Кадравыя зьмены перад выбарамі

Прэзыдэнт прызначыў новых кіраўнікоў Менскай і Гарадзенскай абласьцей. Якая лёгіка гэтых кадравых рашэньняў? Ці зьвязаныя яны з выбарамі? Якіх пераменаў варта яшчэ чакаць?
Удзельнікі: старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб і намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Товарищ» Анатоль Гуляеў.

Анатоль Гуляеў
Мечыслаў Грыб
Валер Карбалевіч

Якая лёгіка гэтых кадравых рашэньняў?


Валер Карбалевіч: «Старшынёй Менскага аблвыканкаму прызначаны сьпікер Савету Рэспублікі Барыс Батура, старшынёй Гарадзенскага аблвыканкаму — былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Сямён Шапіра, новым міністрам сельскай гаспадаркі — Міхаіл Русы. Якая лёгіка гэтых кадравых рашэньняў? Што за імі стаіць? Дарэчы, кіраўнікоў Менскай вобласьці і міністраў сельскай гаспадаркі мяняюць даволі часта».

Мечыслаў Грыб: «Усё гэта зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Прызначаюцца новыя людзі, якія, як лічыць Лукашэнка, больш яму адданыя. Якраз кіраўнікі абласьцей павінны забясьпечыць патрэбны вынік падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Якраз кіраўнікі абласьцей павінны забясьпечыць патрэбны вынік падчас прэзыдэнцкіх выбараў.


Хацеў бы заўважыць, што кіраўнікамі рэгіёнаў прызначаюць не мясцовыя чыноўнікі, а кадры зь іншых месцаў. Таму што прэзыдэнт баіцца, каб мясцовыя кадры не маглі дамовіцца аб нечым непрыемным для яго. Да таго ж пасада старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму ўжо колькі месяцаў была вакантная.

Дарэчы, я думаю, Усебеларускі народны сход правядуць гэтым разам да таго, як будуць зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Каб мець падставу не пусьціць туды апанэнтаў Лукашэнкі».

Курс на самазахаваньне


Анатоль Гуляеў: «Усялякая ўлада ставіць на мэце ўласнае выжываньне. У дэмакратычных краінах існуе сыстэма, якая прымушае ўладу працаваць дзеля народу. Гэта падзел улады, незалежныя СМІ, апазыцыя і іншае. У нас гэта ўсё не працуе. Таму на кіроўныя пасады прызначаюцца кіраўнікі не эфэктыўныя, а адданыя.

Мне давялося размаўляць з Русым пасьля таго, як ён першы раз быў міністрам. Дык ён сказаў, што ў краіне павінен быць адзін гаспадар, а функцыя ўсіх астатніх — выконваць яго загады. Чалавек з такімі поглядамі заўсёды знойдзе месца ў кіроўнай абойме.

Сямён Шапіра — разумны чалавек. Ён не згубіў сябе на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі. Думаю, ня згубіць сябе і на новай пасадзе. А ўвогуле кіроўныя кадры ходзяць па адным коле, як у турме ходзяць па коле, заклаўшы рукі за сьпіну. Што тычыцца частай зьмены кіраўнікоў Менскай вобласьці, то гэта важная вобласьць, бо сталічная. Таму да яе асаблівая ўвага. Таму і тасуюць тут кадры».

Карбалевіч: «Шапіра — чалавек адносна новы ў кіроўнай камандзе. Але я зьвярнуў бы ўвагу на тое, што старшынёй Менскага аблвыканкаму прызначаны сьпікер Савету Рэспублікі Барыс Батура. Старшыня верхняй палаты парлямэнту — пасада выбарная. Гэта кіраўнік другой галіны ўлады, незалежны ад выканаўчай. Так вынікае з Канстытуцыі. І тое, што прэзыдэнт прызначае сьпікера Савету Рэспублікі кіраўніком вобласьці — гэта нонсэнс, парушэньне Канстытуцыі, яе духу. Гэта дэманстрацыя таго, што нават фармальна ніякай незалежнай ад прэзыдэнта заканадаўчай улады ў краіне не існуе».

Якіх пераменаў варта яшчэ чакаць?


Карбалевіч: «Якіх яшчэ кадравых зьменаў варта чакаць? Якія яшчэ існуюць вакансіі? Вось адразу ўзгадваецца, што няма старшыні Менскага гарвыканкаму, ёсьць толькі выканаўца абавязкаў».

Грыб: «Думаю, будуць мяняцца кіраўнікі мясцовай улады. Гэты працэс ужо пачаўся. Мяняюцца кіраўнікі мясцовых саветаў. Магчымыя зьмены ў сілавых структурах. Але там нядаўна былі вялікія зьмены. І цяперашнія кіраўнікі там яшчэ мала працуюць. У любым выпадку трэба, каб кадры забясьпечылі перамогу ў 99 ці 102% галоўнаму кандыдату на пасаду прэзыдэнта».

Гуляеў: «Вось ходзяць чуткі, што хмары згусьціліся над галавой былога міністра ўнутраных спраў Навумава. Але я хацеў нагадаць, што зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства інфармацыі мы ўжо адчулі. Новы міністар адразу пачаў наступ на БАЖ. І такая тэндэнцыя на „ўмацаваньне кадраў“ будзе працягвацца».

Сытуацыя ў сілавых структурах


Карбалевіч: «Сапраўды, сёньня сайт „Беларускі партызан“ дае інфармацыю, нібыта Лукашэнка даў каманду арыштаваць Навумава. Ёсьць цікавая тэндэнцыя: адстаўныя кіраўнікі сілавых структураў Беларусі едуць у Маскву. Там працуюць два былыя старшыні КДБ і вось былы міністар унутраных спраў Навумаў. Гэтыя людзі ведаюць шмат таямніц, валодаюць важнай інфармацыяй. З улікам таго, што дачыненьні паміж Масквой і Менскам складаныя, кіраўніцтва РФ можа іх выкарыстаць дзеля ціску на Лукашэнку».
Наша ўлада можа па розных чутках і плётках прымаць неабгрунтаваныя рашэньні.


Грыб: «Вы маеце рацыю. Яны едуць у Маскву не выпадкова, а абгрунтавана. Бо добра ведаюць свайго былога гаспадара. Сапраўды, яны ведаюць шмат інфармацыі, ведаюць пра зьніклых палітыкаў. Той жа Навумаў пэўны час працаваў кіраўніком Службы бясьпекі прэзыдэнта, потым міністрам унутраных спраў. Таму гэтыя людзі ўяўляюць небясьпеку для Лукашэнкі. Таму для апошняга лепш закрыць Навумава ў Менску за краты. Наша ўлада можа па розных чутках і плётках прымаць неабгрунтаваныя рашэньні».

Карбалевіч: «Так, Лукашэнка найбольш непакоіцца пра сілавыя структуры. Некалькі месяцаў таму ён замяніў адразу пяць кіраўнікоў абласных КДБ.

Зьвярну ўвагу, што адразу пасьля пагрому кампаніі „Гавары праўду“, якая, паводле чутак, фінансуецца з Расеі, зьявілася інфармацыя пра Навумава. Можа, гэтыя дзьве падзеі можна зьвязаць?»

Гуляеў: «Цяжка сказаць, наколькі гэта зьвязана. Але відавочна, што любая праява палітычнай актыўнасьці цяпер вельмі моцна гасіцца. І пагром кампаніі „Гавары праўду“ гэта пацьвярджае».