Камэнтуючы ператрусы ў актывістаў кампаніі "Гавары праўду", якія працягваюцца і сёньня, лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч сказаў:
"Ні для каго не сакрэт, што ўлада страшэнна баіцца выбараў -- і ня толькі прэзыдэнцкіх, а нават мясцовых. А на прэзыдэнцкіх наогул нэрвы не вытрымліваюць. І так ужо было ня раз. Гэта ідзе зачыстка грамадзянскай актыўнасьці. І гэтая кампанія мела добры піяр, актыўную дзейнасьць, і ўлада спалохалася і пачынае рэпрэсіі. Для мяне гэта не нечаканасьць, я прайшоў праз такое. У свой час Беларуская асацыяцыя рэсурсных цэнтраў, якая па ўсёй краіне падтрымлівала грамадзянскую актыўнасьць, шукала неабыякавых людзей, іх аб'ядноўвала -- была разгромлена, і гэта было зьвязана з кампаніяй Сямёна Домаша. Так што гэтыя мэтады мы ўжо ведаем. І вядома, што ўлада аўтарытарная, дыктатарская, і яна іншымі мэтадамі не разумее, як дзейнічаць. Я думаю, што гэта шкодзіць будучыні Беларусі. Але паказвае абсалютную недарэчнасьць сёньняшняй сыстэмы".
"Улічваючы апошнія падзеі, ці можна казаць аб неэфэктыўнасьці цяперашняй эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі?"
"Гэта тое ж, калі нехта пайшоў у першую клясу і дрэнна вучыцца, то сказаць, што дырэктар кепскі. Супрацоўніцтва з Эўропай -- гэта вялікі шанец для беларускага народа, і лічу, што гэта неабходна. А тое, што ўлада не здае экзамэн, гэта паказвае, што яна не разумее сваёй адказнасьці і ня ведае, як дзейнічаць без запалохваньня, без сілавых мэтадаў, без рэпрэсій. Толькі так умее гаварыць. Яна абсалютна ізаляваная ад людзей і ня хоча іх слухаць, баіцца свайго народу. Дэмакратычныя выбары гэта ўлада ня выйграе, і яна гэта выдатна разумее, таму так робіць".