Рэспубліка Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці "Ўсходняга партнэрства" і разглядае гэтую праграму як дастаткова цікавы інструмэнт для разьвіцьця адзінай эканамічнай прасторы ў рэгіёне вялікай Эўропы.
Пра гэта заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
"Упэўнены, што мы маглі б нядрэнна супрацоўнічаць у пытаньнях дывэрсыфікаванага і доўгатэрміновага энэргазьберажэньня і энэргатранзыту, сумяшчальнасьці і ўзаемнай інтэграцыі электраэнэргетычных сетак і, магчыма, нават стварэньня адзінага энэргетычнага рынку. Мы зацікаўленыя ў пашырэньні крэдытна-інвэстыцыйнага супрацоўніцтва зь фінансавымі інстытутамі ЭЗ і яго краінамі-сябрамі. Мы актыўна супрацоўнічаем зь іншымі ўдзельнікамі праграмы з Усходняй Эўропы, практычна з усімі, па рэалізацыі сумесных рэгіянальных праектаў і выпрацоўцы адзіных падыходаў да працэдуры іх рэалізацыі. Рэспубліка Беларусь выступіла з ініцыятывай стварэньня Ўсходняга форуму разьвіцьця ў рамках праграмы, які стаў бы пляцоўкай для кантактаў і ўзаемадзеяньня дзелавых колаў краін-партнэраў.
Мы мяркуем, што гэтая праграма магла б стаць дадатковым элемэнтам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы ў кантэксьце ўзаемадзеяньня з ЭЗ.
Разам з тым праграма пакуль разьвіваецца досыць марудна. На сёньня ЭЗ пакуль не завяршыў стварэньне працэдурных умоваў, неабходных для ажыцьцяўленьня праектнай дзейнасьці. Відаць, рэалізацыя праектаў за кошт бюджэту ЭЗ пачнецца не раней за 2011 год. Тым ня менш мы з аптымізмам глядзім на будучыню гэтага пачынаньня і плянуем канструктыўна працаваць у рамках праграмы".
На пытаньне, чаму дагэтуль шэнгенскія візы для беларусаў каштуюць 60 эўра, спадар Савіных адказаў, што Беларусь "зрабіла вельмі сур'ёзныя адміністрацыйныя крокі па спрашчэньні візавых працэдур для грамадзянаў ЭЗ". Цяпер грамадзянін ЭЗ можа атрымаць візу за 2—3 дні, запаўняецца мінімум дакумэнтаў, ёсьць нават працэдура атрыманьня візы за адну гадзіну ў амбасадзе, у шэрагу краінаў дакумэнты перасылаюцца поштай. Паводле спадара Савіных, узровень спрашчэньня адміністрацыйных працэдур выдачы беларускіх візаў вельмі высокі.
"Калі б мы дасягнулі б хаця б такога ўзроўню з боку ЭЗ, гэта ўжо быў бы вялікі крок наперад. Ня кажучы ўжо пра скарачэньне кошту візаў. Нашы прапановы перададзены ў ЭЗ. Мяч на іх баку".