Кампанія «Гавары праўду!» выступіла з ініцыятывай перайменаваць сталічную вуліцу Ульянаўскую ў вуліцу Васіля Быкава, а таксама прысвоіць імя народнага пісьменьніка адной са станцыяў мэтро, што будуюцца. Сёньня лідэры кампаніі «Гавары праўду!», вэтэраны вайны, грамадзкасьць на Ўсходніх могілках усклалі кветкі да магілы пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава.
Да магілы Быкава прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх — літаратары Ўладзімер Някляеў, Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч, прафэсар Генадзь Грушавы, гросмайстар Віктар Купрэйчык, удава пісьменьніка Ірына Быкава, вэтэран вайны Зінаіда Чыкава, былы партызан Іван Кладаў. Лідэр кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімер Някляеў кажа:
«Васіль Быкаў — гонар нацыі. Для сёньняшніх беларусаў ён найпершы, найгаднейшы сын свайго народу. Для ўсіх беларусаў, апроч улады, якая нічога не зрабіла дзеля таго, каб ушанаваць памяць найслыньнейшага сына Беларусі. На ягонай магіле нават камень фінскі. У наступным годзе — юбілей Быкава, 90-годзьдзе. Дзе вуліца Васіля Быкава ў Менску? Кампанія «Гавары праўду!» абвяшчае сёньня пачатак акцыі «Менску — вуліцу Васіля Быкава».
Вэтэран вайны, былая настаўніца Зінаіда Чыкава выкладала гісторыю па творах Быкава:
«Шкада, канечне, што зараз скажаюць гісторыю. Але мы дамагаемся, каб праўда, якая напісаная ў творах Васіля Быкава, дайшла да кожнага жыхара Зямлі. Ніколі не забудзем яго яркія, праўдзівыя творы пра вайну».
На магілу Васіля Быкава кветкі прынёс і міжнародны гросмайстар Віктар Купрэйчык:
«Я — чытач. Як мог, чытаў, рабіў свае высновы. Зразумеў, што гэта пісьменьнік, які ставіў пытаньні, у які бок ісьці — да праўды ці да ілжы. Чытаючы Васіля Быкава, мне здавалася, што гэта чалавек, які верыў, што годнасьць чалавека — гэта галоўнае».
На мітынгу пранікнёна выступілі літаратары Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч. Удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава падзякавала ўсім прысутным:
«Паклон вам нізкі за гэтую памяць. За Васіля, за Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна. Пастарайцеся быць шчасьлівымі, здаровымі. Дзякуй вам!»
З 9 траўня, у Дзень Перамогі пачынаецца збор подпісаў за вуліцу Быкава, а завяршыць яго плянуецца 22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны. Спадар Някляеў нагадаў, што Быкава праводзілі ў апошні шлях 50 тысяч чалавек. Таму ён перакананы, што ўдасца сабраць ня менш за 50 тысяч подпісаў, а калі трэба — і сотні тысяч, і мільён. Падпісныя лісты будуць накіраваныя ў камісію па найменаваньні вуліц Менгарвыканкаму.