Алесь Клышка: “Сур'ёзныя справы нельга адкладаць на пасьля”

Алесь Клышка

Да Дня Перамогі сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Клышка выдаў кніжку “Мінская зямля”. У кнізе – выкладзеныя ў вершаванай форме паваенныя ўспаміны аўтара, а таксама аповед старэйшай сястры Ірыны пра жыцьцё пад акупацыяй. Сам Алесь Клышка называе “Мінскую зямлю” сваім найбольш асабістым творам. І ня толькі таму, што твор у сваёй аснове аўтабіяграфічны, але й таму, што там паказана жыцьцё звычайнага чалавека-гараджаніна на няпростым гістарычным зломе.

Алесь Клышка нарадзіўся праз чатыры гады пасьля вызваленьня Беларусі, аднак цягам усяго дзяцінства вайна нагадвала пра сябе разбуранымі вуліцамі і будынкамі, агульнай неўладкаванасьцю, павальным дэфіцытам самых неабходных рэчаў. Вайны не чакалі, але доўгія гады даводзілася змагацца зь яе наступствамі:

Cа слоў бацькоў...
Квітнела лета,
Гучала радыё саветаў,
Непераможнасьць абяцала
Ад Брэсту зь Менскам – да Ўралу.
Нядзельны панаваў настрой.
У гімнасьцёрцы, з кабурой
Мой бацька келіх падымаў, –
Дух пераможны панаваў.
Вайскоўцы ўсе адпачывалі...
А блізка ўжо была бяда,
І хутка ўсё сатрэ вайна
Бязь літасьці і без спагады.
Ну, а пакуль былі ўсе рады,
Бо мелі ў горад увальненьне.
І раптам – выклік, пастраеньне...


У прадмове да “Мінскай зямлі” рэдактар кнігі Сяргей Чыгрын зазначыў: пра сталіцу ў нас напісана шмат, але Алесь Клышка зрабіў гэта па-свойму арыгінальна і шчыра. Праз уласныя ўспаміны паказаў пасьляваеннае жыцьцё, а праз згадкі сястры Ірыны – поўнае складанасьцяў існаваньне ў акупаваным горадзе. Паэма – маленькі гімн Менску, менскай зямлі і менчукам.

Сам Алесь Клышка гаворыць, што толькі адносна нядаўна зьявілася магчымасьць публічна гаварыць на тэму, якую партыйныя ўлады намагаліся замаўчаць – жыцьцё пад акупацыяй, з усімі яго выдаткамі і цяжкасьцямі:
Нам трэба памятаць: дзьве трэція гараджанаў засталіся ў акупацыі...


“Што да нямецкай акупацыі, то нам трэба памятаць: дзьве трэція гараджанаў засталіся ў акупацыі. Проста фізычна людзі не пасьпелі выйсьці з гэтага менскага катла. Дый увогуле трэба сказаць: партыйнае кіраўніцтва на той час не зрабіла намаганьняў, каб людзей найхутчэй вывезьці зь Менску. Першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка ў гутарцы са Сталіным (і гэта дакумэнтальна пацьверджаныя дадзеныя) у адказ на пытаньне, ці пасьпелі ўсе менчукі выйсьці з гораду, адказаў: “Так, усе пасьпелі. Засталіся толькі здраднікі і тыя, хто хацеў сустрэць хлебам-сольлю немцаў”. І я так палічыў: калі бацька яшчэ здолеў прарвацца і ўсю вайну правёў на фронце, то маці, якая на той час працавала адказнай рэдактаркай беларускага радыё, з трыма маленькімі дзецьмі 9 месяцаў, 5 і 7 гадоў, вымушаная была застацца тут. Таму выглядае, што і мая маці, як акрэсьліў Панамарэнка, таксама трапіла ў гэтае кола здраднікаў”.

І ў паэме, і ва ўспамінах старэйшай сястры Алесь Клышка згадвае эпізод, які яскрава характарызуе рэаліі акупаванага гораду. Ён кажа, што праявы чалавечнасьці не залежаць ад нацыянальнасьці:
Я згадаў у кнізе момант, калі паміраў мой старэйшы брат і немец ратаваў гэтае немаўлятка...

“У немцаў служылі такія ж людзі, як і ў цывільным грамадзтве: інтэнданты ў войску, дактары. Я згадаў у кнізе момант, калі паміраў мой старэйшы брат і немец ратаваў гэтае немаўлятка. Праз пэўны час немец прыйшоў, наведаў, прынёс цукеркі, зрабіў перавязку – хоць ніхто яго на гэта не ўпаўнаважваў. Думаю, што трэба казаць і аб гэтым: было жыцьцё, дзейнічалі прадпрыемствы, людзі хадзілі на працу, атрымлівалі заробкі. Яны хадзілі на рынак, куплялі прадукты, мелі разьліковыя рахункі на сваёй працы. Гэта натуральна, што жыцьцё працягвалася. Людзі жылі тым жыцьцём, якое было звычнае ў мірны час. Так што ня ўсё так было, як нам у школе казалі ці мы чыталі раней ва ўспамінах пэўных людзей. Былі старонкі чулага, чалавечага стаўленьня людзей адзін да аднаго”.

Некалькі гадоў таму Алесь Клышка цяжка захварэў: дакладнага дыягназу лекары ня могуць паставіць дагэтуль. Кажа, што ў той момант моцна пакутаваў яшчэ і ад таго, што не пасьпее рэалізаваць ня толькі навуковых, але і творчых задумаў. І, сьцяўшы зубы, узяўся за работу:

“І вось калі я апынуўся на гэтым хваробным ложку, то зразумеў, што сваёй мары магу не пасьпець проста зьдзейсьніць. І вось кволай рукой я стаў занатоўваць маленькія кавалачкі тых успамінаў, як я іх бачыў. Я ня правіў іх, не рэдагаваў, і дзесьці за два месяцы асноўны матэрыял і зьявіўся. Прайшоў пэўны час, і я пераканаўся: усё трэба рабіць своечасова”.

Цяпер, увасобіўшы ідэю “Мінскай зямлі”, Алесь Клышка не адмаўляецца і ад плянаў на будучыню. Прынамсі пра гэта сьведчаць і апошнія радкі ягонай паэмы:

Усё ідзе ад каранёў,
Ад родных вёсак і палёў,
Бацькоўскай хаты, роднай мовы –
Тым толькі нацыя здарова.
Хто ганарыцца краем родным –
Той па жыцьці ідзе свабодна.
Падмуркі, камяні сьвятыя
Ніколі вораг не адніме,
Бо гэта – спадчына бацькоў
І продкаў нашых – менчукоў.
Тых, хто наш горад заснаваў
І за ЗЯМЛЮ жыцьцё аддаў.

Алесь Клышка нарадзіўся ў 1948 годзе ў Менску. Навуковы супрацоўнік НДІ фізычна-хімічных праблемаў, кандыдат тэхнічных навук. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Аўтар кніг вершаў “Ад каранёў да кроны”, “Далёкае – блізкае”, “Абярог”, “Мінская зямля”; укладальнік гістарычнай кнігі “Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева”. У суаўтарстве з манахам Мікалаем (паэтам Зьнічом) выдаў кнігі “Жыровіцкія камяні”, “Шлях да Жыровічаў”. Аўтар шэрагу аўдыёкніжак.