевіч: "Царква спрабуе патрапіць у той вобраз, якога чакае ад яе дзяржава"

Сынод Расейскай праваслаўнай царквы ў Маскве разгледзіць пытаньне далейшага знаходжаньня мітрапаліта Філарэта на пасадзе патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.Паводле Статуту РПЦ любы гіерарх, які дасягнуў 75-гадовага ўзросту, абавязаны падаць на імя Патрыярха прашэньне аб сыходзе з пасады на спачын. Патрыярх, з улікам думкі Сыноду, мае права гэтае прашэньне прыняць альбо адхіліць. Пра магчымае разьвіцьцё падзеяў – гутарка з рэдактаркай інтэрнэт-парталу “Царква” Наталкай Васілевіч.


Слухаць гутарку цалкам



Абламейка: Ці магчыма, каб Сынод не дазволіў мітрапаліту Філарэту надалей кіраваць Праваслаўнай царквой у Беларусі?

Васілевіч: Па-першае, такое прашэньне часьцей за ўсё носіць фармальны характар. Мне здаецца, гэта адбываецца і ў дадзеным выпадку. Па-другое, у Беларусі ўсе гэтае прашэньне разглядаюць, як чыстую фармальнасьць.

Абламейка:
Наталка, а як бы вы ахарактарызавалі дачыненьні праваслаўнай царквы ў Беларусі з уладамі краіны? Ці ёсьць пытаньні, па якіх мітрапаліт Філарэт можа атрымаць адмову ад Лукашэнкі? Сёньня Анатоль Рубінаў стаў старшынём Савету Рэспублікі, а калісьці ён выступаў з артыкулам, крытычным да Царквы.

Васілевіч: Мне здаецца, ёсьць вялікая розьніца паміж пазыцыяй мітрапаліта Філарэта і патрыярха Кірыла, альбо нават паміж пазыцыяй
Тон адносінаў Беларускай праваслаўнай царквы зь беларускай дзяржавай -- гэта тон просьбаў.
мітрапаліта Філарэта 1989-га году і яго сучаснай пазыцыяй. Сёньня Царква не ўступае ні ў якую канфрантацыю зь дзяржавай, з кіруючым рэжымам, з прэзыдэнтам, яна спрабуе патрапіць у той вобраз, якога чакае ад яе дзяржава. Ад мітрапаліта Філарэта мы даўно ня чулі гучных заяваў, ня бачылі рэзкіх хадоў насуперак дзяржаве. Тон адносінаў Беларускай праваслаўнай царквы зь беларускай дзяржавай -- гэта тон просьбаў.

Калі паглядзець выступленьні мітрапаліта Філарэта і членаў Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы на сустрэчах з прэзыдэнтам, яны просяць і дзякуюць. Вы нам нічога не даяце, а мы ўсё роўна дзякуем і нешта просім. У адрозьненьне ад патрыярха Кірыла, які дазваляе сабе не прасіць, а патрабаваць.

Абламейка:
Давайце ўявім гіпатэтычны варыянт, што мітрапаліт сышоў на пэнсію. Дзе будуць шукаць кандыдата на яго месца – у Беларусі ці па ўсіх астатніх япархіях РПЦ?

Васілевіч: Я думаю, што магчымыя розныя варыянты. Але нацыянальнасьць ці месца служэньня наступніка мітрапаліта Філарэта практычна ня грае ніякай ролі. Думаю, што будуць спрабаваць улічыць нейкае беларускае паходжаньне будучага герарха -- такое цалкам
Нацыянальнасьць ці месца служэньня наступніка мітрапаліта Філарэта практычна ня грае ніякай ролі.
імаверна. Але гэта ня будзе вызначальным крытэрам.

Я думаю, што будуць шукаць такога чалавека, які будзе дзейнічаць у духу новага патрыярха Кірыла, у духу той палітыкі, якую цяпер праводзіць Руская праваслаўная царква -- ідэя "рускага міра", якую цяпер прапануе патрыярх, цывілізацыйная ідэя праваслаўнага сьвету. Будуць шукаць дынамічнага чалавека, які дзейнічае ў гэтай парадыгме. Гэты чалавек можа быць зь Беларусі, Украіны ці Заходняй Эўропы, бо мы памятаем, што Мітрапаліт Філарэт прыехаў у Беларусь з Заходняй Эўропы. Ён быў у Бэрліне экзархам Заходняй Эўропы.

Абламейка: У вашым ранейшым адказе прагучала фраза "Вы нам нічога не даяце, а мы ўсё роўна дзякуем і нешта просім". Вы лічыце, што праваслаўнай царкве ў Беларусі нічога не даюць?

Васілевіч: Калі мы зьвернемся да пасланьняў прэзыдэнта, якія ён накіроўвае Сьвятому сыноду, і паглядзім, як ён апісвае дапамогу дзяржавы Царкве -- напрыклад, вылучэньне нейкай нязначнай у маштабах дзяржавы сумы грошай на рамонт сэмінарыі ці заробак
У пэрыяд, калі дзейнічаў стары закон аб свабодзе веравызнаньня, праваслаўная царква мела больш магчымасьцяў адстойваць свае інтарэсы.
выкладчыкам -- дык напрыклад нядаўняя гуманітарная дапамога Кітаю ў сувязі зь землятрусам перавышае тыя сумы, якія дзяржава вылучае на патрэбы Беларускай праваслаўнай царквы.

Праваслаўная царква доўга чакала ўвядзеньня праваслаўнай адукацыі ў школах хоць у нейкай форме, але практычна гэтыя праекты не ажыцьцявіліся. Дамовы, якія былі з рознымі міністэрствамі і ведамствамі ў межах пагадненьня паміж Царквой і дзяржавай, не ператварыліся ў жыцьцё. На месцах, з асобнымі начальнікамі супрацоўніцтва безумоўна ёсьць. Але калі параўнаць тое, што плянавалася зрабіць, і тое, што было зроблена, дык гэта зусім ня тое.

Калі шчыра казаць, дык ў пэрыяд да 2003 году, калі дзейнічаў стары закон аб свабодзе веравызнаньня, праваслаўная царква рэальна мела больш свабоды і больш магчымасьцяў ажыцьцяўляць сваю місію і адстойваць свае інтарэсы.

Абламейка:
Часам, нашыя слухачы звоняць на наш тэлефон-аўтаадказьнік і скардзяцца, што на Вялікдзень сьвятар сказаў у царкве шавіністычнае казаньне пра вялікую і непадзельную Расею, пра вялікаросаў, беларосаў і маларосаў. Як бы вы ацанілі сфэру распаўсюджанасьці ў сучаснай Праваслаўнай царкве ў Беларусі беларускай самасьвядомасьці і беларускай мовы? Ці набярэцца, скажам, 10 працэнтаў беларускамоўных сьвятароў? І наогул, якая пэрспэктыва беларушчыны ў беларускім экзархаце РПЦ?

Васілевіч: Я думаю, што праваслаўная царква мала чым адрозьніваецца агулам ад беларускага грамадзтва. Беларускасьць займае там ня большае, але і ня меншае месца, чым у сучасным беларускім грамадзтве. Ёсьць нейкія беларускамоўныя асяродкі, яны носяць такі
Праваслаўная царква мала чым адрозьніваецца агулам ад беларускага грамадзтва.
маргінальны характар. Пасланьні патрыярха дублююць на беларускую мову, працуе біблейная камісія, якая робіць пераклады на беларускую мову, але, безумоўна, статус беларускай мовы цалкам маргінальны.

У той жа час я б не сказала, што шавіністычныя ідэі дужа пашыраныя, яны хутчэй існуюць на такім узроўні неканцэптуалізаваным. Я б сказала, што ў праваслаўнай царкве ў Беларусі пануе каляніяльная сьвядомасьць -- і ў архітэктуры, і ў шанаваньні сьвятых, і ў розных рэлігійных практыках прымаюць нейкія ідэі з цэнтра, каб не адчуваць сябе глыбокай правінцыяй. А прыхаджане, якія не задаволеныя выказваньнямі сваіх сьвятароў на Вялікдзень, могуць падысьці да сваіх сьвятароў і выказаць гэтую незадаволенасьць. Я думаю, што чым больш людзей будуць не тэлефанаваць на Радыё Свабода, а падыходзіць да сьвятароў, тым больш будзе зьменаў.