У Празе будзе устаноўленая шыльда ў гонар Ларысы Геніюш

Праскі дом, у якім жыла Ларыса Геніюш

Падведзены вынікі конкурсу на найлепшы праект мэмарыяльнай шыльды ў гонар Ларысы Геніюш. Яе маюць устанавіць на доме №7 на вуліцы Гэржманава ў Празе, дзе жыла паэтка да яе зьняволеньня савецкімі спэцорганамі ў 1948 годзе. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Гэнік Лойка.

Конкурс быў абвешчаны грамадзкім аргкамітэтам, утвораным для падрыхтоўкі сьвяткаваньня стагодзьдзя Ларысы Геніюш, якое будзе сёлета 9 жніўня. У праграме аргкамітэту ў ліку іншых пашанотных імпрэзаў мяркуецца і ўстанаўленьне шыльды на доме ў Празе, дзе прайшлі, можа быць, самыя шчасьлівыя гады паэткі. Менавіта такой, маладой, прыгожай і летуценнай, выявіў яе ў сваім праекце пераможца конкурсу.

“Я паглядзеў яе фатаздымкі, – расказвае Гэнік Лойка, – і там ёсьць цэлая нізка, на якіх яна маладая, усьміхаецца. Выбраў з гэтых здымкаў адзін, на якім яна з такім арыгінальным цікавым паваротам паглядае праз плячо”.

Згаданы спадаром Лойкам фатаздымак якраз і належыць да праскага пэрыяду жыцьця Ларысы Геніюш. Яго скульптар узяў за аснову свайго праекту.

Цяпер у спадара Лойкі задача перавесьці эскіз шыльды ў натуральную велічыню і адліць яго ў мэтале. Ён абраў ня звыклую цяжкую бронзу, а лёгкі сплаў сылюмін, які, на думку аўтара, найбольш адпавядае ўзьнёсламу вобразу тагачаснай паэткі.

Шыльду ў гонар Ларысы Геніюш аргкамітэт мяркуе ўстанавіць у Празе да 9 жніўня. Патрэбныя фармальнасьці з чэскімі ўладамі ўжо палагоджаныя.