Гісторыя з (гома)сэксуальнасцю

Калісьці францускі філёзаф Мішэль Фуко паставіў эпіграфам да сваёй знакамітай трохтомнай “Гісторыі сэксуальнасьці” словы “Мы, новыя віктарыянцы...” Гэта была іронія: менавіта ў віктарыянскай Англіі, дзе панаваў “дыскурс” чыстага і рамантычнага каханьня, а сэкс лічыўся рэччу настолькі нізкай, што нават узгадваць пра яго было непрыстойна, існавала моцная індустрыя прастытуцыі і сэксуальных паслуг. Ёй карысталіся тыя самыя “джэнтэльмэны”, што вельмі любілі вершы пра чыстае каханьне і жаночую цноту.

Я прыгадала гэты эпіграф, калі ўбачыла паведамленьні ў некаторых, ў асноўным апазыцыйных, СМІ, што ў суботу ў Менску была зроблена спроба правесьці “гей-прайд.” На відэа, што павесіла на сваім сайце “Наша ніва,” некалькі чалавек толькі пасьпелі разгарнуць доўгі вясёлкавы сьцяг – як з’явіўся АМАП, сьцяг вырвалі, некалькі удзельнікаў акцыі запіхнулі ў машыну – і ўсё скончылася, як з белых яблынь дым.

Але на самой справе не скончылася, а пачалося, бо пад паведамленьнямі пра гэту акцыю ў СМІ і прыватных блогах разгарнулася
Адбылося неверагоднае: ўлада і значная частка апазыцыі ўпершыню зьліліся - у экстазе нянавісьці да геяў.
сапраўдная бойка. “Няхай жывуць, як хочуць, яны нікому нічога кепскага ня робяць” – пішуць адны, але такіх няшмат. “Раздушым фашысцкую гадзіну, -- адзываюцца тыя, каго значна больш, -- бо яны разбураюць нашае грамадзтва, парушаюць нормы маралі, нясуць небясьпеку, Бог накажа іх за грэх, яны ўсё роўна вымруць, але мы павінны гэтаму дапамагчы.” Нехта пад нікам "Партызан" напісаў: “Заўсёды ёсьць і буду апанэнтам сучаснае ўлады, але сёньня ёй апладую! І адным з першых крокаў будучай нацыянальнае ўлады мусіць быць закон аб крымінальнае адпавядальнасьці за распаўюд (у тым ліку і шляхам "гэй парадаў") гомасэксуалізму! А дзеля невылякоўных - кастрацыя!” Яшчэ адзін чытач пад нікам Кронан адазваўся: “Упершыню быў на баку спецназу! Малайцы хлопцы! Сямашку - рэспэкт!!!:))))” Яшчэ нехта падхапіў: “уладзе, АМАПу - рэспект!!! Тольки дзеючый Прэзыдэнт и яго улада абарониць народ Беларуси ад разбэшчанасци грамадзства и свабоды секса!" (напісаньне ва ўсіх цытатах захавана). У панядзелак газэта “Рэспубліка” ў артыкуле “Голубая луна с розовым отлівом” кваліфікавала падзею як “мерзость” (але ў чым менавіта “мерзость”, выданьне чамусьці не сказала). Адбылося неверагоднае: ўлада і значная частка апазыцыі ўпершыню зьліліся - у экстазе нянавісьці да геяў. Нацыя, ў існаваньні якой шмат хто яшчэ ўчора сумняваўся, нарэшце адбылася. У сувязі з чым хацелася б тое-сёе патлумачыць.

Сэксуальнасць мае сваю гісторыю


Доўгі час існавала меркаваньне, што чалавечая сэксуальнасць – гэта біялёгія ці “прырода,” проці якой “нічога не зробіш”. Напрыклад, Фройд лічыў сэксуальнае жаданьне адным з праяваў нашай біялягічнай сутнасьці, якой з пераменным посьпехам, а большай часткай без яго, процістаіць прывітая нам цывілізаванасць. Але адначасова з гэтым папулярным поглядам вучоныя заўважалі, што сэксуальнасць ў розныя часы і ў розных грамадзтвах адрозьніваецца, таму што яна рэгулюецца правам, маральлю, рэлігіяй, звычкамі і традыцыямі. Значыць, гэта з’ява не толькі біялягічная, вырашылі дасьледчыкі і ў сярэдзіне 20-га стагодзьдзя прыйшлі да высновы, што сэксуальнасьць, хоць і мае у сваёй аснове біялёгію (бо “робіцца” целам), ёсьць вынікам сацыяльных, палітычных ды культурных працэсаў і што ўся чалавечая гісторыя можа разглядацца як гісторыя зьмены сэксуальных жаданьняў, формаў задавальненьня і паводзінаў у адпаведнасьці з тым, як мяняюцца іншыя сацыяльныя інстытуты: шлюб, эканоміка, права і г.д.

Мы, вядома ж, настолькі прызвычайваемся да сваіх паводзінаў, што лічым іх “натуральнымі”, адзіна магчымымі і заўсёднымі. Між тым,
Мы, вядома ж, настолькі прызвычайваемся да сваіх паводзінаў, што лічым іх “натуральнымі”, адзіна магчымымі і заўсёднымі.
нават такая натуральная, на першы погляд, рэч, як табу на інцэст (забарона сэксуальных зносін паміж блізкімі сваякамі) не існавала заўсёды: яна з’яўляецца ў пэўны гістарычны момант і мае сацыяльную функцыю. Як лічаць антраполягі, гэтае табу ўзьнікае з патрэбы забясьпечыць шлюб (г. зн. сацыяльныя стасункі) паміж сем'ямі альбо клянамі, што магчыма толькі тады, калі дачку (альбо сына) аддаваць у іншую сям’ю.

Што тычыцца аднаполых сэксуальных зносін, дык яны існавалі заўсёды (лічыцца, што такіх людзей у кожнай папуляцыі да 10%), і стаўленьне да іх таксама гістарычна мянялася, таму што грамадзтвы па-рознаму разумелі іх сутнасьць. Напрыклад, у антычнай Грэцыі адпаведныя адносіны паміж хлопчыкам і дарослым мужчынам лічыліся неабходнай часткай “мужчынскага выхаваньня”.

Крыміналізацыя гомасэксуальнасьці, г.зн. абвяшчэньне яе злачынствам, мае прычынай сувязь паміж сэксам і рэпрадукцыяй. Паколькі дзіцячая сьмяротнасьць у старадаўнія часы была вельмі высокай, нараджальнасьць павінна была “замяшчаць” памерлых, каб папуляцыя магла захавацца, а таму сэкс, які не вёў да пракрэацыі, пачаў лічыцца непажаданым, крымінальным, грахоўным і г.д. Разам з тым, гетэрасэксуальная норма мела пад сабой пэўны сацыяльны парадак, пры якім мужчыны мелі ўладу над жанчынамі і дзецьмі.


Сэксуальныя зьмены 20-га стагодзьдзя


У 20-м стагодзьдзі ў гэтай галіне наступаюць велізарныя зьмены. Дзякуючы разьвіцьцю мэдыцыны дзіцячая сьмяротнасьць падае, а з ёй зьніжаецца і нараджальнасьць (у гісторыі не было ніводнага выпадку, калі зьніжэньне дзіцячай сьмяротнасьці не прывяло б праз нейкі час да зьніжэньня нараджальнасьці), а ў сувязі з гэтым мяняюцца адносіны да сэксу. Паколькі грамадзтву больш “не трэба” столькі дзетак, колькі раней, сэкс аддзяляецца ад рэпрадукцыі. Ён болей ня лічыцца адно шляхам да пракрэацыі, а пачынае разглядацца як спосаб
Паколькі грамадзтву больш “не трэба” столькі дзетак, колькі раней, сэкс аддзяляецца ад рэпрадукцыі.
самавыражэньня, дасягненьня блізкасьці паміж партнэрамі, атрыманьня задавальненьня і г.д. Людзі бачаць сэксуальнасьць як ідэнтычнасьць, як спосаб існаваньня ў сьвеце. У гэты час – на Захадзе гэта прыблізна 60-70-я годы 20-га стагодзьдзя – надыходзіць і лібэралізацыя гомасэксуальнасьці. Яна перастае лічыцца злачынствам, хваробай альбо дэвіяцыяй, а пачынае разглядацца як частка сэксуальнай нормы. У 1990 годзе Ўсесветная арганізацыя аховы здароўя (орган ААН) выключыла гомасэксуальнасьць з міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў. Проста ёсьць такія людзі, а ёсьць іншыя, і ўсім на зямлі ёсьць месца.

Як піша акадэмік Ігар Кон, сёньня тэндэнцыі сэксуальнай лібэралізацыі зьяўляюцца сусьветнымі. У тэхналягічна разьвітых грамадзтвах мае месца больш раньняе сэксуальнае высьпяваньне і абуджэньне эратычных пачуцьцяў у падлеткаў, сацыяльнае і маральнае прыняцьце дашлюбных сэксуальных зносін, звужэньне кола забароненага ў культуры і рост грамадзкай цікавасьці да эротыкі, рост цярпімасьці у адносінах да нязвыклых альбо варыяцыйных формаў сэксуальнасьці. Лібэралізацыя таксама ўключае аслабленьне «падвойнага стандарту», г.зн розных нормаў і правілаў сэксуальных паводзін для мужчын і жанчын. Гэта зразумела: паколькі сэкс перастае быць адназначна зьвязаным з рэпрадукцыяй, зьнікае «неабходнасьць» кантраляваць жаночыя паводзіны так жа жорстка, як то было раней, у старым і патрыярхальным грамадзтве.

АБАРОНЦЫ СВАЙГО МЕСЦА


Чалавецтва разьвіваецца такім чынам, што сэксуальная разнастайнасьць з цягам часу будзе расьці, а не зьніжацца, але некаторым людзям здаецца, што гэта сьвет рушыцца і яго трэба бараніць. Згодна з паведамленьнямі інфармацыйных агенцтваў, падчас гей-прайду ўвагу ўсіх прыцягнуў журналіст БелаПАНу Васіль Сямашка, які пасьля некалькіх нецэнзурных выкрыкаў у адрас геяў стаяў з дзесяткам яек у руцэ і зьбіраўся іх кінуць ў вясёлкавы сьцяг. На самой справе такія людзі бароняць не сьвет – ён захаваецца, але будзе трошкі іншым, а традыцыйны парадак і сваё “маскуліннае” месца ў ім. Яны не могуць – альбо баяцца – уявіць сабе іншы сацыяльны парадак, але кажуць, што дбаюць пра “мараль”. Таму хачу сказаць наступнае.

Я рэгулярна бачу на сайтах “Нашай нівы”, “Салідарнасьці, ”Народнай волі” і іншых дэмакратычных СМІ, што дбаюць пра правы чалавека, паведамленьні пра конкурсы на лепшыя грудзі, ногі альбо яшчэ якія часткі жаночага цела. Мужчынскія камэнтары пад імі, аднак, не пакідаюць сумненьняў у тым, што “правоў” ў носьбітаў гэтых частак цела няма, бо іх ацэньваюць, як тавар: гэта тоўстая, а тая з цэлюлітам, а трэцяя не зусім сьвежая на выгляд; дайце нам іншых, а мы паглядзім і ацэнім. Апошнім разам мяне уразіў рэпартаж з конкурсу на лепшыя сушы у Мінску. На вялікім стале ляжала жывая цалкам разьдзетая дзяўчына -- толькі пэўныя месцы былі прыкрытыя кветкамі і лісткамі -- і на яе і выкладаліся тыя сушы. Публіка выбірала, ела, разглядала, абменьвалася меркаваньнямі, камэнтатары камэнтавалі. Жаночае цела, раскладзенае на стале, было часткай падзеі -- і ніхто чамусьці не кідаў яйкі і не змагаўся з амаральнасьцю. Ўсё, лічылася, было нармалёва. Як і павінна быць.