12 траўня ўвечары ў межах менскага Фотафоруму-2010 адбылася цырымонія ўганараваньня ляўрэатаў першага беларускага конкурсу прэс-фатаграфіі. Пераможцы вызначаліся ў намінацыях «Навіны», «Людзі ў навінах», «Паўсядзённае жыцьцё», «Спорт», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Глямур, рэкляма».
Арганізатарамі конкурсу выступілі самі прафэсійныя фотарэпартэры. У конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2010» удзельнічала 96 беларускіх фатографаў, было даслана больш за 1200 працаў — адзіночных здымкаў і сэрыяў.
Кіраўнік кампаніі «Zнята» Сяргей Міхаленка: «Мяне радуе тое, што прэс-фатаграфія пачынае выходзіць на нейкі узровень асобнага віду фатаграфіі, заслужаны узровень. Конкурс для чаго праводзіцца — для таго, каб паглядзець, на якім узроўні. І вельмі прыемна, што перамагалі ня толькі прызнаныя, сталыя майстры, але і маладыя, і тыя, хто дастаткова рэдка друкуецца, таксама перамагалі».
У складзе журы — аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары з розных краінаў, у тым ліку штатныя супрацоўнікі вядучых усясьветных агенцтваў — Associated Press, France-Presse.
Малады фотамастак Аляксей Мацюшкоў: «Усе гэтыя фатаграфіі ацэньваліся замежным журы, не было ніводнага беларускага чальца журы. І ўсе рэпартэры, якія ацэньвалі фотаздымкі, дзейныя: хтосьці навіны, працуючы ў навінных агенцыях, а таксама ў фотастоках. Яны прызнаныя ў сьвеце».
На пытаньне, ці цяжка было адабраць здымкі для конкурсу, ляўрэатка ў дзьвюх намінацыях — «Людзі ў навінах» і «Спорт» Юлія Дарашкевіч адказала:
«Гэта было самае складанае. Паколькі гэта першы конкурс, трэба было адабраць здымкі за апошнія 5 гадоў, і па 3 здымкі ў кожную намінацыю, ня больш. Я думаю, што посьпех многіх ляўрэатаў конкурсу менавіта ў тым, што яны правільна адабралі здымкі».
Самі фотакарэспандэнты лічаць, што такія конкурсы проста неабходныя. Ляўрэат конкурсу ў намінацыі «Людзі ў навінах» Андрэй Лянкевіч кажа:
«Безумоўна, трэба. Заўсёды ж ёсьць вялікая цікавасьць, хто чым займаецца. А калі няма СМІ, няма часопісаў, якія б маглі друкаваць вялікія рэпартажы, канечне ж, трэба. Цікава паглядзець, чым займаюцца канкурэнты, каб у вольны час рэалізаваць сябе, каб зрабіць нейкія сур’ёзныя сацыяльныя тэмы. А па-другое, трэба зьбірацца разам, і гэта добрая нагода, каб выпіць, паразмаўляць пра фатаграфію».
Сярод ляўрэатаў чатыры прадстаўнікі рэгіёнаў — Васіль Зянько з Стоўбцаў, Аляксандар Саенка з Горадні, Мікалай Цітоў з Магілёва і Алег Рубчэня са Слуцку, а таксама дзьве жанчыны — Юлія Дарашкевіч і Натальля Аблажэй.
Некаторыя лічаць, што пры цяперашняй фотатэхніцы і тэхналёгіях здымаць можа бадай што кожны, а фотакарэспандэнт, наагул, прафэсія «глямурная». Юлія Дарашкевіч перакананая:
«Можа, для глямурных часопісаў і лёгка і глямурна можна здымаць... Але што тычыцца навінаў, тут прафэсія — мне б не хацелася казаць, што яна мужчынская, але фізычна цяжкая — гэта адназначна, таму што і камплект апаратуры цяжкі, і працаваць часьцяком даводзіцца ў складаных умовах».
Арганізатары і ўдзельнікі першага конкурсу вырашылі праводзіць «Прэс фота» штогод.
Пераможцамі у наступных намінацыях сталі:
- «Навіны» — Васіль Фядосенка, Віктар Драчоў, Дзьмітрый Брушко.
- «Людзі ў навінах» — Андрэй Лянкевіч, Юлія Дарашкевіч, Натальля Аблажэй.
- «Спорт» — Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Юлія Дарашкевіч.
- «Паўсядзённае жыцьцё» — Віктар Драчоў, Васіль Зянько, Натальля Аблажэй.
- «Партрэт» — Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Віктар Драчоў.
- «Мастацтва і забавы» — Віктар Драчоў, Натальля Аблажэй, Аляксандар Саенка.
- «Прырода» — Аляксандар Саенка, Мікалай Цітоў, Алег Рубчэня.
- «Глямур, рэкляма» — Віктар Драчоў, Аляксандар Канатоп, Сяргей Грыц.
- Гран-пры «Прэс-фота Беларусі 2010» атрымаў Віктар Драчоў за цыкль фатаграфій пра Чарнобыльскую зону.