“Як хмара ідзе, дык я гляджу — хаця б там гром над хатай не грымеў”

Грыдні, калісьці паўналюдная вёска, з даўжэзнымі вуліцамі ўздоўж рэчкі Мытвы, з высокімі дыхтоўнымі хатамі славілася на ўсё навакольле сваімі будаўнікамі. Грыднеўцы будавалі хаты па ўсёй Нараўляншчыне. Але пасьля 1986-га Грыдні набылі іншую славу. Пасьля чарнобыльскай аварыі вёску прызналі забруджанай. І людзей пастанавілі адсяліць. У суседні Ельскі раён. Але гордыя грыднеўцы нядоўга пакутавалі на чужыне. І праз год пачалося вялікае вяртаньне на зямлю абяцаную. Ні міліцыя, ні калгаснае начальства, ні менскія начальнікі не далі рады адданым радзіме грыднеўцам. Ці не таму, каб пацьвердзіць, што радыяцыя не такая ўжо страшная, Аляксандар Лукашэнка не аднойчы свой верталёт садзіў менавіта ў Грыднях.

Спадарыня Ева, старая сялянка з голасам, поўным паляшуцкай годнасьці,апавядае пра сваё выгнаньне ў Ельшчыну. Апавядае паэтычна.


Ева: «Ну як вам расказаць? Пражыць усё жыцьцё на сваёй радзіме… Я нават не магу зараз расказваць. А пасьля выселілі туды. Тут я даіла каровы ў калгасе. Прыехала туды. Як можна было жыць там? Грыбоў ня есьці, малака ня есьці, шчаўя ня есьці, ягад ня есьці».

Карэспандэнт: «Гэта яны выселілі ў чыстую…»

Ева: «У чыстую зону. Была праўда ці не? Ніякай праўды не было. Я пайшла туды ў калгас капцы перабіраць. Яны ўсе пра нешта гавораць, ім такі інтарэс. А я стаю, як немка. Няма пра што зь імі гаварыць. Можна так жыць ці не? Тут я на сваёй радзіме ўночы ішла — знала, куды іду. А там і ўдзень ня ведала, куды ісьці. Гэта ж ня можна было зьнесьці. Гэта мог зносіць толькі чалавек, які не разумеў. Абы яго перасялілі. Ён гатовы, як цыгане: туды, і туды, і туды. Такога чалавек у сваім жыцьці ня можа перажыць. Так ці не?»
Тут я на сваёй радзіме ўночы ішла — знала, куды іду. А там і ўдзень ня ведала, куды ісьці. Гэта ж ня можна было зьнесьці.

Старая расказвае пра Ельскі раён як пра далёкую чужыну. Хоць да суседняга раёну кілямэтраў дваццаць. Зрэшты, якімі кілямэтрамі можна зьмерыць пачуцьцё радзімы?

Ева: «Як мы туды пераехалі, нам далі за гэту хату 9420 рублёў. Дык як мы туды пераехалі, тыя жыхары кажуць: „Няхай бы нас так выселілі. Грошай панабіралі, чарнобыльцы“. А я таго Чарнобыля і ня ведаю. Яны як скажуць мне гэта, мне нож па сэрцы. Я ж туды не хацела. Мне як прыйшлося зьяжджаці, сабака не хацеў ад радзімы адходзіць. А людзям як было цяжка?»

Карэспандэнт: «А як вярталіся?»

Ева: «Там нам хату далі добрую. Але халодная была. Божа мой! Клопат вялікі мелі. Там цяп-ляп. Пажылі год — падлога стала хістацца. Ведаеце, за паўгады трэба было хаты парабіці. Думала — як мяне пусьцяць дадому, дык я ніколі тут не застануся. Ніколі. Як хмара ідзе, я чыста ад душы вам кажу, дык я гляджу — хаця б там гром над хатай не грымеў».

Шлях дадому, нягледзячы на малую адлегласьць, ня быў лёгкім.

Ева: «Дык яшчэ ж не пускала міліцыя».

Карэспандэнт: «Вы сюды прарываліся з баямі…»

Ева: «Была. Прыехалі сюды. Той, што мяне перавозіў, памёр у Менску. Ад радыяцыі не схаваесься нідзе. Госпадзі! Як прыехала ў сваю хату, дык мне здавалася, што… Госпадзе, мой Госпадзе. Прыехалі другія, трэція, чацьвертыя, пятыя. Міліцыя не пускалі нас адразу. «Што яны робяць!» Ізноў нас высяляць. І мы з адной паехалі ў Мінск. Заехалі ў ЦК. Гэта яшчэ пры Саюзе было. «Ну, пабачым! Можа, мы вас і вернем».

Карэспандэнт: «Дзевяць тысяч пры вас засталіся?»

Ева: «Тыя грошы?»

Карэспандэнт: «Не забралі?»

Ева: «Назад? Не».

Карэспандэнт: «Ну, дзякуй богу».

Карэспандэнт: «Тут у вас такое месца незвычайнае. Сюды Аляксандар Рыгоравіч любіць прыяжджаць».

Ева: «Так».

Карэспандэнт: «Вы яго бачылі?»

Ева: «Бачылі. Гаварылі. «Як вам тут жыць?» — ён пытаўся. Мы сказалі, што і аўталаўка ходзіць, і сьвятло правялі, і тэлефоны правялі сюды. Усё ён распытаў так. А яшчэ… Адзін тут у нас такі граматны мужчына. П’янка ж тут такая. Дык ён зь ім усё бяседаваў. Дык ён кажа: «Знаеце, Аляксандар Рыгоравіч, ратуйце людзей ад гэтай п’янкі. Бо тут ужо няможна жыць. Ад п’янкі ратуйце людзей, бо ўся моладзь прападае. Лукашэнку гэта трошкі не спадабалася. І пасьля ён завяршыў, што — „а міліцыю трэба ўсю кадзіраваць. Уся міліцыя п’е“. Лукашэнку гэта не спадабалася».

Той граматны чалавек, які азадачыў першага прэзыдэнта, і зараз жыве ў Грыднях. 80-гадовы моцны весялун Аляксандар Кавальчук нікуды з радзімы і не зьяжджаў.


Аляксандар: «Дык я ж застаўся скаціну даглядаць. Патрэбны ж быў чалавек. Мяне пакінулі. Мне сьвятло правялі. Калгасны двор. Быкоў трэба ж паіць. Міліцыя тут была імпартная».

Карэспандэнт: «А што за імпартная міліцыя?»

Аляксандр: «Імпартная? Гэта прыяжджала міліцыя зь іншых вёсак і нас ахоўвалі. І ўжо мне весела стала. Паглядзелі, што мне добра, і сталі сюды ўжо ўсе зьяжджацца. І нас было 28 сем’яў. Так і засталіся».

Карэспандэнт: «А ня страшна было жыць аднаму ў такой вялікай вёсцы?»

Аляксандр: «Людзі да турмы прывыкаюць. Нічога страшнага, але сумна. Уявіце, выйдзеш на вуліцу, нідзе нічога няма. Каты каўкаюць, сабакі выюць».

Тое, што стары Аляксандар Кавальчук сказаў Аляксандру Лукашэнку ў 2004-м годзе, мяркуючы па цэнах на алькаголь, не дало чаканых вынікаў. Хоць стары падрыхтаваўся да сустрэчы з матэматычнай грунтоўнасьцю.

Аляксандр: «Да чаго ў нас даходзіць. Дванаццаць з паловай літраў чыстага сьпірту выпіта на кожны нос. За мінулы год. Гэта недзе, я падлічыў, па 60 бутэлек гарэлкі. У нас 53 нядзелі ў годзе. Кожную нядзелю ўсе покатам. А калі прыплюсаваць самагон, сурагаты, наркату? То пятніца і субота. Так? І дзяржава дапамагае. Чаму дапамагае? Раней гарэлка каштавала 2,52, 2,87 і 3,12. Пазьней стала даражэйшая. Гэта васямнаццаць буханак хлеба каштавала адна бутэлька. Зараз бутэлька да васьмі, а хлеб — 1700. Чатыры буханкі! Ну ня дарам гарэлка?»

Карэспандэнт: «І вы сказалі ўсё гэта адкрыта?»

Аляксандр: «Адкрыта сказаў».

Карэспандэнт: «А якая рэакцыя была?»
Ён мяне пытаўся — „дзе той дзед“. Сказалі, зуб балеў. Дык тут ужо прыяжджалі да мяне. Зубны ўрач прыяжджаў, на „хуткай“ лятаў.


Аляксандр: «Памаўчалі, дый усё. Пасьля гэтага прыяжджаў, але я не пайшоў. У мяне зуб балеў. Ён мяне пытаўся — „дзе той дзед“. Сказалі, зуб балеў. Дык тут ужо прыяжджалі да мяне. Зубны ўрач прыяжджаў, на „хуткай“ лятаў».

Карэспандэнт: «Друг прэзыдэнта!»

Аляксандр: «Паехалі! Паехалі!» Чаго я там ня бачыў?»

На тым пляцыку, дзе сядаў аўгусьцейшы верталёт, ходзіць вясёлая бабулька. Нібы чакае трэцяга прышэсьця.


Карэспандэнт: «Ну, вы не шкадуеце, што вярнуліся?»

Надзея: «Не, не шкадую. Адно шкадую, што мужык памёр. Мы самі паехалі на Віцебшчыну. А ўсіх у Ельскі раён. Ніхто не прыжыўся там».

Карэспандэнт: «Кажуць, што сюды да вас Аляксандар Рыгоравіч завітваў?»

Надзея: «Кожны год. Кожны год ён тут у нас. І малако піў. І ўсё ўсякае».

Карэспандэнт: «І што расказваў?»

Надзея: «Ну што ён расказваў? „Жывіце“, — кажа».

Карэспандэнт: «Малака пап’е і скажа: «Жывіце».

Надзея: «Ой, якое, — кажа, — ваша смачнае малако. Жывіце і глядзіце гаспадарку».

Карэспандэнт: «А народ зьбіраўся глядзець на яго?»

Надзея: «Ну а як жа!»

Карэспандэнт: «А якія-небудзь пытаньні задавалі яму?»

Надзея: «Дык калі б хто дапусьціў блізка! І з Нароўлі прыяжджалі, і зь Вербавіч. І зараз чакаюць, што ён прыедзе. І платы ж паставілі новыя. Чакаюць, што павінен прыехаць».

Карэспандэнт: «А ён усё ня едзе і ня едзе…»

Надзея: «Ну ўжо ж у Мазырскім раёне быў».

Карэспандэнт: «А, дык ён на падыходзе…»

Надзея: «Можа, прыедзе. А можа, і не прыедзе. Я ж ня ведаю. У Мазырскім раёне, дзе кукурузу сеюць, ён там быў. Выступаў».

Карэспандэнт: «Усё ж я не разумею. Ён прыехаў у Грыдні. І людзям немагчыма было падысьці пагаварыць?»

Надзея: «Ну як? Гаварылі, расказвалі яму ўсё. Ён слухаў і слухаў. Ну, што? Ён жа адзін. А нас жа багата. Уся Беларусь на ім вісіць».

Карэспандэнт: «Непад’ёмным грузам».

Надзея: «Той пра пэнсію гаворыць. Што малая пэнсія. Той тое, той сёе. А ён жа ж адзін».

Карэспандэнт: «А пасьля адмены ільготаў ён заяжджаў?»

Надзея: «Не, не было».

Карэспандэнт: «Больш малака не захацелася».

Надзея: «Чакаюць, што павінен прыехаць. Але будзе ці ня будзе, ня ведаю».