Гатовы закласьціся: пераважная большасьць тых, хто прыяжджае на чыгуначную станцыю Пухавічы, так і ад’яжджае, не зразумеўшы, чаму справы вырашае ў райцэнтры Мар’іна Горка, а выехаўшы за гарадзкія межы, ізноў апынаецца ў Пухавіцкім раёне.
Таму вандроўку ў вёску і колішні таксама райцэнтар Пухавічы, дзе зараз усяго за дзьве тысячы насельнікаў, вырашыў пачаць з высьвятленьня гэтага гістарычнага парадоксу — разам з тутэйшай вядомай краязнаўцай, спадарыняй Натальляй Ільініч.
Ільініч: «Такая легенда ёсьць. Землі гэтыя ў 1863 годзе належалі Крупскім — маёнтак знаходзіўся ў вёсцы Навасёлкі. За ўдзел у паўстаньні 1863 іх саслалі, землі былі канфіскаваныя і аддадзеныя расейскаму чыноўніку, графу Макаву. І ён сабе пабудаваў на беразе Цітаўкі маёнтак. Чыгунка, якую тут сталі будаваць у 1863, павінна была прайсьці праз Пухавічы. Але Макаў хацеў, каб каля яго маёнтка. Быццам падкупіў праекціроўшчыкаў, будаўнікоў — і прайшла чыгунка праз Мар’іну Горку, а шыльду павесілі, каб падман не раскрыўся — Пухавічы…»
Старажытнае мястэчка ўпершыню ўзгадваецца ў складзе ВКЛ у 16 стагодзьдзі. Вякамі тут жыла габрайская супольнасьць. У 1942 створанае немцамі гета цалкам было вынішчана эсэсаўскай «зондэркамандай». Завочна я даведаўся пра дзьвюх жывых сьведак тых падзей, якія жывуць у адной са шматлікіх бакавых вулак паселішча, непадалёк ад рэчкі Цітаўкі. Яна ўвесну рэгулярна залівае незьлічоныя яміны, якія ніхто не засыпае. Адна зь іх безнадзейна перагарадзіла мне далейшы шлях. Змог пераскочыць толькі ў бліжэйшую хату, дзе пэнсіянэрка, спадарыня Ганна Шчарбакова і яе дачка Зінаіда, якая акурат зьбіралася на заробкі ў Расею, не прамінулі распавесьці:
Шчарбакова: «Дзеці-„нулёўкі“ ў школу ходзяць маленькія, хворыя старыя таксама праз гэту канаўку. Разальецца аж да маёй брамкі, во цэлы пограб вады. А кладка такая, што я не прайду…»
Зіна: «Немагчыма жыць тут. Адзін ліхтар на ўсю вёску, процьма сабак носіцца — на працу не прайсьці. Пакусаюць — ніхто не пачуе, у дварах свае спушчаныя…»
Дварамі Зіна правяла мяне да хацін 83-гадовай былой супрацоўніцы дзіцячага дома, спадарыні Ганны Крыловай і 86-гадовай былой настаўніцы, спадарыні Зінаіды Корань. Абедзьве карэнныя і — сьведкі пухавіцкай габрэйскай трагедыі.
Крылова: «Тут жыло шмат габрэяў у цэнтры — яны складалі палову Пухавіч. Усіх пабілі. У нас быў дом адпачынку, іх туды ўсіх сагналі, тыдзень патрымалі і пастралялі на Паповай Горцы — чалавек 800. І школьнікаў майго году…»
Корань: «Нашы сем’і сябравалі. І мама кажа — „габрэяў загналі ў Маркаўшчызну, вазьмі, дочанька!“ І паклала вялікі бохан хлеба ды кус сала. Не дайшла да ракі Сьвіслач, як адтуль працэсія — немцы, паліцаі гоняць перад сабой габрэяў калёнай па два. І я за імі. Яны дайшлі да лесу, на пагорку спыніліся — яміны ўжо былі вырытыя. Бяруць немцы габрэйскіх дзяцей, за ногі трымаюць, а галавой аб борт машыны і кідаюць у яміны. Так робяць з адным, другім — усіх чалавек 30. Як ахапіў мяне жах, і, колькі мела сілы, пабегла дамоў. У Пухавічах пасьля габрэяў не засталося…»
Бабулі ўдарыліся ва ўспаміны і пра другую сусьветную, і пра 1937 год, калі расстралялі першым сьвятара тутэйшай царквы Раства Прасьвятой Багародзіцы Стэфана Салаўянчыка. Між іншым, іх рэальныя ўспаміны моцна адрозьніваюцца ад выкладзеных ад іх імя на афіцыйным сайце райвыканкаму ў інтэрнэце.
Корань: «Бацька быў добры гаспадар, камуністы называлі „кулак“. Быў конь, плуг, кавалак зямлі даволі вялікі, карова. Малатарня, вялікае гумно, сьвіньні, куры — стараліся. І нас папярэдзілі — „вас будуць раскулачваць“. Хлеб па суседзях схавалі. Прыйшлі тыя — дачка інвалід, сын хворы на сухоты, астатнія малыя дзеці. Так нас і пакінулі. Іншых цягнулі ў Сыбір. А ў Пухавічах забралі людзей, якія ўмеюць і хочуць працаваць…»
Крылова: «А вайсковы гарадок, калі немцы адступалі, узарвалі. Я памятаю — мне было 14 год. Партызаны маглі гэтага не дапусьціць. Два толькі немцы дзень рвалі, зямля калацілася. А партызанскі атрад у Глушках быў — многа няпраўды кажацца. У Пухавічах калгас з 32 году — мама хадзіла на кароўнік даіць за „палачкі“. І цяпер за „палачкі“ — а што калгасьнікі атрымліваюць? Пэнсіі Валя, суседка мая, мае 270. У мяне 80 год — 20 тысяч дабавілі. А ў Пухавічах ПМК, калгас, амбуляторыя — і ўсё. А ў нас жа будавалі бальніцу — грошы не далі, сьцены паразьбіралі, і прапала ўсё — стацыянара няма. Няма добрых кіраўнікоў. Калі нават звароту чалавечага няма ад начальнікаў — мацюкамі на людзей…»
* * *
Ускосна апошнія словы спадарыні Крыловай пацьвердзіў мне 45-гадовы кранаўшчык з тутэйшага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Пухавічы», спадар Ціхановіч.
Ціхановіч: «Памагаў жа калгасу, бо прасілі бульбу вытрасаць — у самога не ўрадзіла. Прадсядацель кажа — памажы, у цябе ж трактар, дам тону бульбы. Дамовіліся. Выкапаў, дык ён кажа — тону не, 800 кг дам. Аляксандравіч, дык сумленьне ж трэба мець! Паехаў ён на суседні ўчастак, дзеўкі кажуць — бяры тону, і ўсё…»
Я завітаў у абкладзеную сьвежай цэглай хату Ўладзіміра, убачыўшы на падворку трактар з прычэпам — яўна ўласны, бо вычышчаны да бляску. Здагадка была слушная — гаспадар разам зь дзесяткам больш-менш заможных пухавічанаў некалі зьбіраўся пайсьці ў фэрмэры.
Карэспандэнт: «А чаго ў фэрмэры не пайшоў?»
Ціхановіч: «Не дадуць добра разьвіцца. Колькі выпадкаў, як узяў зямлю, не пасьпеў пасадзіць, а ўжо прыйшлі па падаткі і крэдытаў не дадуць. Трактар даўней купіў — год 8 таму. Участкі ё — бацькаўшчына, мацькаўшчына, дык травой засеяна — кароўку трымалі. Ужо не — бацькам цяжка, па 70 год. Мне ў кранаўшчыках 850 тысяч выходзіць. Во куры свае, яйцо ё, сала. Трусоў выгадней трымаць, сена накасіў — мяса ё. Трактар карыстаю — каму дровы, каму сена падвезьці. Калгасныя баяцца ж ехаць — салярку зь іх вылічваюць. А з фэрмэраў ніхто не застаўся…»
Пагутарылі мы з Уладзімірам Ціхановічам і пра пухавіцкае жыцьцё-быцьцё.
Ціхановіч: «Раней кароў было — адзін раз за ўсё лета пасьвілі, а цяпер калі і ё 15 кароў — усё на спад ідзе. А зь зямлёй яшчэ — то можна прыватызаваць, то не. Канаўка цячэ — 500 мэтраў прыродаахоўная зона! Якая там — жыжка сьцякаецца ў Цітаўку, зь Цітаўкі ў Сьвіслач. Моладзь бяжыць — у калгасе ніхто рабіць не хоча. Два клюбы было. У школе клясы па 30, цяпер па 7-8 вучняў. Хто слабейшы — пры бацьках усё-ткі застаюцца…»
Карэспандэнт: «Але я да вас ішоў — 7 мужыкоў сустрэў, усе п’яныя ўшчэнт…»
Ціхановіч (сьмяецца): «Хапае тут! Раней за валацужніцтва забіралі, а цяпер ходзяць, дзе што пакрасьці. І кожны дзень п’яныя — о-ёй! І грошы бяруцца. Тут дзьвюх дзевак гадуеш — за адну ў МВТУ кожны год плаціў 1200 даляраў, 100 за кватэру і плюс пакарміць — змагаліся! Жонка робіць фэльчарам на „Хуткай“, выходзіла таксама пад 900. Крыза — парэзалі на 200 тысяч. А яна ж горш ня стала працаваць. Жывеш, як боб пры дарозе — хто ні ідзе, той ушчыпне…»
За які кілямэтар ад ускраіны вёскі — дзьве фэрмы на 220 дойных кароў. Параўнальна чыста. Першай на вочы патрапіла 36-гадовая Іна Ключнік, што працуе тут больш як 10 год. У «кірзачах», ватоўцы ды шчыльна павязанай хустцы выглядае старэйшай за свой век.
Ключнік: «У сярэднім доім 4 тоны з абедзьвюх. Я гэты месяц зарабіла 2 мільёны 80. Ідзіце скажыце пра Пухавічы, чаго сталі!»
Падыходзіць спадарыня Вера Елізарава — ёй праз тры гады на пэнсію. Высьвятляецца — ня надта радуюць заробленыя мільёны.
Спадарыні: «Я 8 год, як з Казахстану прыехала, абслугоўваем па 65 кароў, па мільёну выходзіць… Малакаправод у нас, малако не выліваюць, як у іншых, бо інакш мільёна не было б! (Сьмех.) З вадой праблема — вежы паламаліся, узімку пакутуем, дык бочкамі возяць…А ў Пухавічах не бываем — суткамі на фэрме. У 5 раніцы ідзем на працу, а дахаты ў 11-12 ночы. Праз 4 дні дзяжурныя — гэта на цэлы дзень, 4 гадзіны на сон… Дзяцей ня бачым сваіх — мае во вучацца, прыяжджаюць на выхадныя. Калі прыйдуць памагчы, дык убачым… І гаспадаркі не трымаем, бо ўвесь час на фэрме…»
Найбуйнейшым у Пухавічах прадпрыемствам лічылася мэліярацыйная ПМК-70, якая зараз у заняпадзе. Пра гэта распавёў мне былы бульдазэрыст Аляксандар Сёмкін, які прапрацаваў там 20 год. З-за нізкіх заробкаў вымушаны быў сысьці ў сантэхнікі-асэнізатары.
Сёмкін: «Цэлую зіму не рабілі — па 200 рублёў выходзіла, і ўсё. Дарогі рабілі, дрэнаж, а зараз няма фінансаваньня. Раней тэхнікі было — вазілі куды хочаш, а зараз параскідалі. На раёне, як я рабіў, заробак быў добры — і на Чарнобылі. А цяпер сышоў — 300 болей, чым 200. Плаваю па калена — адкачваю каналізацыю. Раней 40 тысяч за г…о дабаўлялі. Гэта ж туды схадзі, туды — кілямэтры крочыш. У калгас тры разы на дзень…»
На цэнтральнай Савецкай вуліцы, ля «двухпавярхоўкі» нумар 72, ішло будаўніцтва. Адзінока стаяла 67-гадовая спадарыня Ніна Шмарак — маўляў, па лужынах ня надта пагуляеш. Але, кажа, горш усярэдзіне.
Шмарак: «З 23 кватэры падпісвалі ў нас — цячэ ў яе дах, пабелка сыплецца на лесьвіцу…»
У 23-й мне адкрыў 21-гадовы Дзіма Раманавец, мускулісты здаравяк з аголеным торсам. Працуе ахоўнікам у мясцовым начным клюбе «Бяседа».
Дзіма: «Я 8 дзён у месяц працую з 11 ночы да 6 раніцы — 300 тысяч. Хоць нейкі заробак, а так вучуся на кіроўцу катэгорыі „С“…»
Дзіма пацьвердзіў: «Дах цячэ, калі дажджы альбо сьнег тае, у ваннай таксама. Я сам займаюся эўрааддзелкай, столь нібы зрабіў нармальна. Калідор абяцалі зрабіць — месяцамі не прыходзяць…»
Зрэшты, мяне ягоныя скаргі не зьдзівілі — я пагутарыў ужо з сакратаркай сельсавету, спадарыняй Інай Клешчык пра фінансаваньне заснаванага ў мінулым годзе аграгарадка.
Клешчык: «Адрамантавалі будынак сельсавету, агароджы паставілі па цэнтральнай вуліцы, заасфальтавалі Кастрычніцкую і праклалі тратуар. Баліць, каб чысьціня была — увесну ўвесь бруд паўсплываў. На ўсё няма грошай — нам на сельсавет, у якім 31 населены пункт, 16,7 тысяч га тэрыторыі, 5 мільёнаў дадуць, магчыма…»
Тым ня менш дужы Дзіма Раманавец упэўнена-ткі глядзіць у будучыню.
Карэспандэнт «У Пухавічах застанесься?»
Дзіма: «Застануся, можна жыць — рэчка, лес побач. Летам людзі на ягадах зарабляюць мільёны, купляюць машыны, кватэры. Не памруць Пухавічы…»