Ярашук: "Альтэрнатыва Лукашэнку — кампрамісная фігура"

Да канца гэтага тыдня правацэнтрысцкія сілы Беларусі прадставяць свае прапановы наконт вызначэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Такая дамоўленасьць была дасягнутая ўвечары 10 траўня на сустрэчы ў Вільні.
Меркаваньні палітыкаў пра мэтазгоднасьць вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Павал Севярынец лічыць: ужо праз пару-тройку тыдняў мэханізм абраньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкіх сілаў будзе сфармаваны:

Павал Севярынец
"Адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў — патрэбны. І чым большую колькасьць дэмакратычных сілаў ён будзе прадстаўляць, тым лепш. Бо адзінства — гэта закон палітыкі. Гэта заўсёды добра і карысна. Таму, напрыклад, БХД будзе настойваць на тым, каб быў адзіны кандыдат ад Беларускага незалежніцкага блёку. І, магчыма, шырэй — ад усіх сілаў, якія вызнаюць як каштоўнасьць незалежнасьць, дэмакратыю, эўрапейскі выбар і хрысьціянскія каштоўнасьці".

У неабходнасьці адзінага кандыдата ўпэўнены і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

Аляксандар Ярашук
"З майго пункту гледжаньня, альтэрнатывы адзінаму няма. У грамадзтве існуюць відавочныя спадзяваньні на перамены ў наступным годзе. І гэта тычыцца ня толькі апазыцыі, дэмакратычнага асяродзьдзя, але і шырокага пласту людзей, якія дагэтуль не кансалідаваныя. І частка якіх, можа, нават нэгатыўна ставіцца да апазыцыі.

16 гадоў — вялікі тэрмін. Людзі ўжо стаміліся ад адных і тых жа твараў, ад адной і той жа ўлады. Яны хочуць пераменаў, і, канечне, яны маюць на ўвазе альтэрнатыву. А гэтая альтэрнатыва мусіць прадстаўляць адну асобу, а ня нейкую групу людзей. Таму вылучэньне адзінага і ёсьць рэакцыя на чаканьне грамадзтвам той фігуры, якая можа стаць кампраміснай".

А вось каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьміцер Бандарэнка называе спробы абраць адзінага "бюракратычнай працэдурай":

Зьміцер Бандарэнка
"Я лічу, што самае галоўнае, каб прыхільнікі зьменаў у Беларусі, прыхільнікі дэмакратычнага і эўрапейскага выбару краіны мелі сваім прадстаўніком моцнага кандыдата. А бюракратычныя спробы вызначыць так званага адзінага кандыдата ў сёньняшніх умовах ні да чога не прывядуць".