Велапрабег памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча

Перад стартам

У Варшаве адбыўся велапрабег памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Напярэдадні споўнілася 70 гадоў з дня забойства генэрала.

“Я – паляк, але прыехаў узяць удзел у гэтай імпрэзе разам зь беларусамі, бо Булак-Балаховіч змагаўся таксама за Польшчу. Ён змагаўся, як казалі нашыя продкі, “за нашу і вашу свабоду”, – сказаў адзін з каля 20 удзельнікаў прабегу, варшаўскі інжынэр Томаш Бладынец.

Удзельнікі імпрэзы з прымацаванымі да ровараў бел-чырвона-белымі сьцягамі праехалі ад цэнтру Варшавы да вуліцы Францускай, дзе 10 траўня 1940 году быў забіты генэрал Балаховіч, як мяркуецца, агентамі гестапа. Там прымацавана мэмарыяльная шыльда ў гонар генэрала, каля якой удзельнікі акцыі паставілі белыя і чырвоныя зьнічы.

Потым, праз увесь горад – на могілкі “Павонзкі”, дзе знаходзіцца сымбалічная магіла Булак-Балаховіча, бо ягонага цела так і не знайшлі. Па дарозе ўдзельнікі акцыі (пераважна маладыя беларусы, што вучацца ці працуюць у Варшаве) затрымаліся каля прэзыдэнцкага палацу, каб аддаць даніну памяці трагічна загінуламу прэзыдэнту Леху Качынскаму.

“Павонзкі”. Там таксама былі запаленыя зьнічы.

“Заклікаю ўсіх беларусаў прыходзіць на гэтую магілу, бо тут ляжыць наш герой, які пад бела-чырвона-белымі сьцягамі змагаўся супраць бальшавіцкай навалы”, – сказаў на завяршэньне Анатоль Міхнавец, старшыня арганізацыі "Беларуская нацыянальная памяць", якая і наладзіла роварны прабег пры падтрымцы тэлеканалу "Белсат".

Каля мэмарыяльнай дошкі ў гонар генэрала

Удзельнікі на масьце праз Віслу

Каля прэзыдэнцкага палацу

Могілкі “Павонзкі”. Магіла генэрала