Дзяржаўны мытны камітэт працягвае адстойваць права беларускіх аўтааматараў плаціць у рамках Мытнага саюзу таннае мыта на ўвезеныя машыны. Між тым палёгка можа абярнуцца іншай крайнасьцю: калі нізкія пошліны для грамадзянаў Беларусі захаваюцца, ня выключана, што вернецца абмежаваньне на продаж транспартных сродкаў. У прыватнасьці, улады разглядаюць такі варыянт, пры якім прадаць аўтамабіль можна будзе не раней чым праз 2—3 гады пасьля куплі. У іншым выпадку трэба будзе выплаціць высокае мыта.
Мыта на імпартаваныя аўтамабілі для фізычных асобаў у Беларусі можа захавацца на цяперашнім узроўні, але з правам продажу машыны раз на тры гады. Прынамсі, такая прапанова абмяркоўваецца экспэртамі Беларусі, Расеі і Казахстану і будзе разглядацца кіраўнікамі ўрадаў 21 траўня на пасяджэньні Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС.
Гандляры на аўтамабільных рынках, якія па 10—15 гадоў займаюцца ўвозам і продажам аўтамабіляў, да падобнай пэрспэктывы ставяцца неадназначна. З аднаго боку, давядзецца зноў падключаць падстаўных асобаў, на якіх будуць афармляцца машыны. Зь іншага — магчымасьць захаваньня старога мыта ўсё ж больш прыемная навіна, чым 10-разовае падвышэньне выдаткаў у выпадку ўніфікацыі пошлінаў з Расеяй. Гаворыць перагоншчык Юрый, які базуецца на аўтарынку "Малінаўка":
"Сёньня чуў пра гэта па радыё: захаваньне мыта, але бяз права адчужэньня на нейкі тэрмін. Ну што тут можна сказаць? Думаю, што для фізычных асобаў такі варыянт нармальны. Гэта ўсё ж лепш, чым плаціць папросту неадэкватныя пошліны. Што да юрыдычных асобаў, то для іх сытуацыя ненармальная ўжо з 1 студзеня, калі пачалі дзейнічаць такія мытныя стаўкі. Але адносна магчымай забароны на продаж цягам некалькіх гадоў, то пакуль нічога пэўнага сказаць не магу. Будзем чакаць, калі яны ўжо канкрэтна прымуць закон. Але неяк, думаю, можна будзе вырашыць гэтыя праблемы".
Кіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэту тлумачыць: захоўваючы цяперашнія пошліны, давядзецца ахвяраваць нечым іншым. Нагадаем, што пытаньне мыта на аўтамабілі для фізычных асобаў у межах Мытнага саюзу павінна вырашыцца да 1 ліпеня. Аднак, мяркуючы па "інтэнсіўнасьці перамоваў", плянуецца ўрэгуляваць яго ўжо ў траўні.
Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка кажа: у сытуацыі, калі валюта не паступае ў бюджэт стабільна, улады ня будуць цурацца любых спосабаў зарабіць на жаданьні людзей пэрыядычна абнаўляць свой аўтапарк:
Нічога добрага ніводзін варыянт. Бо відавочна, што ўсё робіцца дзеля таго, каб узяць пад кантроль.
"Вядома, нічога добрага гэта не нясе. Ніводзін варыянт. Бо відавочна, што ўсё робіцца дзеля таго, каб узяць пад кантроль. Зразумела, што адкрыта ніхто ня скажа — маўляў, мы зараз вас прыцісьнем. Але калі хочаш, дык за задавальненьне плаці! Плаціў тысячу даляраў за растаможку, а зараз, умоўна кажучы, тры тысячы будзеш. Захочаш прадаць больш — зноў будзеш плаціць. І нездарма ўзяліся за перагоншчыкаў, за дылераў, бо насамрэч на гэтым дзяржава губляла вялізныя грошы. Нават сярод маіх знаёмых чалавек за нейкія парушэньні апынуўся на Валадарцы, досыць працяглы пэрыяд там правёў, бо я не адразу яго пазнаў. Ідзе і псыхалягічны ціск, і ўсялякі іншы".
Пасьля таго, як дзяржаўныя ведамствы акрэсьлілі верагоднасьць захаваньня мытнай пошліны на ранейшым узроўні, пакупніцкі ажыятаж зьнізіўся. Людзі перасталі скупляць машыны "на ўсялякі выпадак", не зазіраючы нават пад капот. Як кажа перагоншчык з аўтарынку "Ждановічы", апэтыты гандлярам давялося крыху ўрэзаць. Аднак ахвотных прадаць машыну меней ня стала — у чаканьні горшых часоў шмат хто набраў на рэалізацыю па 5—10 аўтамабіляў, якія гатовыя завіснуць мёртвым грузам:
"Кошты крыху панізіліся — фактычна да ўзроўню, які папярэднічаў ажыятажу. Але чэргі шалёныя. У чацьвер людзі едуць у Менск за 300 кілямэтраў, толькі каб заняць чаргу на суботу. Але могуць сюды прыехаць і не загнаць нават на тэрыторыю рынку! Столькі ахвотных! Увогуле чыноўнікі сваімі прыдумкамі наконт мытных саюзаў ды іншага стварылі сапраўдны дурдом".
Паводле неафіцыйных дадзеных, у Беларусі блізу 10 тысяч чалавек стала займаюцца ўвозам і продажам аўтамабіляў. Сёлета ў першым квартале на хвалі ажыятажу ўвезеныя 44 тысячы аўто — удвая больш, чым за аналягічны пэрыяд летась. Практычна ўвесь аб'ём імпарту — амаль 98% — забясьпечылі прыватнікі. Юрыдычныя асобы за тры месяцы завезьлі толькі 860 аўтамабіляў, што ў 20 разоў менш, чым у студзені-сакавіку 2009-га.