Вечарынай у студэнцкім тэатры Беларускай акадэміі мастацтва распачынаюцца 13 траўня швэдзка-беларускія літаратурныя чытаньні. Апрача Менску, іх праграма сягае яшчэ Салігорску і Пінску. Але ня ўсюды, дзе хацелі, арганізатары знайшлі паразуменьне з уладамі.
Швэдзка-беларускія літаратурныя чытаньні ладзяцца ўжо дзявяты раз. За гэты час творы многіх швэдзкіх пісьменьнікаў у перакладзе на беларускую мову прагучалі перад публікай у Баранавічах, Полацку і шмат дзе яшчэ. Маршрут зь Менску швэды выбіраюць кожнага разу новы. Нязьменным у геаграфіі чытаньняў застаецца Пінск. Менавіта ў гэты беларускі горад закахалася швэдзкая фотажурналістка Марыя Сэдэрбэрг, якая і ёсьць ініцыятаркай гэтых літаратурных імпрэзаў.
Прыехаўшы напрыканцы 90-х упершыню ў Пінск разам са знакамітым ураджэнцам гораду польскім пісьменьнікам Рышардам Капусьцінскім, яна ад 2001-га штогод вяртаецца туды разам з групай швэдзкіх літаратараў. Сёлета кампанію спадарыні Марыі складуць Агнета Плеель, Мацей Зарэмба, Азар Махлуян, Дзьмітры Плакс і Яніна Арлоў.
Апрача Менску і Пінску, швэды разам са сваімі беларускімі калегамі Барысам Пятровічам, Валянцінам Акудовічам, Андрэем Хадановічам, Марыяй Мартысевіч, Віталем Рыжковым і Анкай Упалай выступяць перад жыхарамі Салігорску. Праўда, у вялікай залі Дому культуры ў апошні момант мясцовае начальства гасьцям адмовіла. Гаворыць супрацоўніца амбасады Швэцыі ў Беларусі Алеся Літвіноўская:
"Тлумачыцца тым, што ў гэты час у Доме культуры, ці Палацы культуры, як мы яго называем, будуць адбывацца нейкія іншыя мерапрыемствы і, каб пазьбегчы пэўнай інтэрфэрэнцыі паміж імі, можа быць, лепш нас перамясьціць у іншае памяшканьне".
А вось у Слуцку ўлады наогул не дазволілі правесьці швэдзка-беларускую літаратурную вечарыну. Спадарыня Літвіноўская апавядае:
"На жаль, у Слуцку мы не знайшлі паразуменьня. Былі пэўныя складанасьці. Відаць, мясцовыя ўлады не зусім падтрымалі ідэю правядзеньня такога мерапрыемства".
Першая вечарына чытаньняў распачнецца сёньня ў Менску ў Акадэміі мастацтваў а 18-й.